News Belarus News

Выйшаў з суда і пайшоў рабіць блог. Сяргею Пятрухіну далі 17 680 рублёў штрафу за «абразу» міліцыянтаў

Выйшаў з суда і пайшоў рабіць блог. Сяргею Пятрухіну далі 17 680 рублёў штрафу за «абразу» міліцыянтаў

993 views Brest
Берасцейскі блогер, прыхільнік Руху «За Свабоду» Сяргей Пятрухін атрымаў 17 тысячаў 680 рублёў штрафу за «абразу» і «паклёп» на міліцыянтаў. Гэта найбуйнейшы штраф журналістам і блогерам за апошнія гады. Колькі каштуе беларуская свабода слова і як яе ацанілі ў свеце?

Аляксандр Семянчук, суддзя:

«Прызначыць Сяргею Пятрухіну пакаранне на падставе арт. 188 ч.2 КК Рэспублікі Беларусь «Паклёп» і арт. 189 ч.2 «Абраза».

Штраф разам з судовымі выдаткамі склаў BR 17 680 руб. Пракурор прасіў абмежаваць волю Сяргею Пятрухіну на 2 гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Сам блогер гэта каментуе так:

«Пануе мянтоўскае бязмежжа, таму я думаў што мне дадуць «хімію», але я занадта не цешуся. Бо Мікола Самасюк гэтага так проста не пакіне».

На youtube-канале «Народны рэпарцёр» знойдзем усе прычыны, з якіх Сяргей Пятрухін можа не падабацца міліцыянтам і ўладам… Дае слова пакрыўджаным дзяржаваю, крытыкуе недакранальных, разам з сотнямі берасцейцаў актыўна супрацьстаіць запуску заводу свінцова-кіслотных акумулятараў пад Берасцем. Хто такі Пятрухін – ведае ці не кожны чацвёрты берасцеец:

«Ён скандальныя сітуацыі ў горадзе разбірае».

«Я чуў пра такога, ён змагаецца з ветракамі ў выглядзе нашых дзяржаўных органаў».

«Нібыта ён абазваў міліцыянта, але я лічу, што гэта не абзыванне, гэта літаратурныя словы».

«Недзе яго інтарэсы не супалі з інтарэсамі ўладаў».

У суд сёння прабіліся не ўсе ахвочыя… Большасць месцаў яшчэ да працэсу занялі міліцыянты, якіх у залю запусцілі праз чорны ўваход.

«Яны паказваюць – глядзіце, мы вас адмыслова сюды прывялі, каб вы ведалі – вам можна ўсё! Тут жа і кіраўніцтва іхнае прысутнічае, паказвае: «Мы з вамі! Мы вас падтрымаем!» Вы рабіце, а ў нас хопіць адміністратыўнага рэсурсу на тое, каб усіх запалохаць і перасадзіць!» – распавядае Сяргей Пятрухін.

Каб застацца на працэсе, грамадскі актывіст Віталь Казак мусіў здабываць сабе дадатковае крэсла.

Наперадзе – працэдура абскарджання. Праваабаронца, сябра Рады Руху "За Свабоду" Раман Кісляк:

«Будзем вывучаць гэтую справу. Абскарджваць будзе пэўна сам Сяргей Пятрухін, а таксама грамадзяне, у стасунку якіх парушылі правы, калі яны прысутнічалі на судовым паседжанні».

Гэтая справа – толькі хваля ў плыні ціску на незалежныя медыі – мяркуе сябра руху «За свабоду» Вольга Быкоўская.

Летась быў беспрэцэдэнтны пераслед журналістаў незалежных медыяў – адзначылі праваабаронцы міжнароднай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» у сваёй штогадовай справаздачы. У «Сусветным індэксе свабоды прэсы» зноў маем нізкую ацэнку – 153 са 180 месцаў.

«Дзякуй вялікі, сябры, што прыйшлі мяне падтрымаць», – кажа Сяргей Пятрухін.

Падтрыманне грамадскасці спатрэбіцца і ў аплачванні непамерна вялікага штрафу, на якое суд даў Пятрухіну 1 месяц.

Юлія Цяльпук

Source: belsat.eu

Visitor Comments

Name: Optional
E-mail: Optional
Comment:
    No comments yet

Latest News