News Belarus and World

Штэфан Фюле: Найперш — вызваленне палітвязняў

Штэфан Фюле: Найперш — вызваленне палітвязняў

2815 views
Вызваленне ў Беларусі палітвязняў Еўрасаюз разглядае як перадумову пачатку дыялогу з афіцыйным Мінскам.

Аб гэтым заявіў еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле падчас дыскусіі па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, якая адбылася ў Бруселі 5 снежня з удзелам праваабаронцы Валянціна Стэфановіча і старшыні грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жанны Літвіной, перадае БелаПАН.

Фюле выказаў падтрымку палітычным вязням, ўсім праваабаронцам Беларусі, а таксама асабіста Алесю Бяляцкаму.

Як распавёў Стэфановіч, да еўракамісара была даведзеная інфармацыя аб новых прысудах у дачыненні да палітвязняў, а таксама аб узмацненні рэжыму іх ўтрымання за кратамі.

Як паведамляе прэс-служба ГА «БАЖ», на сустрэчы, арганізаванай Міжнароднай федэрацыяй за правы чалавека, гаворка з еўракамісарам таксама ішла пра лібералізацыю сферы СМІ.

«Любое супрацоўніцтва і партнёрства заўсёды базіруецца на ўзаемным даверы і свабодзе выказвання. Тры гады таму, калі быў абвешчаны дыялог ЕС з афіцыйным Мінскам, былі распрацаваны рэкамендацыі для Беларусі ў галіне масмедыя. За тры гады ніводная з рэкамендацый, на жаль, так і не была выканана беларускімі ўладамі, — адзначыла Літвіна па выніках сустрэчы. — Таму мая прынцыповая пазіцыя, што любы дыялог аб мадэрнізацыі, любы перамоўны працэс павінен пачынацца з невялікіх, але ўсё ж крокаў беларускага боку».

Як паведаміла кіраўнік БАЖ, камісару Фюле былі сфармуляваны «пяць канкрэтных крокаў, якіх даўно патрабуе ад беларускіх уладаў журналісцкая супольнасць».

«Такія крокі сведчылі б пра хоць бы мінімальную гатоўнасць афіцыйнага Мінска ісці на перамовы. Гэта спыненне крымінальнага пераследу Андрэя Пачобута і Антона Сурапіна; спыненне пераследу часопіса Arche ды разблакаванне яго рахункаў; увядзенне мараторыя на выкарыстанне шасці адыёзных дыскрымінацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса; заяўны прынцып акрэдытацыі, а таксама спыненне гвалтоўных перашкодаў для працы журналістаў, якія адбываюцца ў Беларусі амаль кожны месяц», — заявіла Літвіна.

Літвіна і Стэфановіч найбліжэйшымі днямі маюць намер сустрэцца з іншымі еўрапейскімі дыпламатамі, а таксама дэпутатамі Еўрапейскага парламента.

Visitor Comments

Name: Optional
E-mail: Optional
Comment:
    No comments yet

Latest News