Новости Новости Беларуси

Работнікам акумулятарнага заводу ў Берасці прапанавалі падтрымаць Юрыя Губарэвіча, які выступае за закрыццё вытворчасці

Работнікам акумулятарнага заводу ў Берасці прапанавалі падтрымаць Юрыя Губарэвіча, які выступае за закрыццё вытворчасці

1756 просмотров Брест
«Падпішыцеся за нашага кандыдата, ён супраць запуску гэтага заводу» — прапанавала ініцыятыўная група па збору подпісаў за Юрыя Губарэвіча работнікам акумулятарнага заводу.

Незвычайная акцыя па збору подпісаў прайшла пад Берасцем, яе ўдзельнікі не сабралі ні аднаго подпісу, але дасягнулі сваіх мэтаў.

Пікет пад сценамі заводу

Ініцыятыўная група па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам на прэзідэнты Юрыя Губарэвіча сабралася каля заводу акумулятарных батарэяў, які пабудаваны непадалёк ад Берасця. Сябры ініцыятыўнай групы праз гукаўзмацняльнік заклікалі работнікаў прадпрыемства падпісацца за вылучэнне іхнага кандыдата. Пры гэтым яны паведамлялі, што Юрый Губарэвіч выступае за закрыццё прадпрыемства. Ніхто з працаўнікоў заводу да пікетоўцаў не падышоў, а ахоўнікі здымалі ўсіх удзельнікаў пікету на камеру. У праціўнікаў заводу ўзнікаюць пытанні: чаму на афіцыйна не адкрытым прадпрыемстве знаходзяцца некалькі дзясяткаў працаўнікоў і што яны там робяць?

У заводу новы гаспадар

Адзін з удзельнікаў пікету прыгадвае абяцанні кіраўніка краіны. Фота: Мілана Харытонава / «Белсат»

22 траўня акумулятарны завод быў выведзены з-пад кантролю групы кампаніяў 1AK-GROUP Віктара Лемяшэўскага (хаця вонкава на заводзе нічога не змянілася), усе 100 % доляў у статутным фондзе ТАА «АйПауэр» былі прададзеныя. Цікава, што новаму ўладальніку дасталіся і пазыкі кампаніі – больш чым Br 5,7 млн, якія трэба вярнуць у інвестыцыйны фонд берасцейскага аблвыканкаму.

Паводле звестак Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асобаў, статутны фонд новага ўладальніка заводу ТАА «Акумулятарны Альянс» складае Br 6,7 млн. 85 % долі кампаніі належыць Сяргею Кагановічу, а 15 % – Дзмітрыю Баскаву.

Пікетоўцы заклікаюць працаўнікоў заводу падпісацца за вылучэнне на прэзидэнцтва Юрыя Губарэвіча. Фота: Мілана Харытонава / «Белсат»

Кагановіч з’яўляецца намеснікам дырэктара кампаніі «Семь Холмов Бел». Ён даўно захапляецца хакеем, удзельнічаў у спаборніцтвах з удзелам каманды Лукашэнкі. Дзмітрый Баскаў – гендырэктар хакейнага клуба «Дынама-Менск» і трэнер каманды Аляксандра Лукашэнкі. Раней ён трэнаваў маладзёвую і юнацкую зборныя Беларусі, а таксама аматарскую каманду, за якую выступае Мікалай Лукашэнка. Цікава, што пад час гульнявой кар’еры Баскаў абараняў браму хакейнага клубу «Берасце».

Сяргей Кагановіч мае бізнэс-актывы ў прадпрыемствах аптовага гандлю запаснымі часткамі для складской тэхнікі і аўтамабіляў, займаецца лагістычнымі цэнтрамі. Ён уваходзіць у склад рады дырэктараў «БСБ Банку».

Пікетоўцы ўзнялі сцягі – герб Берасця, Жыць – сімвал пратэсту супраць заводу «АйПауэр», Руху «За Свабоду». Фота: Мілана Харытонава / «Белсат»

У праціўнікаў акумулятарнага заводу зʼявілася надзея, што прадпрыемства будзе перапрафіляванае, гэта можа стацца добрым варыянтам для ўсіх бакоў.

«Мы яшчэ з імі не размаўлялі і не сустракаліся, не было заяваў, што там будзе вырабляцца, пачакаем. Пакуль дзейнічае распараджэнне старшыні берасцейскага аблвыканкаму, што праца прадпрыемства спыненая. Змена ўласніка для нас нічога не мяняе, але ёсць надзея, што новы ўласнік будзе больш разумны і мудры, ды адмовіцца ад вытворчасці акумулятарных батарэяў. Што на гэтай плошчы будзе вырабляецца нешта іншае. Нас такі варыянт цалкам задаволіць, няхай вырабляюць, нешта экалагічнае і бяспечнае, – сказаў «Белсату» праваабаронца Раман Кісляк.

Ці спыніліся рэпрэсіі супраць праціўнікаў акумулятарнага заводу?

Ахоўнік здымае ўдзельнікаў пікету на камеру. Фота: Мілана Харытонава / «Белсат»

27 траўня сам Раман Кісляк быў аштрафаваны судом Ленінскага раёну Берасця на 30 базавых велічыняў (Br 810 рублёў).

«Я расцэньваю гэты працэс, як адмову мне ў правасуддзі, відавочная адвольная пастанова суда, усе доказы паказваюць, што было незаконнае затрыманне і гвалтоўнае знікненне, маса парушэнняў, амаль у кожным дакуменце. Тым не менш суддзя Аляксандр Сямянчук цалкам праігнараваў усе гэтыя факты і адмовіў у задавальненні маёй скаргі, ён праігнараваў той факт, што я назіраў за акцыямі, а не ўдзельнічаў. Дадзенае рашэнне я буду абскарджваць. Улады спрабуюць закрыць рот апанентам будаўніцтва акумулятарнага заводу, спрабуюць усімі сіламі здушыць пратэст», – кажа Раман Кісляк.

Пасля акцыі 12 красавіка, дзе былі агучаны палітычныя патрабаванні, і пасля «кармлення галубоў» з удзелам блогера Сяргея Ціханоўскага амаль два дзясяткі праціўнікаў заводу былі затрыманыя і змешаныя ў мясцовым ІЧУ, потым – атрымалі вялікія штрафы. Чатыры асобы атрымалі агулам 60 содняў арышту, а астатнія атрымалі штрафы. Агульны штраф праціўнікаў заводу за гэты час склаў Br 15 930.

Алесь Ляўчук Belsat.eu

Источник: belsat.eu

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Последние новости