Рух «За Свабоду»: вынікі выбарчай кампаніі. Чаму мы ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі, што паспелі зрабіць і што будзем рабіць далей — прыгадваем, як прайшлі апошнія некалькі месяцаў.
Таццяна Малашчанка: «Людзі жадалі ўдачы, хаця і не верылі, што могуць прызначыць у парламент»
Сябра Руху «За Свабоду» Таццяна Малашчанка кажа, што пад час выбарчай кампаніі адчувала падтрымку людзей. «Я дзеля гэтай падтрымкі і ўдзельнічала», — кажа экс-кандыдат.
«Мне „намалявалі“ выніковыя 4,5% галасоў. Але галоўнае было, каб паказвалі кожны бюлетэнь, а гэтага не было. Былі падтасоўкі і страшныя ўкіды. Як па ўсёй Беларусі», — адзначыла Таццяна Малашчанка. Чытаць далей
Аляксандр Ільінец: Пасля выбараў не ўзялі на працу
«100%, што вынікі выбараў былі сфальсіфікаваныя. Паўсюдна, колькі б кандыдатаў не балатавалася па акрузе, у праўладнага ад 75% падтрымкі. Так быць не можа», — распавёў экс-кандыдат па Віцебскай-Горкаўскай акрузе Аляксандр Ільінец.
Распавёў ён і пра асабістыя праблемы пасля выбараў. «Абяцалі пасля выбараў узяць на працу юрыстам. Паўтары месяцы чакаў гэтай вакансіі. Званіў цяпер, але пасля выбараў аказаўся не патрэбны», — кажа сябра Руху «За Свабоду». Чытаць далей
Аляксей Гаўруцікаў: «Людзі казалі: Мы за цябе»
«Гэтыя выбары закончыліся як звычайна. Але праходзіла ўсё па-іншаму. Па выбарцам было адчуванне, ілюзія, што ўсё нармальна, ёсць шансы», — распавёў экс-кандыдат па Віцебскай-Чкалаўскай акрузе Аляксей Гаўруцікаў.
Ён звярнуў увагу на «гульні з яўкай». «Насельніцтва вельмі дакладна ацэньвае сітуацыю, не давярае рэжыму і ў выніку ігнаруе выбары. Тых, хто залежны — студэнтаў, бюджэтнікаў, ваенных, працаўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў, чыноўнікаў, хворых у бальніцах — пагналі на датэрміновае галасаванне і 30% атрымалі. Але трэба было 50%, гэта нацягвалі ўкідамі і іншымі падобнымі метадамі», — упэўнены сябра Руху «За Свабоду».
Уладзімір Сіманковіч: «Беларусам трэба альтэрнатыва»
«У выбарчых кампаніях абавязкова трэба ўдзельнічаць. Людзі цікавіліся, бралі ўлёткі, чыталі праграмы. Ім надакучылі ўлады, ім хочацца кагосьці з альтэрнатывы, з апазіцыі», — адзначыў экс-кандыдат па Віцебскай-Чыгуначнай акрузе Уладзімір Сіманковіч.
Па выніках гэтай кампаніі мы прааналізуем атрыманы досвед і выкарыстаем яго ў падрыхтоўцы да прэзідэнцкіх выбараў, лічыць палітык.
Алесь Шчамлёў: «Людзям выбары абыякавыя»
«Хаця мяне ў раёне добра ведаюць і ставяцца да маёй дзейнасці станоўча, праграму ўхваляюць, але не вераць, што „прапусцяць“. Так ужо было, калі не прапусцілі ў сельсавет», — кажа экс-кандыдат па Гарадоцкай акрузе Алесь Шчамлёў.
Вынікі палітык называе міфам. «Працэнты праўладнай кандыдаткі, якая нібыта „перамагла“, — яўна завышаныя (67%). Мне паставілі 3,76%. Добра яшчэ, што не меней аднаго», — адзначыў Шчамлёў.
Вольга Дамаскіна: «Проста нерэальная падтрымка жыхароў Наваполацка»
«Кампанія прайшла, як я і чакала. Нічога новага не адбылося. Гэта вынік таго, што ў нас выбараў няма, а дэпутатаў прызначаюць. 17 лістапада гэта яшчэ раз пацвердзілася», — кажа экс-кандыдат па Наваполацкай акрузе Вольга Дамаскіна.
Пры гэтым яна кажа, што «падтрымка ад жыхароў Наваполацка была проста нерэальная».
Уладзімір Кацора: «Каб правесці байкот, недастаткова не пайсці на выбары»
«Я прыняў рашэнне ўдзельнічаць у кампаніі, бо была верагоднасць прызначэння рэферэндуму. На шчасце, яго не было. У выніку кампанія не толькі прайшла як звычайна, умовы пагоршыліся», — распавёў экс-кандыдат па Гомельскай-Сельмашаўскай акрузе Уладзімір Кацора.
Палітык скептычна выказаўся пра прыхільнікаў т.зв. байкоту выбараў. «Байкот — гэта актыўная кампанія, а не пайсці легчы на печы, дровы і газ ёсць, і адляжацца. Гэта слабая пазіцыя», — адзначыў палітык.
Уладзімір Няпомняшчых: Вакол усё прагніла, усю ўладу трэба мяняць
«Людзі пад час кампаніі падтрымлівалі, я гэта адчуваў. Пад час пікетаў падыходзілі, цікавіліся праграмай, падтрымлівалі, прапаноўвалі сустрэцца для далейшай размовы», — распавёў экс-кандыдат па Гомельскай-Цэнтральнай акрузе Уладзімір Няпомняшчых.
У праграме ён прапанаваў адкліканне дэпутатаў, імпічмент Лукашэнкі, нагадаў пра прыбіральні за мільён даляраў, калі дзецям няма чым плаціць за лекі.
Ягор Грышановіч: «Вынікамі» галасавання быццам плюнулі ў твар
«Прымаць удзел у выбарчай кампаніі было даволі цікава. Гэта добры вопыт. Асабліва было прыемна, калі людзі падтрымлівалі і праяўлялі сапраўдную зацікаўленасць», — распавёў экс-кандыдат па Гомельскай-Прамысловай акрузе Ягор Грышановіч.
«Так званыя вынікі галасавання — гэта хлусня і падман! Такое адчуванне, што нахабна плююць у твар і кажуць: „Табе падалося“, а потым зноў плююць», — дадаў малады палітык.
Вітольд Ашурак: «Наша мэта была заняць трыбуну і данесці інфармацыю пра каманду і ідэі»
«Галасаванне на беларускіх выбарах — гэта спецаперацыя сілавых структураў дыктатара, таму ўсур’ёз ставіцца да іх вынікаў не варта», — кажа экс-кандыдат па Нёманскай акрузе Вітольд Ашурак.
Ён тлумачыць, што на выбары ён і ягоная каманда пайшлі ў такіх умовах, бо «мэтай быў не ўдзел у спецаперацыі, а сама выбарчая кампанія». «І выбарчая кампанія экс-кандыдата ў дэпутаты Ашурка прайшла на выдатна. Магу сказаць гэта з усёй адказнасцю», — заявіў абласны каардынтар Руху «За Свабоду».
Іван Крук: «У мяне былі пікеты па ўсім раёне»
«Да маёй кампаніі мясцовыя жыхары ставіліся вельмі станоўча, — адзначыў экс-кандыдат па Смаргонскай акрузе Іван Крук. — Казалі, што ўсё ім там ясна і зразумела».
«Працягнем працу. Наперадзе ў нас яшчэ адна вялікая выбарчая кампанія», — распавёў пра свае планы Іван Крук.
Валянцін Цішко: «Выбарчая кампанія — гэта вялікі вопыт»
«Выбарчая кампанія, гэта, безумоўна цудоўна. Вялікі вопыт за плячыма, прынамсі публічных выступаў перад працоўным калектывам, па тэлебачанні», — адзначыў экс-кандыдат па Маладзечанскай акрузе Валянцін Цішко.
Ён падзякаваў сістэме за названныя лічбы па выніках галасавання. «Не за вынікі. А за лічбы. Бо 3,7% галасоў, гэта як мінімум 2,5 тысячы чалавек падтрымкі. Гэтыя людзі стаміліся жыць так, як прапаноўваюць улады», — кажа палітык.
Ілля Дабратвор: «У людзей адабралі права выбару»
«Саму выбарчую кампанію ацэньваю вельмі станоўча. Але шкада, што ў людзей адабралі права выбару», — заявіў экс-кандыдат па Лагойскай акрузе Ілля Дабратвор.
Пры гэтым ён кажа, што пад час кампаніі было шмат новых людзей. «У дзень выбараў, пасля іх, я атрымаў шмат лістоў падтрымкі. Такую вялікую падтрымку атрымаў хіба ўпершыню за ўвесь час», — адзначыў палітык.
Андрэй Юркоў: «Казаў пра тое, што зараз турбуе людзей»
«Выбарчая кампанія прайшла добра. Асноўным быў збор подпісаў. Потым ужо публікацыя праграмы ў раённай газеце, выступ на тэлебачанні, дэбаты», — адзначыў экс-кандыдат па Горацкай акрузе Андрэй Юркоў.
Ён лічыць, каб быў сапраўдны падлік галасоў, шансы на перамогу былі б вялікія: ёсць сапраўды пазнавальнасць, з
«Я жыву сярод гэтага народу. Трэба трымаць марку: працаваць сумленна, быць прыкладам для людзей. Рабі, што трэба, і будзь, што будзе», — сказаў Андрэй Юркоў.
Сяргей Тышкавец: «Калі ўжо ўлез у палітыку, у ёй застануся»
«Шмат хто адгукнуўся на маю кампанію, у інтэрнатах цэлымі групамі галасавалі, студэнты шмат пісалі», — распавёў экс-кандыдат па Магілёўскай-Цэнтральнай акрузе Сяргей Тышкавец. Па выніках, кажа экс-кандыдат, ён упэўніўся, што выбарчы працэс не зусім празрысты, вынікі не зусім сумленныя.
Далей ён плануе працягваць займацца палітыкай: «Раз ужо ўлез у палітыку, буду ў ёй заставацца».
Таццяна Шамбалава: «Мы не ведаем сапраўдных вынікаў галасавання»
«Мы не ведаем, што было насамрэч. Па водгуках назіральнікаў ніхто не лічыў нічога, пісалі ад балды. На дадзены момант мы ў такім становішчы, што не можам ведаць сапраўдныя вынікі», — распавяла экс-кандыдат па Шклоўскай акрузе Таццяна Шамбалава.
Па яе словах, яе грамадская праца працягнецца і пасля кампаніі. "Буду вырашаць мясцовыя праблемы, тое, што непакоіць жыхароў, старацца нешта змяняць і ў нашых умовах, прымушаць улады дзейнічаць", — распавяла палітык.
Станіслаў Шашок: «Я не сумняюся, што перамог»
"Мы правялі вельмі насычаныя два з паловай месяцы выбарчай кампаніі, падчас якой зрабілі шмат моцных і запамінальных івэнтаў", - прыгадаў экс-кандыдат па Паўднёва-Заходняй акрузе Станіслаў Шашок.
Вынікамі кампаніі ён у цэлым задаволены і не сумняецца ў тым, «што рэальна перамог у Пятроўчшыне».
«Бо я малады кандыдат і так ці інакш працаваў са студэнтамі. Мяне таму і забралі міліцыянты з выбарчага участка пад час падліку галасоў, бо я намагаўся абараніць галасы сваіх выбаршчыкаў і патрабаваў пераліку. Думаю, прыйдзе час, калі чальцам выбарчых камісій прыйдзецца адказваць за гэтыя злачынствы», — падкрэсліў сябра Руху «За Свабоду».
Загалоўнае фота Уладзь Грыдзін/Радыё «Свабода»