News Belarus News

Мінадукацыі не падтрымала 300 чалавек, якія прасілі звольніць рэктара ВДУ

Мінадукацыі не падтрымала 300 чалавек, якія прасілі звольніць рэктара ВДУ

386 views Vitebsk
У Віцебскім дзяржаўным універсітэце да Дня роднай мовы праводзіўся тыдзень у гонар рускай мовы. Пасля гэтага па ініцыятыве сябра Рады Руху «За Свабоду» Хрыстафора Жаляпава з’явілася электронная петыцыя з патрабаваннем адстаўкі рэктара вну Аляксея Ягорава.

На думку Жаляпава, пасаду рэктара беларускай ВНУ не можа займаць чалавек, са згоды якога сярод студэнтаў прапагандуюцца ідэі «русского мира». Аўтары дакумента патрабавалі адстаўкі Ягорава, забароны ўмяшання замежных грамадскіх арганізацый і фондаў ва ўнутранае жыццё беларускіх навучальных установаў.

«Мы хочам, каб у нашых ВНУ выхоўваліся сапраўдныя патрыёты Беларусі, а не касмапаліты з няўцямнымі поглядамі на ідэалагічна важныя складнікі грамадскага жыцця», — заключылі аўтары петыцыі, якую падпісалі 310 чалавек.

У адказе за подпісам намесніцы міністра адукацыі Раісы Сідарэнкі паведамляецца спіс мерапрыемстваў, якія ВДУ правёў да Дня роднай мовы. Па дадзеным чыноўніка, сярод іх былі і прысвечаныя беларускай мове.

«Ваша прапанова аб звальненні Аляксея Ягорава, рэктара ўстановы адукацыі „Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава“, прынята да ведама», — паведаміла Сідарэнка.

«Мяне не задавальняе адказ, таму што там чыноўнікі не адказалі на пытанні. У прыватнасці, няма нічога наконт таго, што тыдзень рускай мовы быў правакацыяй, накіраванай супраць беларускай дзяржаўнасці», — пракаментаваў адказ сайту Pyx.by Жаляпаў.

Мерапрыемствы ў гонар рускай мовы ва ўніверсітэце адбываліся па ініцыятыве кафедры сусветных моваў. Кіраўніком гэтай кафедры пры Ягоравым была прызначаная Ірына Зайцава, якая пераехала ў Віцебск з Луганску, дзе была функцыянеркай Луганскага абласнога Расійскага цэнтру, узначальвала Украінска-расійскі саюз, супрацоўнічала з «Русским блоком» і «Русским движением», неаднаразова называла сябе абаронцай «русского мира» і рускай мовы.

«У віцебскім універсітэце Зайцава раскручвае сваю прапагандысцкую дзейнасць у падтрымку „русского мира“, — адзначыў Хрыстафор Жаляпаў. — Ягораў ведаў, каго бярэ на працу і каго прызначае загадчыкам кафедры, ведаў, хто яна такая».

Па меркаванню сябра Рады Руху «За Свабоду», такім рэчам трэба супрацьстаяць, тым болей у педагагічным універсітэце, каб абараніць нашу моладзь. «Цяпер трэба інфармацыйная кампанія, каб ва ўніверсітэце зразумелі, што мы не дазволім зрабіць тут яшчэ адзін Луганск ці Данецк», — заключыў Хрыстафор Жаляпаў.

Author: Volha Bykouskaya

Visitor Comments

Name: Optional
E-mail: Optional
Comment:
    No comments yet

Latest News