Новая система образования для европейского будущего

  • Сістэма адукацыі павінна рыхтаваць навучэнцаў не да здачы іспытаў, а да жыцця. Выпускнікі мусяць валодаць кампетэнцыямі, якія запатрабаваны на беларускім і на сусветным рынках працы.
  • Замест абавязковага размеркавання выпускнікоў – дапамога з боку ВНУ сваім выпускнікам знайсці першае месца працы. Выпускнік мае права, але не абавязаны звяртацца па гэтую дапамогу.
  • ВНУ павінны зрабіцца нацыянальнымі і пры гэтым уключанымі ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі (ЕПВА), гэта значыць удзельнічаць у Балонскім працэсе.
  • Вядучую ролю ў рэфармаванні сістэмы адукацыі мусіць мець не дзяржава, а самі ВНУ праз механізмы акадэмічнага і студэнцкага самакіравання ў адпаведнасці з еўрапейскім прынцыпам універсітэцкай аўтаноміі.

Праблемы

  • Адукацыя ў Беларусі не гарантуе высокай кваліфікацыі выпускнікоў, іх запатрабаванасць на рынку працы, не адпавядае еўрапейскім стандартам.
  • Пры далучэнні да Балонскага працэсу Беларусь узяла на сябе абавязак да 2019 году прыняць Нацыянальную рамку кваліфікацый вышэйшай адукацыі, якая складаецца з двух ступеняў (бакалаўрыят і магістратура), а таксама правесці іншыя рэформы, сярод якіх наданне рэальнай аўтаноміі ВНУ і адмена прымусовага размеркавання выпускнікоў - гэтыя абавязацельствы не выконваюцца.
  • Немагчыма атрымаць вышэйшую адукацыю цалкам на беларускай мове, роўна як штучна ўскладнены выбар беларускай мовы навучання на ўсіх іншых этапах адукацыйнага працэсу.
  • Акадэмічная мабільнасць як для навучэнцаў, так і для выкладчыкаў ускладнена бюракратычнымі перашкодамі і нізкім узроўнем валодання замежнымі мовамі.
  • Акадэмічныя этыка і свабода сістэмна парушаюцца, асабліва абмяжоўваюцца грамадска-палітычная дзейнасць студэнтаў і выкладчыкаў.

Стратэгічныя кірункі вырашэння

Беларусь мусіць выканаць узятыя на сябе абавязкі ў межах далучэння да Балонскага працэсу і правесці комплекснае рэфармаванне сістэмы адукацыі ў духу дэсаветызацыі і еўрапеізацыі. Вядучую ролю ў рэфармаванні сістэмы адукацыі мусіць мець не дзяржава, а самі ВНУ праз механізмы акадэмічнага і студэнцкага самакіравання ў адпаведнасці з еўрапейскім прынцыпам універсітэцкай аўтаноміі.

Рэформа мусіць у сябе ўключаць розныя элементы – ад арыентацыі на шчыльнае ўзаемадзеянне з рынкам працы да імплементацыі ў беларускіх ВНУ ідэй, каштоўнасцяў і прынцыпаў, якія ляжаць у аснове еўрапейскай адукацыйнай сістэмы.

1. Сістэма адукацыі павінна рыхтаваць навучэнцаў не да здачы іспытаў, а да жыцця. ВНУ мусяць дбаць пра запатрабаванасць кампетэнцый сваіх выпускнікоў на беларускім і сусветным рынках працы.

Для гэтага ВНУ мусяць быць гнуткімі ў фармаванні навучальных праграм, супрацоўнічаць у іх выпрацоўцы з бізнес-асацыяцыямі і прафесійнымі супольнасцямі, павялічыць у навучальным плане долю практыкаарыентаваных заняткаў. У Беларусі мусіць быць сфармаваная Нацыянальная рамка кваліфікацый вышэйшай адукацыі.

2. Еўрапейскі шлях. Далучыўшыся да Балонскаму працэсу, Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (ЕПВА), Беларусь афіцыйна зрабіла выбар на карысць еўрапейскай мадэлі развіцця вышэйшай адукацыі і ўзяла на сябе абавязак правесці рэформы ў адпаведнасці з Дарожнай мапай, прадстаўленай еўрапейскімі партнёрамі і ўжо зафіксаванай у беларускім нарматыўна-прававым полі.

У адпаведнасці з еўрапейскімі прынцыпамі неабходна гарантаваць магчымасць атрымання ўсіх узроўняў адукацыі на беларускай мове і сістэмна палепшыць выкладанне замежных моваў у школах і ВНУ.

3. Замест абавязковага размеркавання выпускнікоў – дапамога з боку ВНУ сваім выпускнікам знайсці першае месца працы. Выпускнік мае права, але не абавязаны звяртацца па гэтую дапамогу. ВНУ мусяць акумуляваць заяўкі ад працадаўцаў розных формаў уласнасці, якія зацікаўлены прадставіць працоўнае месца выпускніку з улікам працоўных гарантый (статус «маладога спецыяліста»). Адмова ад размеркавання не павінна несці негатыўных наступстваў кшталту выплаты студэнтам кампенсацыі за сваё навучанне на бюджэтнай форме.

4. Еўрапейскія заробкі для беларускіх выкладчыкаў. Павелічэнне заробкаў акадэмічных супрацоўнікаў і стварэнне ў беларускіх ВНУ матэрыяльнай базы еўрапейскага ўзроўню павінна суправаджацца інстытуцыянальнымі зменамі ў фінансавай палітыцы ВНУ: замацаваннем прынцыпу фінансавай аўтаноміі пры поўнай адкрытасці ўніверсітэцкага бюджэту і празрыстых прынцыпах размеркавання рэсурсаў.

5. Адкрытасць свету. Інтэрнацыяналізацыя вышэйшай адукацыі з’яўляецца яго перавагай у эпоху глабалізацыі. Для дасягнення гэтай мэты неабходна сістэмна палепшыць выкладанне замежных моваў і заахвочваць стажыроўкі і абмены.

Адначасова важна фармаваць інтэрнацыянальнае асяроддзе ў беларускіх ВНУ, якое будзе спрыяць фармаванню ў навучэнцаў будучых прафесійных сувязяў, міжкультурнаму абмену і росту талерантнасці. Неабходна фармаваць механізмы прыцягнення ў Беларусь замежных студэнтаў і выкладчыкаў, а таксама ствараць умовы для стымулявання выязной акадэмічнай мабільнасці за кошт адпаведных дзяржаўных стыпендыяльных праграм.

Першакрокавыя меры

1. Міністэрства адукацыі пры ўдзеле профільных бізнес-асацыяцый і прафесійных супольнасцяў мусіць распрацаваць Нацыянальную рамку кваліфікацый, адпаведную Сістэме кваліфікацый ў ЕПВА (QF-EHEA), замест маральна састарэлага Адзінага тарыфна-кваліфікацыйнага даведніка работ і рабочых прафесій.

2. ВНУ мусяць супрацоўнічаць з прадстаўнікамі бізнесу ў арганізацыі навучальнага працэсу: запрашаць іх ва ўніверсітэты для кансультавання ў розных формах і на розных этапах (ад распрацоўкі навучальных планаў да ўдзелу ў асобных практычных занятках); ўключаць іх прадстаўнікоў у апякунскія рады і іншыя падобныя структуры.

3. Заснаванне ў ВНУ фондаў мэтавага капіталу (эндаўментаў). Гэтыя фонды акумулююць сродкі ад уласных платных паслуг і донарскія ахвяраванні (ад прыватных мецэнатаў, карпаратыўных спонсараў, міжнародных фондаў або дзяржаўнага бюджэту) і за іх кошт універсітэты забяспечаць падмурак свайго ўстойлівага развіцця, уключаючы годныя зарплаты выкладчыкаў і стварэнне сучасных матэрыяльных умоў для адукацыйнага працэсу.

4. Напаўненне рэальным зместам акадэмічнага і студэнцкага самакіравання ў адпаведнасці з еўрапейскім прынцыпам універсітэцкай аўтаноміі.

5. Прытрымлівацца прынцыпу акадэмічнай свабоды. Любыя спробы ціску павінны неадкладна спыняцца адміністрацыяй універсітэта, акадэмічным і студэнцкай супольнасцю і служыць падставай для санкцый у дачыненні да таго, хто дапусціў парушэнне.

6. Неабходна арганізацыя адукацыйных праграм для выкладчыкаў і прадстаўнікоў студэнцкіх арганізацый беларускіх ВНУ, якія б былі падрыхтаваныя пры падтрымцы экспертаў з краін ЕПВА і накіраваны на растлумачэнне сутнасці ЕПВА і планаваных у адпаведнасці з Дарожнай мапай зменаў. Такія праграмы павінны ўключаць у сябе кароткатэрміновыя паездкі ва ўніверсітэты краін ЕПВА для абмену вопытам і вывучэння іх прынцыпаў і атмасферы працы.

7. Істотна палягчаць адміністрацыйныя працэдуры, звязаныя з вяртаннем у Беларусь пасля атрымання адукацыі за мяжой, у тым ліку аўтаматычнае прызнанне дыпломаў і Настрыфікацыя вучоных ступеняў краін ЕПВА, роўна як і залік пройдзеных за мяжой прадметаў (крэдытаў ECTS) у кошт выканання вучэбнага плана студэнтаў.

8. Неабходна забяспечыць магчымасць атрыманне адукацыі на беларускай мове на ўсіх яе этапах. Гуманітарныя прадметы павінны ўтрымліваць беларускі нацыянальны кампанент. Пры гэтым неабходна паважаць правы і іншых нацыянальнасцяў, якія пражываюць у Беларусі і якія аказалі ўплыў на яе гісторыю і культуру.

Вынікі

  • Новая сістэма вышэйшай адукацыі Беларусі рыхтуе высокакваліфікаваных маладых спецыялістаў, якія валодаюць усімі неабходнымі практычнымі кампетэнцыямі і хутка знаходзяць годнае працу па спецыяльнасці ў Беларусі і за яе межамі.
  • Беларускія ўніверсітэты сталі неад’емнай часткай Еўрапейскага прасторы вышэйшай адукацыі, у іх паважаюць акадэмічную свабоду і выконваюць акадэмічную этыку, забяспечваюць магчымасць атрымліваць адукацыю на беларускай мове, а кіруюць імі выбраныя акадэмічнай супольнасцю рэктар, сенат і студэнцкае самакіраванне.
  • Выкладчыкі атрымліваюць годную зарплату, а студэнты вучацца ў сучасных матэрыяльных умовах і маюць доступ да самым лепшым вучэбных матэрыялаў. Фінансавая аўтаномія універсітэтаў і іх мэтавы капітал (эндаумент) дазваляюць усё гэта фінансаваць, а транспарэнтнасць бюджэтаў прадухіляе злоўжыванні.
  • Беларускія студэнты валодаюць замежнымі мовамі маюць магчымасць вучыцца па абмене ў еўрапейскіх універсітэтах, а выкладчыкі - праходзіць там стажыроўкі. Студэнты з усяго свету прыязджаюць вучыцца ў Беларусь, падтрымліваючы універсітэты фінансава і ствараючы інтэрнацыянальнае асяроддзе міжкультурнага дыялогу.

Маладыя беларусы, якія скончылі лепшыя замежныя універсітэты пры падтрымцы нацыянальнай стыпендыяльнай праграмы або самастойна, камфортна вяртаюцца ў Беларусь для працы і ўкараняюць міжнародныя навацыі на радзіме.