Стратегия организационного развития Движения «За Свободу»

Асноўныя палажэнні

стратэгіі арганізацыйнага развіцця Руху “За Свабоду“


Місія Руха:

Місіяй Руху “За Свабоду” з’яўляецца пабудова незалежнай, праеўрапейскай Беларусі, дзе будуць надзейна абаронены правы і свабоды грамадзян праз вяршэнства права, а дабрабыт грамадзян дасягне еўрапейскага ўзроўню. Рух “За Свабоду” аб’ядноўвае прыхільнікаў нацыянальнага адраджэння, дэмакратычных правоў і свабодаў, якія дзейнічаюць на аснове еўрапейскіх каштоўнасцяў.

Дзейнасць арганізацыі накіравана на змену беларускай грамадскай думкі на карысць базавых еўрапейскіх каштоўнасцяў (вяршэнства права, рынкавая эканоміка, дэмакратыя, правы чалавека, грамадзянская супольнасць, мясцовае самакіраванне, экалагічнае асяроддзе, адсутнасць дыскрымінацыі ўразлівых групаў) праз адпаведную адукацыйна-асветніцкую дзейнасць, узмацненне і пашырэнне арганізацыйных структур Руху, дасягнення правядзення першых сапраўдных выбараў, у якіх Рух будзе ўдзельнічаць як адна з самых вядомых, уплывовых і аўтарытэтных палітычных сіл Беларусі.

Рух у дзейнасці апелюе да трох асноўных відаў каштоўнасцей, якія ўласцівыя пэўным сацыяльным групам у беларускім грамадстве, якія арганізацыя разглядае ў якасці сваёй мэтавай аўдыторыі:

  • Культурна-цывілізацыйныя каштоўнасці (нацыянальнае адраджэнне, мова і культура, свабода і незалежнасць Беларусі, еўрапейскія каштоўнасці (вяршэнства права, рынкавая эканоміка, дэмакратыя, правы чалавека, грамадзянская супольнасць, мясцовае самакіраванне, экалагічнае асяроддзе, адсутнасць дыскрымінацыі ўразлівых групаў);

  • Грамадзянскія каштоўнасці (Беларусь як новая, пост-аўтарытарная, сучасная, адрозная, базуецца на моцнай грамадзянскай супольнасці, свабода ў шырокім сэнсе вызнаецца грамадзянінам як адна з ключавых індывідуальных і агульнанацыянальных каштоўнасцей, актыўны грамадзянін знаходзіцца ў цэнтры як галоўны элемент палітычнай і сацыяльнай мадэлі);

  • Каштоўнасці ладу жыцця (Беларусь – краіна для людзей (замест папярэдняй мадэлі, якая, нягледзячы на спекуляцыю канцэптам “сацыяльна-арыентаванай дзяржавы”, насамрэч будавалася па прынцыпе “чалавек – для дзяржавы”). Адпаведная сучасным стандартам якасць жыцця і дабрабыт людзей, а таксама ўзровень індывідуальнай і агульнанацыянальнай бяспекі – адны з галоўных крытэраў паспяховасці сацыяльнай мадэлі).

Бачанне Руха “За Свабоду” да 2022 году:

Партыйна-палітычны складнік:

Рух з’яўляецца паспяховай дэмакратычнай сілай, у якой дзейнічаюць еўрапейскія стандарты арганізацыйнага развіцця і якая мае сваё прадстаўніцтва ў большасці адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках краіны, а ў кожным горадзе з насельніцтвам больш за 50 тысяч Рух мае не менш за 20 сябраў. Такім чынам, к канцу 2020 гг. у арганізацыі налічваецца 1000-1200 сябраў. Пры наяўнасці спрыяльных умоваў арганізацыя гатовая ў самыя сціслыя тэрміны выканаць усе патрабаванні для эфектыўнага вырашэння палітычнай павесткі дня арганізацыі.

Шэраг сябраў Руху і экспертаў з яго супольнасці – лідары думак у сваіх рэгіёнах. Кожны трэці выбаршчык краіны ведае Рух і яго мэты, а 10% выбарцаў гатовыя прагаласаваць за кандыдатаў Руху на выбарах. Удзел Руху ў палітычных кампаніях мае выразны і дакладны мэсэдж і вынікі.

Адпаведна ў прэзідэнцкай кампаніі Рух імкнецца выставіць свайго кандыдата (аптымальны сцэнар) або падтрымаць таго, хто падзяляе асноўныя каштоўнасці Руху.

Грамадска-адвакацыйны складнік:

Разам з партыйна-палітычным складнікам сваёй дзейнасці Рух натуральным чынам захоўвае і развівае грамадска-адвакацыйны складнік дзейнасці, як неабходны базіс захавання сувязяў з разнастайнымі плынямі ў грамадстве і мэтавымі групамі. Арганізацыя ўсімі сваімі нацыянальнымі і рэгіянальнымі структурамі актыўна удзельнічае ў грамадска-палітычных кампаніях, маючы дакладны праеўрапейскі мэсэдж і пазітыўныя вынікі, якія абагульняюцца ў адмысловых дакументах.

Рух праводзіць паспяховыя адвакацыйныя кампаніі ў інтарэсах сваіх мэтавых груп, валодае тэхналогіямі эфектыўнай адвакацыі як на нацыянальным, так і на мясцовым узроўні, умее эфектыўна вызначаць і працаваць з актуальнымі “гарачымі” тэмамі для павышэння сваёй пазнавальнасці і падтрымкі ў беларускім грамадстве.

Арганізацыйны патэнцыял:

Рух мае свой уласны пул лідараў думкі на нацыянальным узроўні, якія прадстаўляюць арганізацыю (няма патрэбы дзяліць гэты пул з іншымі палітычнымі гульцамі). Вакол арганізацыі таксама дзейнічае супольнасць, якая аб’ядноўвае экспертаў, якія кансультуюць арганізацыю па розных тэматычных пытаннях, а таксама могуць спрыяць трансфармацыі Беларусі ад аўтарытарнага рэжыму да дэмакратычнага ладу, ствараючы адмысловыя інтэлектуальныя прадукты.

Дасягнутае адносна ўстойлівае фінансавае становішча арганізацыі (у тым ліку часткова за кошт унутраных беларускіх рэсурсаў).

Адукацыцыя для моладзі

Рух стала арганізуе як мінімум два буйных адукацыйных мерапрыемства ў год (Летняя Школа Руху з рэгіянальным кампанентам, летнікі і г.д.) для актыўнай моладзі для пашырэння сярод мэтавай аўдыторыі разумення важнасці еўрапейскага выбару Беларусі. У якасці выкладчыкаў у гэтых мерапрыемстваў удзельнічаюць вядомыя ў Беларусі эксперты (эканамісты, палітыкі, палітолагі і г.д.), у якасці студэнтаў – не заангажаваная ў іншыя грамадскія і палітычныя структуры моладзь ад 18 да 30 год.

Дасягнуты ўзровень прахаджэння за год праз адукацыйныя мерапрыемствы Руху да 150 чалавек, з тым, каб да 20% ад студэнтаў працягвалі працу ў межах арганізацыі.

Мэтавыя групы:

Сябрамі Руха становяцца пераважна грамадзяне з праеўрапейскімі поглядамі, прыхільнікі мірных дэмакратычных пераўтварэнняў, у якіх свабода ўваходзіць у лік прыярытэтных каштоўнасцяў. Гэтыя людзі валодаюць аналітычнымі здольнасцямі, неабыякавыя да праблем грамадства і рэагуюць на важныя для краіны тэмы і падзеі.

Рух вызначае наступныя прыарытэтныя мэтавыя групы ў беларускім грамадстве, з якімі варта працаваць дзеля пашырэння кола арганізацыі:

  • Валанцёры і прыхільнікі Руха;

  • Студэнцкая моладзь, якая праяўляе цікаўнасць да беларускіх спраў і павагу да еўрапейскіх каштоўнасцяў;

  • Маладыя пенсіянеры, якія пазбавіліся дзяржаўнага ціску і жадаюць сябе рэалізаваць у грамадскай актыўнасці;

  • Маладыя сем’і, неабыякавыя да праблем грамадства;

  • Спецыялісты сферы сучасных інфармацыйных тэхналогій;

  • Прадпрымальнікі, якія зацікаўлены ў развіцці сваёй дзейнасці і агульных правіл у краіне адпаведна еўрапейскім стандартам бізнесу;

  • Людзі з праеўрапейскімі поглядамі, вышэйшай адукацыяй, прыхільнікі мірных дэмакратычных пераменаў.

Задачы \ Чаканыя вынікі 2018-2022

За мінулыя гады існавання Рух “За свабоду” ужо выпрацаваў пэўныя накірункі і фарматы сваёй дзейнасці адпаведна сваім мэтам і задачам (удзел у электаральных кампаніях, «Народная праграма», штогадовая вечарына Гавела, прэмія “За свабоду думкі” імя Быкава, Летняя школа, Еўрапейскія клубы і інш.). Шмат што у гэтай дзейнасці добра адладжана і мае працягвацца. У той жа час на дадзеным этапе развіцця арганізацыі прысутнічае шэраг фактараў, якія ўплываюць на працэсна-праграмную дзейнасць Руха і падштурхоўваюць да больш якаснага планавання задач 2018-2022 гг. З большым акцэнтам на канкрэтны вынік (у першую чаргу у логіцы стратэгічнага развіцця). Сярод такіх ключавых фактараў важна адзначыць наступныя:

  • Вялікая доля новых сябраў Руху, якія далучыліся да арганізацыі за апошні два-тры гады (25% ад агульнай колькасці (187 з 750));

  • Знаходжанне арганізацыі ў працэсе трансфармацыі і пошуку новай / больш рэлевантнай сітуацыі рамкі задач і прыарытэтаў;

  • Недахоп рэсурсаў для рэалізацыі праграмных задач, таксама сітуацыю ускладняе істотнае зніжэнне рэсурснай падтрымкі цягам апошніх год;

З мэтай большай мэтанакіраванасці і працы, арыентаванай на вынік (Result Based Approach), Рух вызначае для сябе дзве асноўныя задачы \ прыярытэты на перыяд 2018-2022 гг., якія зыходзяць з логікі стратэгічнага планавання і апісваюцца ў форме чаканых вынікаў. Да 2022 году:

  1. Далучаюцца ініцыятыўныя людзі, якія стабільна падзяляюць каштоўнасці Руху, гатовы стаць заснавальнікамі партыі.

  2. Рух эфектыўна карыстаецца палітычна\грамадска перспектыўнымі “гарачымі” сітуацыямі ў беларускім грамадстве для сваіх мэтаў і рэалізуе кампаніі адвакацыі.

Асноўныя кампаненты \ крокі:

  1. Стварэнне ідэалогіі;

  2. Працяг працы над стварэннм праграмы (вызначэнне мэтавых групаў і тэматычных мэтаў (адукацыі, сацыяльнай палітыкі, знешняй палітыкі, эканоміка і інш.);

  3. Разгалінаваная тэрытарыяльная сетка прадстаўніцтваў;

  4. Не менш за 1200 актывістаў, гатовых прыняць удзел у стварэнні партыі;

  5. Распрацаваны і рэалізаваны план дзейнасці Руху на 2019-2022.