News Belarus News

Чыноўніка аштрафавалі за адпіску па справе прытулку для бяздомных жывёлаў у Слуцку

Чыноўніка аштрафавалі за адпіску па справе прытулку для бяздомных жывёлаў у Слуцку

623 views Slutsk
Пракуратура правядзе праверку па факту незаконнага адстрэлу бяздомных жывёлаў у Слуцку, а чыноўнік з ЖКГ аштрафаваны на 4 базавых велічыні за адпіску па справе, якую ён накіраваў абласному каардынатару Руху «За Свабоду» Віталю Амяльковічу.

Амяльковіч паскардзіўся на нежаданне слуцкіх уладаў стварыць у горадзе прытулак для бяздомных жывёлаў і правядзенне рэгулярных неабгрунтаваных адстрэлаў сабак. Чыноўнікі з Жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мінскай вобласці патлумачылі: прытулку не будзе праз адсутнасць фінансавання, а вось пытанне пра падставы адстрэлаў "не заўважылі".

Па дадзеных ЖКГ Мінскай вобласці, адстрэл бяздомных жывёлаў адбываецца ў планавым парадку і па заяўках грамадзянаў, пры гэтым «будаўніцтва спецыяльна абсталяванага часовага прыёмніка для ўтрымання безнаглядных жывёлаў не плануецца ў сувязі з адсутнасцю сродкаў у Слуцкім раёне». Пры гэтым чыноўнікі ўсё ж выказалі гатоўнасць супрацоўнічаць з валанцёрамі і зааактывістамі гораду.

Недасканалы адказ Віталь Амяльковіч абскардзіў у пракуратуру і атрымаў адказ ад старэйшага пракурора з аддзела па нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў І. Сіманавай, што скарга задаволеная.

Праз парушэнне заканадаўства пра звароты грамадзянаў намеснік гендырэктара па камунальнай гаспадарцы «ЖКГ Мінскай вобласці» А. Шульга быў аштрафаваны на 4 базавых велічыні (102 рублі). Акрамя таго, намесніку старшыні Мінаблвыканкама С. Неўмержыцкаму будзе вынесена прадпісанне пра «ўстраненні парушэнняў заканадаўства» і неабходнасць разгледзець зварот паўторна.

«Пракурору Слуцкага раёна будзе даручана правядзенне праверкі па пытанню незаконнага адстрэлу безнаглядных жывёлаў на тэрыторыі Слуцка і Слуцкага раёна», - заключыла Сіманава.

«Я спадзяюся, што пасля ўмяшальніцтва Мінскай абласной пракуратуры чыноўнікі будуць вымушаны адказаць мне па сутнасці і прызнаюць, што адстрэлы ажыццяўляліся незаконна. Пры гэтым вінаватыя будуць пакараныя», - пракаментаваў адказ Віталь Амяльковіч.

Актывіст таксама выказаў спадзяванне, што гэты адказ станоўча паўплывае на больш сур'ёзнае вырашэнне праблемы безнаглядных жывёлаў.

«Я планую пасля адказу па сутнасці ад чыноўнікаў ізноў завітаць да так званых дэпутатаў і задаць чарговы раз ім пытанні па сутнасці вырашэння праблемы», - заключыў Мінскі абласны каардынатар Руху "За Свабоду".

Visitor Comments

Name: Optional
E-mail: Optional
Comment:
    No comments yet

Latest News