Качественная медицина з человеческим лицом

  • Паляпшэнне фінансавання медыцынскай галіны праз прыцягненне дадатковых сродкаў у сістэму і аптымізацыі выдаткаў унутры яе, а ў перспектыве давядзення яе фінансавання мінімум да сярэднееўрапейскага паказчыка (7% ВУП).
  • Павелічэнне адкрытасці сістэмы аховы здароўя праз далучэнне шырокай грамадскасці , пацыентаў і прафесійнай супольнасці да вырашэння актуальных праблем аховы здароўя.
  • Дакладна акрэслены план па пераходзе аховы здароўя Беларусі да страхавой мадэлі, якая з’яўляецца аптымальнай для эфектыўнага супрацьдзеяння сучасным выклікам грамадскага здароўя.
  • Адаптацыя еўрапейскіх пратаколаў і стандартаў лячэння і прафілактыкі захворванняў, заснаваных на прынцыпах доказнай медыцыны.
  • Крытычны перагляд функцыянальных абавязкаў медработнікаў — максімальнае скарачэнне непатрэбнага дакументазвароту, зняцце няпрофільных абавязкаў.

Праблемы

1. Недафінансаванне аховы здароўя

Беларусь на працягу апошніх 10 год скіроўвае на фінансаванне аховы здароўя каля 4% ад валавага ўнутранага прадукту. Гэта істотна менш, чым у сярэднім на ЕС (каля 7%). Калі паглядзець на памеры гэтых выдаткаў ў абсалютным выражэнні (international USD), то розніца нават з бліжэйшымі краінамі ЕС складзе 1,5-2,5 разы.

2. Дысбаланс структуры сістэмы на карысць стацыянарнага звяна аховы здароўя

Ад савецкай сістэмы Беларусі дасталася савецкая сістэма аховы здароўя (т.зв. сістэма Сямашкі), якая характарызавалася вялікай колькасцю шпіталёў, прызначаных для хуткай ізаляцыі і лячэння вялікай колькасці пацыентаў з інфекцыйнымі хваробамі, якія былі найбольш актуальнымі у гады стварэння гэтай сістэмы.

Сучасная Беларусь захавала сістэму Сямашкі з невялікімі зменамі, нягледзячы на тое, што цяпер дамінуюць неінфекцыйныя захворванні, якія патрабуюць не хуткай шпіталізацыі, а працяглага лячэння ў амбулаторных умовах (паліклініцы, медцэнтры, прыватным кабінеце доктара).

3. Перагружанасць паліклінічнага звяна і звышдаступнасць «Хуткай дапамогі»

Жыхары Беларусі з’яўляюцца чэмпіёнамі еўрапейскага рэгіёну па колькасці наведвання паліклінік — каля 13 раз на кожнага чалавека, што істотна часцей суседзяў (6,9 у Літве, 6,8 у Польшчы, 10,7 ва Украіне). Істотная частка гэтых візітаў мае чыста нарматыўную прыроду і звязана з абавязковымі праграмамі медаглядаў ці неабходнасцю праз тры дні з’явіцца на прыём па закрыцці ці прыцягненні «бальнічнага» ці афармленні рэцэпта. У выніку ў паліклініках назіраюцца чэргі.

Праблемы даступнасці паліклінік у пэўным сэнсе кампенсуе служба «Хуткай дапамогі», якая па меркаваннях экспертаў з’яўляецца звышдаступнай. Беларусы нашмат часцей за суседзяў звяртаюцца ў гэтую службу, пры тым што па розных ацэнках ад 10 да 70% зваротаў з’яўляюцца неабгрунтаванымі і гэтыя праблемы са здароўем маглі бы быць эфектыўна вырашаныя ў паліклініцы. Між тым сярэдні кошт выкліку хуткай дапамогі ў Мінску складае 65 рублёў, а візіту да лекара ў паліклініку толькі 13.

4. Недасканалы механізм фінансавання галіны.

Фінансаванне аховы здароўя ў Беларусі адбываецца з дзяржаўнага бюджэту — мясцовага і агульнанацыянальнага. Абавязковае медыцынскае страхаванне адсутнічае, а добраахвотнае не развітае і адыгрывае мізэрную ролю ў гэтым працэсе (менш за 1%). Каля 26-28% выдаткаў на ахову здароўя пакрываюцца з асабістых сродкаў грамадзян (у асноўным гэта выдаткі на лекі).

5. Кадравая праблема

У беларускай сістэме аховы здароўя назіраецца т.зв. «кадравы парадокс», калі пры колькасці практыкуючых дактароў на 100000 насельніцтва Беларусь пераўзыходзіць не толькі Польшчу і Літву з Латвіяй, але і Швецыю з Нямеччынай. Пры гэтым назіраецца заўважны дэфіцыт лекараў у першасным звяне аказання медыцынскай дапамогі.

Праца ў сегменце ПМСД лічыцца не прэстыжнай і лекары імкнуцца пры першай магчымасці хутчэй перайсці ў стацыянар. Найбольш гэты недахоп назіраецца ў рэгіёнах (асабліва тых, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай аварыі).

Прынятыя спосабы вырашэння кадравай праблемы ў Беларусі (абавязковае размеркаванне і павышаны набор у медыцынскія ВНУ) эфекту не даюць. Моцным дэматывуючым фактарам для медработнікаў з’яўляюцца традыцыйна нізкія заробкі ў сістэме (на 25-30% менш, чым у прамысловасці) і фармальнасць сістэмы матэрыяльнай матывацыі за добрую працу. У адказ на гэтыя працэсы павялічваецца міграцыя спецыялістаў у краіны замежжа.

6. Непразрыстаць працы сістэмы аховы здароўя

У 2018 годзе Следчы камітэт Беларусі ўзбудзіў крымінальную справу па фактах карупцыі пры ажыццяўленні дзяржаўных закупак ў Міністэрстве аховы здароўя. Гэты факт разам з нядаўнім скандалам з карэйскай вакцынай, якая ўжывалася на тэрыторыі краіны без дзяржаўнай рэгістрацыі, прадэманстраваў, што чыноўнікі ведамства схільныя да «шэрых схем» пры ажыццяўленні сваёй дзейнасці.

Стратэгічныя кірункі вырашэння

  • Паляпшэнне фінансавання медыцынскай галіны праз прыцягненне дадатковых сродкаў у сістэму і аптымізацыі выдаткаў унутры яе, а ў перспектыве давядзення яе фінансавання мінімум да сярэднееўрапейскага паказчыка (7% ВУП).
  • Павышэнне матываванасці медработнікаў да працы праз перагляд сістэмы налічэння заработнай платы.
  • Аптымізацыя структуры і функцыянавання сістэмы аховы здароўя адпаведна сучасным выклікам грамадскага здароўя.
  • Павелічэнне адкрытасці сістэмы аховы здароўя праз далучэнне шырокай грамадскасці, пацыентаў і прафесійнай супольнасці да вырашэння актуальных праблем аховы здароўя.
  • Дакладна акрэслены план па пераходзе аховы здароўя Беларусі да страхавой мадэлі, якая з’яўляецца аптымальнай для эфектыўнага супрацьдзеяння сучасным выклікам грамадскага здароўя.

Першакрокавыя меры

На першым этапе рэформы трэба правесці лібералізацыю медыцынскага рынку, істотна спрасціць і палепшыць ўмовы для вядзення медыцынскага прыватнага бізнесу, ўстанавіць сапраўды роўныя правы для прыватных і дзяржаўных устаноў аховы здароўя.

Праведзеныя мерапрыемствы дазволяць лекарам ствараць свае кабінеты, далучацца да новаствораных медыцынскіх цэнтраў і свабодна канкураваць на рынку паслуг. Гэта дасць магчымасць самастойна зарабляць, павысіць іх матывацыю да працы без неабходнасці неадкладна падымаць заробак у дзяржаўнай сістэме.

Такім чынам, зменшыцца ціск на дзяржаўныя паліклінікі (па дадзеных апытанняў жыхароў Мінску каля 30% ужо цяпер выбіраюць прыватныя ўстановы аховы здароўя) і павысіцца якасць медыцынскага абслугоўвання. Адначасова трэба прадугледзіць механізм кампенсацыі выдаткаў грамадзян, якія яны скіроўваюць на сваё лячэнне праз вяртанне падаткаў.

Радыкальна спрасціць умовы інвеставання ў стварэнне новых лячэбных установаў. У Беларусі павінны працаваць не толькі прыватныя медцэнтры, але і шпіталі, рэабілітацыйныя цэнтры, санаторыі і г.д. Кваліфікацыя беларускіх медыкаў, цяперашні ўзровень медыцынскага інфраструктуры, беларуская прырода і культура дазваляе зрабіць медыцынскі турызм адной з асноўных крыніц паступлення ў бюджэт краіны.

Поўнавартасная рэалізацыя прынцыпу фінансавання галіны «грошы ідуць за пацыентам».

Спрыянне актыўнаму ўдзел беларускіх медыкаў у міжнародных даследчыцкіх і клінічных праграмах, і праз гэта прыцягненне дадатковага фінансавання медыцынскай навукі і практыкі.

Развіццё супрацоўніцтва з недзяржаўнымі арганізацыямі ў галіне прафілактычных і адукацыйных праграм па здаровым ладзе жыцця, навучанні насельніцтва першай дапамозе і г.д. Прыцягненне міжнародных сродкаў для гэтых праграм.

Змены ў функцыянаванні сістэмы аховы здароўя:

  • адаптацыя еўрапейскіх пратаколаў і стандартаў лячэння і прафілактыкі захворванняў, заснаваных на прынцыпах доказнай медыцыны;
  • канкрэтызаваць пералік медыцынскіх паслуг, якія ўваходзяць у склад мінімальных сацыяльных стандартаў і гарантуюцца дзяржаўнай сістэмай аховы здароўя (зараз гэты спіс уключае практычна ўсе медыцынскія паслугі);
  • крытычны перагляд функцыянальных абавязкаў медработнікаў — максімальнае скарачэнне непатрэбнага дакументаабарота, зняцце няпрофільных абавязкаў (напрыклад, наведвання медсёстрамі сем’яў якія выхоўваюць дзяцей, прызнанымі ў «сацыяльна небяспечным становішчы)»;
  • рацыянальнае развіццё e-Health — віртуальнай прасторы, дзе знаходзіцца медыцынская інфармацыя пра пацыентаў у Беларусі;
  • развіццё медыцынскіх камунікацый і кансультацый пацыентаў праз Інтэрнэт;
  • крытычная ацэнка праграм дыспансэрызацыі насельніцтва на прадмет іх эфектыўнасці, з улікам сучасных еўрапейскіх рэкамендацый;
  • увядзенне ў заканадаўства нормы, паводле якой працадаўца можа прадастаўляць кароткачасовы адпачынак работніку па хваробе без прадстаўлення лістка непрацаздольнасці;
  • аптымізацыя выдаткаў у сістэме (маніторынг эфектыўнасці выдаткаў, іх бягучы незалежны аўдыт і аператыўныя змены ў сістэме);
  • разгрузка сістэмы «Хуткай дапамогі» праз змены ў рэжыме работы паліклінік (увядзенне дзяжурстваў лекараў паліклінік у вечаровы і начны час, каб пацыенты мелі магчымасць самастойна наведаць доктара), перагляд стандартаў працы службы, адукацыйную работу с насельніцтвам.

Змены ў структуры сістэмы аховы здароўя праз развіццё розных форм медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, развіццё інстытута лекара агульнай практыкі (сямейнага лекара), паліклінік і амбулаторый, скарачэнне бальнічных коек.

Паляпшэнне матывацыі медработнікаў:

  • прааналізаваць фінансавыя магчымасці краіны і (калі магчыма) прыняць абавязкі паступовага павышэння заробку ў сістэме аховы здароўя. Бліжэйшы арыенцір — зраўняць сярэдні заробак у сістэме аховы здароўя і прамысловасці. Жорстка прытрымлівацца ўзятых на сябе абавязкаў;
  • заахвочванне самаадукацыі і прафесійнага росту работнікаў галіны, стварэнне сістэмы матэрыяльнай матывацыі ад колькасці пацыентаў ды іншых фактараў прафесіяналізму;
  • увядзенне сістэмы ліцэнзавання медработнікаў, а не лячэбных устаноў, як гэта робіцца цяпер. Стварэнне ўмоваў для развіцця медыцынскага самакіравання.

Павелічэнне адкрытасці сістэмы аховы здароўя праз змены прынцыпаў дзейнасці прэс-службы Міністэрства аховы здароўя, увядзенне нормы пра абавязковае прадстаўленне вычарпальнай інфармацыі пра закупкі медпрэпаратаў і медыцынскай тэхнікі па першым патрабаванні, правядзенне ўсебаковага аўдыту дзейнасці міністэрства, ангажаванне пацыентаў і работнікаў сістэмы ў прыняцце рашэнняў у яе межах.

Далейшыя крокі — стварэнне плана па пераходу да сістэмы медыцынскага страхавання (патрабуе эканамічных рэформ).

Вынікі

  • Беларусь атрымае сістэму аховы здароўя добрага сярэдняеўрапейскага ўзроўню (бліжэйшы арыенцір — Літва, далейшы — Чэхія), інтэграваную ў еўрапейскія працэсы і адаптаваныя да еўрапейскага трэнду і дынамікі развіцця,
  • Змяншэнне захворвальнасці і смяротнасці насельніцтва (той, якая можа быць папярэджана медыцынскімі метадамі),
  • Павелічэнне працягласці жыцця насельніцтва Беларусі.
  • Павышэнне фінансавай эфектыўнасці беларускай сістэмы аховы здароўя,
  • Павышэнне міжнароднай рэпутацыі медыцынскай сістэмы Беларусі,
  • Павелічэнне задаволенасці насельніцтва працай сістэмы аховы здароўя краіны.