У судзе Маскоўскага раёна Берасця разглядаецца скарга паводле „эксперыменту з бюлетэнямі” сябра Рады Руху “За свабоду” Дзяніса Турчаняка. Дзякуючы яму актывіст выкрыў імаверную фальсіфікацыю на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. Разгляд скаргі, які пачаўся яшчэ а 10-й гадзіне, вядзе суддзя Іна Цівунова.
Падрабязней кажа сам заяўнік Дзяніс Турчаняк: – Уважліва выслухалі мае аргументы. Пракурор задаваў пытанні, на якія я, як лічу, давай годныя адказы.
Падставаў адмяніць пастанову міліцыі ў адмове завесці крымінальную справу па фактах фальсіфікацый няма. Пра гэта паведамляе сябра руху “За свабоду” Сяргей Вакуленка, які прысутнічаў на агучванні пастановы:
– Свае памылкі ўлада ўсё ж такі павінна была прызнаць. Калі яна не прызнае, то рана ці позна трэба будзе адказаць.
Блогер і прыхільнік Руху Сяргей Пятрухін кажа: Працэс палітычны. Тое, што фальсіфікацыя была – гэта факт. І трэба хаця б гэта прызнаць: так, чатыры бюлетэні падкінулі. Супраць фактаў не папрэш. Яны ўсё гэта абыходзяць. Замяняюць галоўнае другасным. Як звычайна.
Вядома што сябры “Руху за свабоду” засталіся незадаволенымі такім сыходам разгляду скаргі і таму бліжэйшым часам, пасля азнаямлення паспрабуюць абскардзіць гэтую справу ў вышэйшай інстанцыі.
Таксама на працэсе прысутнічаў і экс-кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусі, сябра Рады Руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч. На ягоную думку, як эксперымент, так і судовая справа з’яўляецца гучнай і рэзананснай:
– Мы ўсе ведаем, што выбары фальсіфікуюцца. Улада таксама ведае, што іх фальсіфікуе. Тут ёсць канкрэтныя доказы. І гэты эксперымент мае вялікае значэнне. Я звяртаюся да тых людзей, якія бяруць удзел у гэтых маніпуляцыях. Тэрміну даўніны няма. Ёсць прыклады ў Венгрыі ці Польшчы – і я нікога не запужваю – грамадзянская, юрыдычная і крымінальная адказнасць ёсць за тыя злоўжыванні, якія робяцца.
Мікола Ляшкевіч