Новости Новости Движения

Канкрэтны вынік візіту — слуханні па сітуацыі з правамі чалавека

Канкрэтны вынік візіту — слуханні па сітуацыі з правамі чалавека

3116 просмотров Вашингтон
Рашэнне пра арганізацыю ў Кангрэсе слуханняў, прысвечаных сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, прынятае пасля сустрэчы амерыканскіх палітыкаў з лідэрам Руху «За Свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам.

Аляксандр Мілінкевіч сустрэўся з галоўным намеснікам памочніка дзяржсакратара па дэмакратыі і правах чалавека Карэн Сцюарт, старшынёю Хельсінскай камісіі ЗША кангрэсменам Алсы Гасцінгсам, аўтарам Акту аб дэмакратыі ў Беларусі кангрэсменам Крыстаферам Смітам, а таксама з кіраўніцтвам «Дому Свабоды» (Freedom House), дырэктарам па справах Беларусі Рады Нацыянальнай Бяспекі Крысцінам Квінам.

Лідэр Руху “За Свабоду” падчас гутаркі з уплывовымі амерыканскімі палітыкамі ўзняў пытанне палітычных вязняў у Беларусі (за кратамі знаходзяцца Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка, Міхаіл Казлоў), распавёў пра ўзмацненне рэпрэсіяў супраць незалежных журналістаў (выклікі на допыты Наталлі Радзінай, Марыны Коктыш, Ірыны Халіп, Святланы Калінкінай), нагадаў, што працягваецца практыка нерэгістрацыі палітычных і грамадскіх арганізацый (БХД, Малады фронт, Асамблея, “Вясна” і іншых НДА).

Аўтар Акту аб дэмакратыі ў Беларусі кангрэсмен Крыстафер Сміт адзначыў, што дыялог мусіць быць крытычным і абумоўленым, санкцыі не могуць быць скіраваныя супраць простых людзей, ЗША павінны дамагацца разам з АБСЕ рэальных зменаў практыкі выбараў: уключэнне ва ўсе камісіі прадстаўнікоў незалежных кандыдатаў (як ужо ёсць ва Ўкраіне і Расіі).

З кіраўніцтвам Fredoom House былі абмеркаваныя пытанні супрацоўніцтва з беларускімі праваабаронцамі, падтрымкі рэпрэсаваных актывістаў і журналістаў.

Дырэктар па дачыненнях з ЕЗ Рады Нацыянальнай бяспекі Крысціян Квін казаў аб неабходнасці каардынацыі палітыкі ЗША і ЕЗ у дачыненнях з Беларуссю. Ён лічыць, што ЗША і ЕЗ павінны гаварыць адным голасам, а фінансавая падтрымка Беларусі павінна быць залежнай ад канкрэтных крокаў па дэмакратызацыі краіны. Вельмі важна, каб была супольна распрацаваная дарожная карта для Беларусі.

Па выніках размовы з Аляксандрам Мілінкевічам было прынятае рашэнне, што сёлета ў Кангрэсе будуць арганізаваныя слуханні, прысвечаныя сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Пасля прадстаўнічай сустрэчы лідэр Руху “За Свабоду” выступіў на брыфінгу. Каля дваццаці журналістаў задавалі пытанні пра будучыя выбары ў Беларусі, мэты ўдзелу ў кампаніі, развіццё адносінаў з Расіяй, перспектывы дыялогу з афіцыйным Мінскам.

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Последние новости