News Movement News

Мілінкевіч: трэба паспець сказаць дзякуй Гілевічу за яго працу на карысць Беларусі

Мілінкевіч: трэба паспець сказаць дзякуй Гілевічу за яго працу на карысць Беларусі

3122 views Bychki
Трэба паспець сказаць такім людзям як Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч вялікі дзякуй за тую працу, якую яны зрабілі на карысць Беларусі, адзначыў старшыня Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч на ўручэнні прэміі «За Свабоду думкі» імя Васіля Быкава.

Аб'явіў лаўрэата гэтага года Алесь Марачкін. Ён успомніў часы, калі Ніл Гілевіч быў народным дэпутатам БССР і на ўвесь свет расказаў пра праблемы беларускай мовы.

– Яго сэрца балела і баліць за ўсё, што адбываецца ў нас, – зазначыў Марачкін, а пасля працытаваў некалькі радкоў з творчасці паэта:

– Пакуль паэты будуць пець – не быць Радзіме безыменнай, зямлі бацькоў не анямець!

У якасці ўзнагароды Нілу Гілевічу ўручаць статуэтку аўтарства скульптара Віктара Копача і дыплом. І хаця паэт не змог завітаць на радзіму Быкава, ён перадаў аўдыторыі вітальнае слова, у якім падзякаваў за аказаны гонар.

– Мне вельмі імпануе, што прэмія мае назоў "За свабоду думкі". Праз усю гісторыю чалавецтва людзі, надзеленыя пачуццём грамадзянскай годнасці, даражылі больш за ўсё гэтым – свабодай думкі, – сказаў Ніл Гілевіч.

Павіншавалі паэта з узнагародай і былыя лаўрэаты. Да прыкладу, Віктар Шалкевіч успомніў, як 30 гадоў таму Ніл Гілевіч разам з іншымі пісьменнікамі прыязджаў выступаць у Гродна. У тыя часы, каб паслухаць паэтаў, набіваліся поўныя залы людзей. Пасля аднаго з такіх выступаў Гілевіч разам з Шалкевічам, паэтам Леанідам Галубовічам ды іншымі пайшоў прагуляцца па горадзе.

– Галубовіч выдаў зборнік, мы пачалі чытаць яго вершы. Я прачытаў верш пра скрыпку, – распавядае Шалкевіч. – Гілевіч глядзіць на мяне ласкава і кажа: "А вы мае вершы ведаеце?" Я кажу: "Не, Ніл Сымонавіч, яшчэ не ведаю". Я не пачытаў тады яго вершы.

Таму падчас імпрэзы Шалкевіч выканаў абавязак 30-гадовай даўніны і прачытаў верш Гілевіча пра васілёк:

"Услаўлялi яго, запляталi ў вянкi,
Потым кпiлi з яго, абзывалi ўсяляк,
А ён моўчкi цвiце, як i цвiў праз вякi,
I прызнайцеся шчыра, нашчадкi сялян:
Цi ж не сумна было б гэтай сцежкай iсцi
Мiж густой збажыны, каб хоць рэдка здалёк
Сiнiм вокам сваiм не глядзеў, не свяцiў,
Не трывожыў шчымлiва душу васiлёк?"

Мясцовая жыхарка і пенсіянерка Валянціна Цар распавяла, што чытала ўсе творы Быкава і вельмі яго паважае як аўтара, які пісаў праўду. Яна ўспомніла, што, па сведках аднакласнікаў, Быкаў быў дужа шустрым хлопцам, а калі ў мясцовым гаі гулялі ў вайну, то заўсёды выконваў ролю камандзіра.

 – Яго першай дзеўкай была Маня Міхашонак. Яна ўжо памерла. Ён яе кахаў, але не падаваў віду. Дык ён ёй намаляваў і падараваў карціну, на якой былі тры кані, – кажа Валянціна Цар.

Людзей заслужаных у нас многа, а ўзнагароджаных мала, таму важна, што ў гэтым годзе прэмію атрымаў Ніл Гілевіч,  сказаў старшыня Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч. Па ягоных словах, у гэтым годзе было 20 прэтэндэнтаў на ўзнагароду, пераможцу абірала журы з пераможцаў былых гадоў.

- Часта бывае, што чалавек пры жыцці мала чуе добрых словаў. Ну так, ён вялікі, значны і ўсё такое, але ён сядзіць адзін, як Гілевіч. Ён даўно не выходзіць з дому, яму цяжка маральна. І калі яму сказалі пра гэтую прэмію, ён заплакаў. Проста ён казаў: “Не чакаў і для мяне не ведаеце, якая гэта асалода". Таму трэба паспець сказаць людзям вялікі дзякуй за такі лёс і за столькі працы, колькі ён зрабіў на карысць Беларусі.

У сваю чаргу, паэт Міхась Скобла нагадаў, што Ніл Гілевіч увойдзе ў гісторыю, бадай, як адзіны паэт, што, напрыклад, выдаў збор сваіх твораў у 23 тамах на ўласную пенсію.

Па меркаванні Аляксандра Мілінкевіча, якому прыйшла ідэя арганізаваць прэмію "За свабоду думкі", ініцыятыва будзе жыць і надалей.

– Для нас словазлучэнне "свабода думкі" базавае і самае важнае. Атрымалі прэмію людзі, якія добра вядомыя, і менавіта яны вызначаюць наступных лаўрэатаў. Гэта ператвараецца ў клуб выдатных асобаў, – лічыць ён. 

Паводле Tut.by, Радыё "Рацыя", "Новы час"

Visitor Comments

Name: Optional
E-mail: Optional
Comment:
    No comments yet

Latest News