News Belarus News

Мілінкевіч: Я не спадзяюся, што ёсьць шанец на адзінага кандыдата ад апазыцыі

Мілінкевіч: Я не спадзяюся, што ёсьць шанец на адзінага кандыдата ад апазыцыі

589 views Minsk
Госьць «Інтэрвію тыдня» — «адзіны кандыдат» у прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў на выбарах 2006 году, першы старшыня Руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч. Ён лічыць, што апазыцыя павінна шчыра адказаць на пытаньне, чаму яна ідзе на выбары, калі выбараў няма, і заяўляе, што без дыялёгу ўлады і грамадзтва не ўтрымаць самастойнасьць краіны.
Сьцісла
Я баюся, што праэўрапейскія сілы на выбарах будуць саромецца казаць пра эўрапейскі шлях.
«Мяккай беларусізацыі» ўжо недастаткова.
Салідарны няўдзел асноўных дэмакратычных сілаў, магчыма, стаў бы дэманстрацыяй таго, што мы ставім пэўныя ўмовы.
Сёньня ў апазыцыі не хапае жаданьня казаць праўду
— Як вы стратэгічна глядзіце на пытаньне падрыхтоўкі дэмакратычных сілаў да прэзыдэнцкіх выбараў і на ўдзел у іх? Ці лічыце, што адзіны кандыдат быў бы найлепшым варыянтам? І наколькі гэта рэалістычна ў нашай сытуацыі?
— Шчыра кажучы, калі назіраю за падзеямі — маю пачуцьцё трывогі. Я не спадзяюся, што ёсьць шанец на адзінага кандыдата. З 2007 году не было ніводнага кангрэсу дэмакратычных сілаў, няма кансалідацыі, гэта відавочна. Нават няма дыялёгу паміж рознымі партыямі. Гэта, безумоўна, кепска.
Але я трывожуся не за стан апазыцыі і не за ўладу, якая невядома, ці ўмее адказаць на маскоўскія правакацыі, якія могуць быць. Я трывожуся за тое, у якім стане будзе беларускае грамадзтва пасьля выбараў. Ці будзе яно больш аптымістычным, ці будзе яно больш праэўрапейскім, ці ня будзе яно зьнявераным.
— З гэтага пункту гледжаньня — грамадзтва ўсё ж арыентуецца ў значнай ступені на лідэраў. У якім кірунку дэмакратычныя сілы павінны весьці сваіх прыхільнікаў, якую альтэрнатыву прапаноўваць?
— Я думаю, сёньня недастаткова сказаць: «У Беларусі няма рэальных выбараў». Мала сказаць пра тое, што кепска. Бо людзі пытаюцца — «А чым пры вас будзе лепш? Што вы зробіце інакш за Лукашэнку?» (Хоць у Лукашэнкі рэйтынгі і невысокія).
Я думаю, больш за ўсё сёньня ў апазыцыі не хапае жаданьня казаць праўду. Бо людзі, напрыклад, пытаюцца: «Чаму вы ідзяце, калі выбараў няма?» Сказаць ім, што мы хочам з вамі сустрэцца і распавесьці пра свае падыходы, — гэтага недастаткова.
Грамадзтва ў стане няўпэўненасьці. Калі мы кажам пра лідэраў думкі — то ва ўладзе такіх няма, і ў апазыцыі таксама не назіраецца. І ў гэтым вялікая праблема. Раней людзі казалі: «Улада сама па сабе, а мы сабе па сабе, мы ім не цікавыя». Трэба зрабіць усё, каб людзі тое самае не казалі пра апазыцыю. Такая пагроза ёсьць.
Я ўпэўнены, што і сёньня трэба казаць пра каштоўнасьці
— Калі вы былі адзіным кандыдатам на выбарах 2006 году, то ў вашай кампаніі быў даволі выразны мэсыдж — «эўрапейскі выбар». Гэта была альтэрнатыва тагачаснай палітыцы ўладаў. Але які мэсыдж, дэвіз можа быць у апазыцыйных сілаў сёньня? Абарона незалежнасьці? Але і ўлада пра гэта таксама заяўляе.
— Я ўпэўнены, што і сёньня мэсыдж павінен быў каштоўнасны. Не кішэня поўная і страўнік задаволены — трэба казаць пра каштоўнасьці. Нічога страшнага, калі гэтыя каштоўнасьці будуць у нечым супадаць з тым, што дэкляруе ўлада. Гэта няправільны падыход — «Калі ўлада нешта сказала, то мы ўжо ня можам паўтарацца». Трэба паўтарацца. Трэба гаварыць! Жыць у незалежнай краіне большасьці падабаецца, і гэта выдатна, але за гэта трэба змагацца, трэба адстойваць гэта.
Таму незалежнасьць — гэта адзін з галоўных лёзунгаў, але яшчэ трэба казаць, куды мы ідзем. Я баюся, што праэўрапейскія сілы будуць саромецца казаць пра эўрапейскі шлях. У Эўропе крызіс, рэйтынгі праэўрапейскага шляху ня вельмі высокія. І дэмакратычныя сілы паспрабуюць гуляць на тым, што ўлада непапулярная, аддаленая ад людзей і гэтак далей.
Але я лічу, што калі мы кажам пра незалежнасьць, то мы павінны казаць і пра эўрапейскі выбар. Гэта ня значыць, што як толькі мы пагрукаемся, то нам адразу адчыняць. Трэба ісьці да стандартаў, супрацоўнічаць з Эўропай — гэта, я лічу, павінна быць тэмай нумар 1 для беларускіх дэмакратаў.
«Мяккай беларусізацыі» ўжо недастаткова
— У 2009–10 годзе ўлада пайшла на «нармалізацыю» адносінаў з Захадам, і гэты працэс трагічна скончыўся 19 сьнежня 2010 году. Цяпер афіцыйны Менск таксама праводзіць палітыку «нармалізацыі» стасункаў з Эўразьвязам і ЗША. Як вы лічыце, наколькі гэта трывалы курс? Ці ўлада пайшла на яго чыста з сытуатыўных меркаваньняў у якасьці адказу на ціск Расеі? Ці ва ўлады сапраўды зьявілася разуменьне важнасьці адносінаў з Захадам?
— Калі казаць пра падзеі ва Ўкраіне, ад якіх мы моцна залежым — то Пуцін адыграў велізарную ролю ў кансалідацыі і станаўленьні глыбокай ідэнтычнасьці ўкраінцаў. Я лічу, што вельмі важна, каб улада, акрамя таго, што супрацоўнічае з Эўропай (і гэта выдатна), рабіла ўсё, каб замацаваць нацыянальную самасьвядомасьць, гістарычныя веды, пазыцыі беларускай мовы. «Мяккай беларусізацыі» ўжо недастаткова.
Супраца з Эўропай павінна суправаджацца гэтымі дзеяньнямі па нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў. Я думаю, што ва ўладзе ідзе барацьба. Нехта лічыць гэта неабходным, нехта гэтага баіцца, бо Расея на гэта коса паглядзіць. Але гэта нумар 1 для ўлады, бо масавае пачуцьцё беларускасьці ў значнай ступені залежыць не ад дэмакратычных арганізацыяў, а ад улады.
— Ёсьць скептычнае выказваньне, што гісторыя нічому ня вучыць. Тым ня менш — пытаньне да вас як да чалавека зь вялікім палітычным досьведам: якія гістарычныя ўрокі, на вашу думку, мы павінны вынесьці з папярэдніх кампаніяў?
— Адзіны кандыдат ці розныя калёны — гэта вечнае пытаньне беларускай апазыцыі. Калі адзіны кандыдат выбіраецца дэмакратычна на вялікім кангрэсе — то гэта добрая мабілізацыя для грамадзтва. У 2006 годзе ў нашай кампаніі ініцыятыўная група складала больш за 5 тысячаў чалавек. Кансалідацыя — гэта пэўны знак якасьці і знак для грамадзтва, што ёсьць шанец.
Нават калі гэтым разам не атрымаецца «адзіны», то вельмі важна паказаць, што апазыцыя ў стане дамаўляцца — чаго пакуль што няма. І я думаю, што сёньня апазыцыя павінна зрабіць акцэнт менавіта на гэтай працы, паказаць, што яны дамоваздольныя. Трэба прадэманстраваць, што людзі ідуць на гэтыя выбары не патрэніравацца, не нагадаць пра свае структуры. І калі ты кажаш, што выбараў няма, але ідзеш на іх — дык дзеля чаго? Адказу на гэтае пытаньне няма, і гэта псуе імідж дэмакратаў.
Слова «праўда» павінна быць ляйтматывам кампаніі. Уладу папракаюць, што недастаткова гэтай праўды, клопату аб людзях. І апазыцыя проста абавязаная гаварыць праўду.
Байкот у нас немагчымы, бо гэта моцная і салідарная кампанія. Але я ўсё больш думаю, што нават салідарны няўдзел асноўных дэмакратычных сілаў, магчыма, стаў бы дэманстрацыяй таго, што мы ставім пэўныя ўмовы. Мы кажам так: калі нас ня будзе ў выбарчых камісіях — мы не ідзем на выбары. Пакуль няма гэтай інтрыгі, усе ідуць, самі ня ведаюць, куды і навошта. І людзі гэта адчуваюць.
Без дыялёгу мы не ўтрымаем краіну самастойнай
— За вашую ідэю дыялёгу з уладай вас у свой час вельмі моцна палітычна білі. Ці патрэбна гэта сёньня, калі ўлада даўно паказала, што ня мае ніякага жаданьня ісьці на дыялёг — і ў цэлым з грамадзтвам, і канкрэтна з палітычнымі апазыцыйнымі сіламі?
— Я прытрымліваўся ідэі, што патрэбны дыялёг і ўнутры Беларусі, і дыялёг беларускай улады з цывілізаваным сьветам, і ніколі не шкадую аб гэтым. Асабліва сёньня, калі наша незалежнасьць пад рэальнай пагрозай. Без дыялёгу мы не ўтрымаем краіну самастойнай.
Нават у апазыцыі ёсьць вялікі недавер, ёсьць думка, што толькі мая пазыцыя слушная, абсалютная самаўпэўненасьць. Але ў любой дэмакратычнай краіне галоўнае — гэта дыялёг і кампраміс. Погляды заўсёды будуць розныя. Калі вы думаеце, што ў новай эўрапейскай дэмакратычнай Беларусі будуць толькі дэмакратычныя погляды — то гэта памылка. Мы бачым, што робіцца ў Эўропе.
Віталь Цыганкоў

Источник: www.svaboda.org

Visitor Comments

Name: Optional
E-mail: Optional
Comment:
    No comments yet

Latest News