News Belarus News

Па-за кампэтэнцыяй. Мінкульт адказаў Севярынец наконт перайменаваньня бібліятэкі

Па-за кампэтэнцыяй. Мінкульт адказаў Севярынец наконт перайменаваньня бібліятэкі

938 views Vitebsk
Напрыканцы лютага сябра Руху «За Свабоду» Тацяна Севярынец абскардзіла ў Міністэрстве культуры адмову Віцебскага аблвыканкаму разглядаць пытаньне аб наданьні імя Васіля Быкава Віцебскай абласной бібліятэцы. І вось які адказ атрымала зь Мінкульту.

«У адпаведнасьці з п.2 Палажэньня аб парадку ўзгадненьня найменьня камэрцыйных і некамэрцыйных арганізацыяў, у рэгіструючыя органы для ўзгадненьня найменьня юрыдычных асобаў могуць зьвярнуцца кіраўнік гэтай юрыдычнай асобы або іншая асоба, упаўнаважаная ў адпаведнасьці з заснавальным дакумэнтам або даверанасьцю дзейнічаць ад імя гэтай юрыдычнай асобы.

Інфармуем, што дзяржаўная ўстанова Віцебская абласная бібліятэка імя У.І.Леніна падпарадкаваная ўпраўленьню культуры Віцебскага аблвыканкаму.

Такім чынам, узьнятае Вамі пытаньне належыць да выключнай кампэтэнцыі адміністрацыі бібліятэкі і мясцовых органаў улады», — гаворыцца ў адказе першай намесьніцы міністра культуры Натальлі Карчэўскай.

Нагадаем, у студзені віцебскія актывісты сабралі агулам больш за 400 подпісаў гараджан пад зваротамі ў аблвыканкам з просьбай надаць віцебскай «ленінцы» імя Васіля Быкава (325 чалавек падпісаліся ў тым ліку пад электроннай пэтыцыяй).

Але ўпраўленьне культуры адмовілася нават разглядаць пытаньне аб перайменаваньні ўстановы — «у сувязі з адсутнасьцю адзінага падыходу і палярнасьці поглядаў».

Летась віцябляне ўжо рабілі спробу дэнамінацыі бібліятэкі. Прапаноўвалі імя Леніна ў назве бібліятэкі зьмяніць на імя Скарыны. Пад зваротам у 2018 годзе падпісаліся больш за 500 віцяблян, але ўпраўленьне ідэалёгіі аблвыканкаму палічыла перайменаваньне немэтазгодным, патлумачыўшы, што «падобныя дзеяньні могуць выклікаць нэгатыўную рэакцыю ў часткі насельніцтва».

Зьміцер Міраш

Visitor Comments

Name: Optional
E-mail: Optional
Comment:
    No comments yet

Latest News