Новости Новости Беларуси

Краўцэвіч: Дзень беларускай вайсковай славы будзе адным з галоўных святаў Беларусі

Краўцэвіч: Дзень беларускай вайсковай славы будзе адным з галоўных святаў Беларусі

3805 просмотров Орша
На Крапівенскім полі пад Оршай 6 верасня адзначылі Дзень беларускай вайсковай славы. У гэтым годзе вялікай перамозе войска ВКЛ над маскавітамі споўнілася 500 год, але святкаванне прайшло ў паўлегальных умовах.

«Сёння мы святкуем 500 год вялікай перамогі», - адкрыў урачыстасці намеснік старшыні аргкамітэту па ўшанаванні перамогі ў Аршанскай бітвы Мікола Купава

«У свабоднай Беларусі на Крапівенскім полі мусіць быць міністр абароны, тут павінны прымаць прысягу салдаты. Я лічу, што гэтае свята будзе адным з галоўных у незалежнай Беларусі», - адзначыў гісторык Алесь Краўцэвіч.

«Аршанская бітва не была сутыкненнем Масковіі і ВКЛ, гэта была бітва еўразійскага і еўрапейскага светаў», - заявіў гісторык Уладзімір Арлоў.

Епіскап Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Святаслаў і святар Леанід Акаловіч правялі на Крапівенскім полі малебен, а потым асвяцілі памятныя знакі ў гонар перамогі, у тым ліку ўсталяваныя ў гэтым годзе. «Мы тут на сваёй зямлі, нашы продкі тут перамаглі ворага», - сказаў святар Леанід, адзначыўшы важнасць перамогі 500-гадовай даўніны.

На Крапівенскім полі прайшоў таксама невялікі канцэрт. Сярод выступоўцаў быў Зміцер Вайцюшкевіч з песняй "Наш сцяг", пан Скіргайла  з дударскім канцэртам.

З Мінску на Крапівенскае поле прыехалі больш за дваццаць чалавек. Аўтобус сумесна з аргкамітэтам па святкаванні юбілею перамогі забяспечыў Рух «За Свабоду». Ужо на самім полі іх чакалі людзі, якія прыехалі на ўшанаванне памятнай даты на сваіх машынах, а таксама мастакі, што ладзілі там плэнэр. Такім чынам, не гледзячы на забарону на правядзенне свята, да поля даехалі больш за 50 чалавек.

Такая колькасць людзей, упэўнены ў аргкамітэце, у склад якога ўваходзіць і Рух «За Свабоду», звязана з дзеяннямі ўладаў: само святкаванне было забароненае, шмат з тых, хто прыехаў на сваіх машынах, былі аштрафаваныя, паездка на Крапівенскае поле праходзіла ва ўмовах, калі ейная правядзенне было пад пытаннем да апошняга моманту. 

Адна з жанчынаў распавяла, што ўжо пяць дзён яны ездзяць на поле, і кожны дзень іх штрафуюць: то нешта не так з фарай, то не прышпіленыя пасажыры на задніх сядзеннях. На падобныя прычыны штрафаў скардзіліся і другія ўдзельнікі свята, аптымістычна называючы іх «уваходнымі квіткамі».

Аўтобус з Мінску міліцыянты спынялі двойчы, у выніку дазволіўшы праехаць. Аднак было забаронена заязджаць у Оршу. Фармальнай прычынай стала тое, што гэты горад не ўказаны ў пуцявым лісце кіроўцы. Некалькі экіпажаў міліцыянтаў чакалі ад'езду аўтобусу, ласкава патлумачыўшы, як лепей аб'ехаць горад.

Тое, што свята ўсё ж прайшло, лічыць пазітыўным зрухам сябра Рады Руху «За Свабоду» Арцём Лява. «Улады ў рэшце не перашкодзілі правядзенню святкавання. У гэтым я бачу тэндэнцыю да паляпшэння стаўлення да нашых гістарычных сімвалаў. І такая сітуацыя звязаная з сённяшняй сітуацыяй ва Украіне», - сказаў ён для сайту Pyx.by.

Аргкамітэт святкавання перамогі пад Воршай не плануе спыняцца на свяце на Крапівенскім полі, бо, як адзначыў Мікола Купава, «пасля Воршы Астрожскі пайшоў далей». Да канца году ў гонар 500-годдзя запланаваныя яшчэ шэраг мерапрыемстваў – 12 верасня ўрачыста адкрыецца дзіцячая выстава, прысвечаная юбілею, а 23 кастрычніка – выстава дарослых мастакоў, пройдуць шэраг прэзентацыяў кнігаў пра Аршанскую бітву. 

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
    список комментариев пуст

Последние новости