Шлях Беларусі да еўраатлантычнай супольнасці

  • Стратэгічнай мэтай знешняй палітыкі Беларусі з’яўляецца ператварэнне яе ў рэальнага суб’екта міжнародных адносін.
  • Падтрымліваем канстытуцыйны прынцып захавання тэрыторыі Беларусі без’ядзернай зонай і імкненне зрабіць дзяржаву нейтральнай.
  • Маем на ўвазе, што ідэальным варыянтам для Беларусі з’яўляецца далучэнне да еўраатлантычнай супольнасці праз уступленне ў Раду Еўропы, Еўрапейскі Саюз і НАТА тады, калі для гэтага будуць умовы.
  • Пры будаўніцтве ўзаемакарыснага супрацоўніцтва з Расіяй Беларусь няўхільна прытрымліваецца прынцыпу безумоўнага захавання суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў, адказнага выканання імі сваіх міжнародных абавязкаў.
  • Адносіны з усімі міжнароднымі арганізацыямі і краінамі свету мусяць будавацца выключна на падставах мэтазгоднасці і адпаведнасці нацыянальным інтарэсам.

Праблемы

Нягледзячы на пастаянна дэклараваную сённяшнімі ўладамі «шматвектарнасць» знешняй палітыкі Беларусі, цягам чвэрці стагоддзя яна застаецца адназначна арыентаванай на Ўсход, галоўным чынам на Расійскую Федэрацыю.

Узнікла крытычная залежнасць, якая дае Маскве магчымасць аказваць вельмі моцны ўплыў на паводзіны беларускага кіраўніцтва на міжнароднай арэне. Больш за тое, цяпер у выніку відавочнага пераходу Крамля да агрэсіўнай палітыкі, патэнцыяльная пагроза незалежнасці нашай дзяржавы ператварылася ў рэальную.

З улікам выхаваных шматгадовай савецкай, а потым і беларускай афіцыйнай прапагандай антынатаўскіх настрояў пераважнай большасці насельніцтва краіны ад яго можна чакаць нават падтрымкі акупацыі з Усходу.

Стратэгічныя кірункі вырашэння

1. Вызначэнне еўраатлантычнай інтэграцыі як курса развіцця дзяржавы:

  • зняцце перашкод на шляху да шырокага ўдзелу ў праграме ЕС «Усходняе партнёрства»;
  • падпісанне Пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве з ЕС;
  • падрыхтоўка Пагаднення аб асацыяцыі і Зоне вольнага гандлю з ЕС;
  • паступовая адаптацыя ўнутранага заканадаўства да еўрапейскага;
  • аказанне дапамогі бізнесу ў пераходзе на еўрапейскія стандарты і ўваходзе на рынкі ЕС;
  • паглыбленне інстытуцыйнага супрацоўніцтва з органамі, фондамі і праграмамі ЕС;
  • стварэнне ў ЕС кола сяброў Беларусі для садзейнічання яе ўваходу ў аб’яднаную Еўропу.

2. Далучэнне да Рады Еўропы.

3. Напаўненне рэальным зместам канстытуцыйнага палажэння аб нейтралітэце.

4. Умацаванне супрацоўніцтва з НАТА:

  • пашырэнне ўдзелу краіны ў праграме НАТА «Партнёрства дзеля міру»;
  • далучэнне беларускіх міратворчых падраздзяленняў да адпаведных аперацый альянсу.

5. Нармалізацыя стасункаў і максімальнае паглыбленне ўсебаковага ўзаемадзеяння са Злучанымі Штатамі Амерыкі.

6. Наданне першачарговай увагі сувязям з краінамі Балтыйскага і Паўночнаморскага рэгіёнаў, Цэнтральнай Еўропы, а таксама з Вялікабрытаніяй, Францыяй, Італіяй, Канадай, Японіяй, Ізраілем.

7. Асабліва шчыльнае супрацоўніцтва з суседнімі краінамі для зняцця існуючых супярэчнасцяў і сумеснага вырашэння рэгіянальных задач ва ўсіх галінах.

8. Пераход ад ідэалагічнага да прагматычнага падыходу ў супрацоўніцтве з краінамі «трэцяга свету».

9. Паступовае ўсталяванне стандартных міждзяржаўных адносінаў з Расійскай Федэрацыяй і іншымі краінамі СНД.

10. Працяг удзелу ў постсавецкіх аб’яднаннях выключна на ўмовах роўнасці, абароны нацыянальных інтарэсаў і адсутнасці шкоды для еўрапейскай інтэграцыі.

11. Наладжванне эфектыўнага супрацоўніцтва з дыяспарай.

12. Рэформа Міністэрства замежных спраў:

  • прывядзенне структуры міністэрства ў адпаведнасць са зменай геапалітычнай арыентацыі без ажыццяўлення люстрацыі;
  • скарачэнне гандлёвага складніка яго дзейнасці.

Першакрокавыя меры

  • Вызначэнне месца і ролі Беларусі ў сістэме сучасных міжнародных адносінаў.
  • Распрацоўка новай канцэпцыі знешняй палітыкі краіны, рэформа Міністэрства замежных спраў.
  • Вызначэнне нацыянальнай бяспекі як галоўнага прыярытэту знешняй палітыкі Беларусі.

Вынікі

Беларусь напоўніла рэальным зместам канстытуцыйнае палажэнне аб нейтралітэце, уступіла ў Раду Еўропы, вызначыла курс на далучэнне да еўраатлантычнай супольнасці праз уступленне ў Еўрапейскі Саюз і НАТА.

Беларусь з’яўляецца рэальным суб’ектам міжнародных адносін, займае актыўную і канструктыўную пазіцыю ў міжнародных арганізацыях. Шляхам шматбаковай дыпламатыі Беларусь забяспечвае свае нацыянальныя інтарэсы ў абароне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, стварае спрыяльныя умовы для эканамічнага і культурнага развіцця.