Новости Новости Беларуси

Магазины с патриотической продукцией просят у белорусов поддержки

Магазины с патриотической продукцией просят у белорусов поддержки

1515 просмотров Барановичи Брест Гродно
Белорусские индивидуальные предприниматели и бизнесмены углубляются в финансовые трудности. Многие приостановили работу, другие — ее переформатировали, а некоторые — оказались на грани закрытия. Владельцы трех магазинов с национальной символикой вынуждены просить у общества финансовой поддержки.

«Адметнасць» можа закрыцца

У патрыятычнай краме «Адметнасць». Фота — Васіль Малчанаў/"Белсат"

Крама беларукіх колераў «Адметнасць» у Горадні знаходзіцца па вуліцы Кірава, 3. Уладальнік — грамадскі актывіст Сяргей Верамеенка. Некалькі гадоў таму ён працаваў таксістам, але адчуваў, што можа займацца бізнесам, больш патрэбным для ягонай роднай Горадні. Стварыць краму было не так лёгка і хутка, як можа падавацца. Спатрэбіўся час, каб наладзіць сувязі з пастаўляльнікамі, якія будуць забяспечваць прадукцыяй «з разынкаю»:

«Каб было не сорамна перад спажыўцом. Зразумела, што прыйшлося залезці ў пазыкі, і нават трохі пазней прадаць аўтамабіль. Гэта было неабходна для пашырэння асартыменту і развіцця гандлю», — узгадвае Сяргей.

Фінансавы складнік быў далёка не першасным у яго праекце. Ідэя адкрыцця крамы нацыянальна-патрыятычнай накіраванасці менавіта ў Горадні ўзнікла даўно. На той момант падобныя гандлёвыя кропкі ўжо існавалі амаль па ўсёй Беларусі.

Да пандэміі продажы былі больш-менш стабільнымі, асабліва напярэдадні святаў.

«Раптоўнае паніжэнне пакупніцкай здольнасці прымусіла беларусаў галоўным чынам глядзець у бок прадуктовых крамаў. „Сувенірка“ з адзеннем адышла на другі план. Нулявыя выручкі, часам некалькі дзён запар, сталіся ня рэдкасцю. І гэта склала пагрозу існавання дзейнасці крамы», — рэзюмуе ўладальнік «Адметнасці».

У гарадзенскай краме «Адметнасць». Фота — Васіль Малчанаў/"Белсат"

Зараз усе квартальныя падаткі Сяргей аплаціў. Але па камунальным плацяжам і арэндзе ўтварылася значная запазычанасць. Былі думкі і аб дадатковым заробку, але крама забірае практычна ўвесь час. «Адметнасць» працуе без абеду і выходных.

«Калі яшчэ ўлічыць нашу рамесную, валанцёрскую і грамадска-палітычную дзейнасць, то на дадатковую падпрацоўку не застаецца ані хвіліны», — дадае Сяргей.

Ахвяраваныя грошы дапамогуць уладальніку «Адметнасці» разлічыцца паводле запазычанасці ды зрабіць невялікую перадышку для Сяргея і ягонай жонкі ў складанай сітуацыі.

Не найлепшыя часы перажывае «Князь Вітаўт»

«Князь Вітаўт» перажывае не найлепшыя часы. Фота: Алег Чапараў

Крама «Князь Вітаўт» у Берасці знаходзіцца па вуліцы Савецкай, 55. Суўладальнік — Алег Чапараў.

Ідэя адчыніць краму прыйшла да Алега і яго двух кампаньёнаў, калі яны пабывалі ў Менску на святкаванні Дня Волі ў 2017 годзе. Увечары таго дня вырашылі скласціся грашыма і адчыніць нацыянальна-патрыятычную крамку ў сваім горадзе. 1 траўня 2017 года праект распачаў працу.

«Пра заробках з гэтага, прынамсі ў бліжэйшыя гады, не было і думкі. Хацелася вучыць мову, гісторыю, быць нацыянальна свядомымі і спрыяць прасоўванню беларускасці», — кажа Алег.

Першапачаткова ўсе грошы ішлі на развіццё праекту, а тое, што заставалася пасля агульных выплат — выдаткоўвалі на прасоўванне крамы ў сацсетках і рэкламу. Актыўна распрацоўвалі новыя тавары.

Патрыятычная прадукцыя ў краме «Князь Вітаўт». Фота: Алег Чапараў

За паў гады да пандэміі «берасцейскія Вітаўтаўцы» цалкам адмовіліся ад падпрацовак і займаліся толькі крамаю і грамадскай дзейнасцю. Але пандэмія каронавірусу парушыла звыклы лад працы. Пачалі збірацца запазычанасці перад банкамі, арэндадаўцамі і пастаўляльнікамі. Бізнесоўцы чакалі на дзярждапамогу для малога бізнес, але замест гэтага іх «дабілі» аплатаю квартальнага падатку і «ФСАН».

«Прыйшлося накіраваць у адпачынак прадаўцоў, бухгалтара і менеджара старонкі, на палову ўрэзаўшы ім заробак, самім застацца без заробкаў, сеўшы за касу ў краме. Выставіць у продаж аўто... Двое з маіх кампаньёнаў ужо працуюць на іншых працах, што дазваляе ім хоць неяк цягнуць сем’і», — працягвае свой расповед прадпрымальнік.

Ахвяраваныя сродкі дапамогуць выжыць краме, выжыць ідэі, з якой Алег і яго калегі распачыналі свой бізнэс.

«Тыя каштоўнасці, якія мы намагаемся несці беларусам, не надта прасоўваюцца ўладамі і такіх крам, як нашыя — лічаныя адзінкі па краіне, іх мы павінны зберагчы! Мы не можам перакрэсліць усё да чаго імкнуліся! Нашыя сэрцы крывёй абліваюцца!» — рэзюмуе Алег Чапараў.

«Росквіт» у заняпадзе

Патрыятычныя крамы просяць нашага падтрымання. Фота: Алег Чапараў

Крама «Росквіт» у Баранавічах знаходзіцца на праспекце Савецкім, 35. Уладальнік — брэсцкі абласны каардынатар Руху «За Свабоду» Юрый Казакевіч. Частку неабходных сродкаў на адкрыццё крамы гаспадар атрымаў ад ананімнага спонсара прыканцы 2016 года. Сам Юры характарызуе яго, як чалавека, у якога баліць душа за беларускасць.

«Гэтую краму я адкрыў выключна з-за ідэйных меркаванняў. Пра заробак і думкі не было — я быў гатовы нават на страты, якія змог бы кампенсаваць з іншай крыніцы. Тады ў мяне яшчэ была такая магчымасць, бо займаўся арганізацыяй і абслугоўваннем вяселляў», — распавядае ўладальнік «Росквіту».

Са словаў Юрыя, крамка пачынала сваю працу з вельмі сціплым асартыментам. Аднак, у першыя тыдні працы «Росквіту» людзі стаялі чэргамі толькі па набыццё настольнага бел-чырвона-белага сцяжку

«І я ганаруся тым, што бачыў слёзы ўдзячнасці ў вачох моцных дарослых мужчын» — адзначае бізнэсовец.

Спачатку было цяжка, сродкаў не хапала, прыбытак быў не такі, на які разлічвалі, але ў апошні год справы пайшлі значна лепш. Пазыкаў рабілася менш, а выбар багацеў. Юры нават змог павялічыць заробак свайму супрацоўніку. З пачаткам пандэміі ўсё паляцела бумерангам.

«Людзі перасталі нешта набываць і нават заходзіць у краму. Спачатку ўсе куплялі харчы і туалетную паперу, потым сталі „затаварвацца“ дарагой бытавой тэхнікай. Ім стала не да нас», — з прыкрасцю разважае бізнесовец.

Фота: Алег Чапараў

Галоўная праблема для крамы зараз — адсутнасць сродкаў на аплату ўсяго. Сам Юры кажа, што з задавальненнем дзесьці падпрацаваў бы, але дзе? Да таго ж супрацоўнікі, ведаючы фінансавую сітуацыю «Росквіту», пазнаходзілі сабе іншую працу. Цяпер Юры па чарзе з жонкаю самі працуюць за касаю штодня да 19:00 без выходных. Калі зараз крама зачыніцца, надзеі на яе аднаўленне пазней — няма.

«Нам патрэбныя грошы не для таго, каб смачна есці і прыгожа адпачываць, а для таго, каб захаваць нашыя крамы як месцы, дзе беларусы могуць набыць патрыятычныя тавары, тым самым адраджаючы нашу нацыянальную ідэнтычнасць — бо менавіта гэта сапраўдная мэта гэтых крамаў», — падсумоўвае ўладальнік «Росквіту».

Падтрымаць патрыятычныя крамы можна на платформе «МолаМола».

АК

Источник: belsat.eu

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Последние новости