News Belarus News

Рух «За Свабоду» пераходзіць да актыўнай фазы падрыхтоўкі да выбарчай кампаніі

Рух «За Свабоду» пераходзіць да актыўнай фазы падрыхтоўкі да выбарчай кампаніі

2137 views Minsk
Рада «За Свабоду» разгледзіла фармат удзелу арганізацыі ў бліжэйшай парламенцкай выбарчай кампаніі.

У межах Правацэнтрысцкай кааліцыі ёсць папярэдняя дамоўленасць пра фармаванне адзінага спісу кандыдатаў, паведаміў прысутным старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

«Плануецца закрыць усе 110 выбарчых акругаў. Рух «За Свабоду», як і іншыя ўдзельнікі кааліцыі, можа прэтэндаваць на адну траціну. Гэта значыць, што давядзецца рабіць унутраны конкурс, каб адабраць самых моцных кандыдатаў, якія працавалі з выбарцамі ў сваіх акругах з 2016 і маюць сфармаваныя каманды», - адзначыў лідар Руху.

Аднак, дадаў ён, пэўную колькасць месцаў мы пакінем і для новых актывістаў, якія далучыліся ў апошнія гады і маюць жаданне паспрабаваць сябе ў ролі кандыдата на выбарах.

«Наша задача за тыя паўгады, якія засталіся да дня галасавання інтэнсіфікаваць працу па падрыхтоўцы кандыдатаў і іх камандаў, стварыць метадычную і матэр'яльную аснову для правядзення эфектыўных і заўважных кампаній. Кожны з кандыдатаў Руха мусіць стаць і заставацца палітычным лідарам свайго рэгіёну, не гледзячы на “афіцыйныя“ вынікі, якія «намалююць» камісіі ў выніковых пратаколах», - падкрэсліў Юрый Губарэвіч.

Разам з тым, заявіў намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Віктар Янчурэвіч, «мы мусім зрабіць сур'ёзную стаўку на назіранне, якое дазволіць схапіць фальсіфікатараў за руку і паказаць выбарцам, як і чаму ў Беларусі дэпутатамі становяцца зусім не тыя кандыдаты, за якіх галасуюць людзі».

Ён паведаміў, што ў рамках кампаніі «Права выбару» зроблены акцэнт на татальнае назіранне на ўдарных акругах, а таксама запланаваная адукацыя для назіральнікаў, распрацоўваецца заканадаўчая ініцыятыва па зменах у Выбарчы Кодэкс. Акрамя таго, для кожнага з кандыдатаў Руху «За Свабоду» і іх камандаў будуць праведзеныя трэнінгі па юрыдычных пытаннях, збору подпісаў, правядзенню агітацыі, праграме Руху «За Свабоду».

«Для тых кандыдатаў, якія з'яўляюцца самымі моцнымі ў сваіх рэгіёнах, прадугледжаныя двухдзённыя трэнінгі», - дадаў Янчурэвіч.

«Для нас рашэнне кіраўніка краіны скараціць тэрмін паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў не стаў нечаканасцю і не стварыў нязручнасці ў падрыхтоўцы да выбараў. Большасць рэгіянальных лідараў Руха працуе з выбарцамі ў штодзённым рэжыме, маюць вядомасць, карыстаюцца падтрымкай і гатовыя ў любы момант кінуць выклік праўладным кандыдатам», - заключыў Юрый Губарэвіч.

На Радзе таксама падвялі вынікі святкавання Дня Волі і правядзення несанкцыяванага «Чарнобыльскага шляху». У шэрагі арганізацыі былі прынятыя 12 новых сябраў.

Visitor Comments

Name: Optional
E-mail: Optional
Comment:
    No comments yet

Latest News