«За Свабоду» плануе прайсці ўсе юрыдычныя працэдуры, каб дамагчыся рэгістрацыі сваіх кандыдатаў менавіта ад грамадскага аб’яднання. Як патлумачыў старшыня арганізацыі Юрый Губарэвіч, артыкулы 5, 69 і 137 Канстытуцыі сведчаць, што кандыдатаў маюць магчымасць вылучаць усе грамадзянскія арганізацыі, а не толькі палітычныя партыі.
«Выбарчы кодэкс фактычна пазбаўляе нас гэтага права. Але Канстытуцыя мае перавагу над любымі законамі і дэкрэтамі. Таму мы праверым на адпаведнасць галоўнаму закону сваё права вылучаць кандыдатаў. Нашы прэтэндэнты накіруюць у выбарчыя камісіі поўныя пакеты дакументаў, а ў выніку адмовы будуць абскарджваць іх у вышэйстаячых інстанцыях, у тым ліку ў беларускіх судах і ў Камітэце ААН па правах чалавека. Мы жадаем аднавіць канстытуцыйную законнасць у Беларусі, нарэшце размарозіць палітычнае жыццё ў нашай краіне», — заявіў ён.
Губарэвіч нагадаў, што папярэдняя канферэнцыя прайшла напрыканцы мінулага года. «На ёй мы вызначыліся з дзьвюма асноўнымі накірункамі нашай дзейнасці, якія цяпер паслядоўна рэалізуем. Па першае, гэта ўдзел у палітычных кампаніях праз падтрымку кандыдатаў, папулярызацыю праграмы Руху, удзеле ў назіранні. Па другое, гэта праца з пратэстнымі групамі і падрыхтоўка мясцовых лідараў», — сказаў ён.
Палітык лічыць, што «Рух «За свабоду» падрыхтаваны да ўдзелу ў парламенцкіх выбарах у гэтым годзе. Як адзін з паказчыкаў гэтага — наяўнасць папярэдняга спіса кандыдатаў у дэпутаты, якія ўжо зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы і збіраюць подпісы. Некаторыя з іх таксама вылучаюцца кандыдатамі пры дапамозе партнёрскіх арганізацый, у прыватнасці Партыі БНФ і АГП.
Удзел у парламенцкіх выбарах — важная частка падрыхтоўкі да прэзідэнцкай кампаніі, якая чакае Беларусь у наступным годзе. «Цяперашняй кампаніяй усё толькі пачынаецца. Гэта вынікае ў тым ліку з досведу правядзення пікетаў. Народ гатовы да пераменаў», — адзначыў Янчурэвіч.
«Калі мы здолеем зрабіць пэўныя захады, атрымаць падтрымку шырокага кола насельніцтва, мы зможам пераламіць сітуацыю. Неабходна мець дзесяткі — сотні актывістаў на чале з палітычнымі і грамадскімі лідарамі ў кожнай акрузе», — дадаў Губарэвіч.
Рух збіраецца прыняць удзел у апазіцыйным праймерыз па вызначэнні адзінага кандыдата ў прэзідэнты. Бо, лічыць Губарэвіч, сёння ніводны апазіцыйны прэтэндэнт не зможа самастойна сабраць 100 тысяч подпісаў для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты.
Палітык таксама адзначыў, што бягучая дзейнасць Руху з большага з’яўляецца інструментам, які мусіць працаваць на дасягненне галоўнай мэты — будаўніцтва дэмакратычнай, еўрапейскай, незалежнай Беларусі. «На жаль, такой Беларусі няма з 1994 года, калі выбары перасталі быць інструментам змены ўлады, калі беларусы былі пазбаўлены асноўных правоў і свабодаў», — адзначыў ён.
Рух «За свободу» прыняў адмысловую заяву. У ёй арганізацыя заклікала грамадзян у выпадку спробаў Расіі паглынуць Беларусь сілавым або эканамічным шляхам выступіць у абарону суверэнітэту і незалежнасці сваёй краіны ўсімі даступнымі сродкамі, як гэтага патрабуе арт. 57 Канстытуцыі ( «Абарона Рэспублiкi Беларусь — абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь»).
Заява звязана са з’яўленнем на працягу 2019 года ў сродках масавай інфармацыі Расіі вялікай колькасці правакацыйных заяваў пра магчымасць паглынанняі Беларусі ў найбліжэйшай будучыні. У прыватнасці, дзяржаўным органам у сувязі з гэтым прапаноўваецца: устрымацца ад заключэння дамовы аб паглыбленай эканамічнай інтэграцыі з Расіяй; неадкладна дэнансаваць дамову аб стварэнні саюзнай дзяржавы; дэмаркаваць дзяржаўную мяжу з Расійскай Федэрацыяй і ўсталяваць міжнародныя пункты памежнага кантролю па ўсім яе перыметры; зрабіць неадкладныя крокі для ўступлення Рэспублікі Беларусь у Раду Еўропы і для заключэння двухбаковых дамоваў аб гарантыях тэрміновай вайсковай падтрымкі ў выніку акупацыі або дыверсійных дзеянняўі з боку якой бы то ні было дзяржавы з падпісантамі Будапешцкага мемарандуму; забяспечыць легітымнасць заканадаўчай і выканаўчай улады ў Рэспубліцы Беларусь праз правядзенне дэмакратычных парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў з улікам усіх крытычных заўвагаў і рэкамендацыяў з боку АБСЕ.
Удзельнікі канферэнцыі«Руху «За свабоду» падкрэсліваюць «важнасць правядзення шматвектарнай і збалансаванай знешняй палітыкі Рэспублікай Беларусь для захавання суверэнітэту і незалежнасці краіны, а таксама адпаведнасць еўрапейскай інтэграцыі праз далучэнне да Рады Еўропы ды Еўрапейскай асацыяцыі вольнага гандлю (EFTA) у кароткатэрміновай перспектыве і Еўрапейскай эканамічнай прасторы (EEA) ды Еўрапейскага звязу ў далёкатэрміновай перспектыве нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».