Войска пад грамадскім кантролем і з апорай на беларускую гісторыю

  • Беларусі патрэбна сучасная і гнуткая сістэма нацыянальнай бяспекі, якая будзе здольная хутка адаптавацца да любых змен у краіне і рэгіёне і эфектыўна супрацьстаяць новым выклікам. Сумяшчэнне прынцыпаў прызыўной і кантрактнай формы фармавання войска, аптымізацыя асабовага складу.
  • Усталяванне грамадскага кантролю над сілавымі структурамі.
  • Беларусь мусіць зрабіцца сапраўды нейтральнай краінай у ваенным плане, што патрабуе выхаду з вайсковага блоку АДКБ і вываду замежных вайсковых аб’ектаў з тэрыторыі краіны. Імкненне да нейтральнага статусу замацавана ў Канстытуцыі, таму пытанне аб уваходжанні ў вайсковыя блокі мусіць выносіцца на рэферэндум.
  • Прывядзенне войска да стандартаў НАТА, паглыбленне супрацоўніцтва з праграмай НАТА «Партнёрства дзеля міру», дасягненне поўнай сумяшчальнасці Узброеных сіл Беларусі з адпаведнымі сіламі краін-членаў НАТА.
  • Патрыятычнае выхаванне вайскоўцаў з апорай на ўласную гісторыю (Полацкае княства, Вялікае княства Літоўскае і г. п.), а не на расійскія і савецкія ўзоры.
  • Стварэнне добраахвотніцкай вайсковай арганізацыі. Падтрымка скаўцкага руху як часткі сістэмы патрыятычнага выхавання і падрыхтоўкі для службы ў войску.

Праблемы

  • Напружанне ў рэгіёне Усходняй Еўропы ўзрасло да даўно нябачанага ўзроўню. Дзве суседнія з Беларуссю краіны фактычна знаходзяцца ў стане вайны. Пры такіх умовах і агрэсіўнай палітыцы Расійскай Федэрацыі складана прадказваць далейшае развіццё падзей нават у кароткатэрміновай перспектыве. Усе ранейшыя гаранты бяспекі ў рэгіёне практычна страцілі сваю моц. Адпаведна, ад Беларусі патрабуецца хутка рэагаваць на любыя пагрозы, якія ўзнікаюць ва ўсіх сферах нацыянальнай бяспекі.
  • Цяперашняя беларуская армія мае надзвычай дрэнны імідж у грамадстве, выклікаючы асацыяцыі з найгоршымі з’явамі, якія мелі месца ў савецкім войску — пазастатутнымі адносінамі (г.зв. «дзедаўшчынай»), карупцыяй.
  • Ідэалогія беларускіх сілавых структур, якая базуецца на савецкай спадчыне, не адпавядае патрэбам часу. Савецкія назвы беларускіх вайсковых падраздзяленняў і выкарыстанне савецкай сімволікі робяць беларускае войска часткай расійскага ў вачах замежных краінаў, у тым ліку і Расіі.

Стратэгічныя кірункі вырашэння

1. Пазаблокавы статус. Выхад з АДКБ, з Саюзнай дзяржавы, скасаванне рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі, вывад замежных вайсковых аб’ектаў з тэрыторыі краіны (43 вузла сувязі ВМФ Расіі «Вілейка» (радыёстанцыя «Антэй») у Мінскай вобласці і радыёлакацыйнай станцыі «Волга» дэцыметровага дыяпазону (вузел «Баранавічы») у складзе расійскай сістэмы папярэджання аб ракетным нападзе, размешчанай каля Ганцавічаў).

2. Усталяванне грамадскага кантролю над сілавымі структурамі.

  • Прызначэнне на пасады міністраў, адказных за сілавы блок, цывільных, а не ваенных.
  • Напаўненне рэальным зместам працы адпаведнай парламенцкай камісіі, каб яна займалася кантролем над сілавымі структурамі, вырашала пытанні іх рэформаў. Для кантролю дзейнасці міністэрстваў парламенцкая камісія мусіць правяраць і ўхваляць змены ці крытычныя рашэнні, якія прымаюцца дадзенымі міністэрствамі — напрыклад, закупка новых узбраенняў або ўдзел у вучэннях за мяжой краіны.
  • НДА, якія займаюцца працай з ваеннаслужачымі і іх роднымі, мусяць мець непасрэдны кантакт з вышэйзгадай камісіяй і могуць быць у ёй прадстаўленыя. Яны ж адказваюць за зваротную сувязь ваенных з насельніцтвам.

3. Прывядзенне войска да стандартаў НАТА.

  • Павелічэнне вайсковага бюджэту да 2% ад ВУП (на дадзены момант Беларусь выдаткоўвае менш за 1% ад ВУП). 2% — гэта ўзровень, які ў краін-членаў НАТА лічыцца мінімальным аб’ёмам фінансавання для падтрымкі баяздольнасці войска на дастатковым узроўні.
  • Супрацоўніцтва з НАТА ў плане падрыхтоўкі вайскоўцаў — партнёрства ў адукацыйным плане (навучанне беларускіх вайскоўцаў у замежных ваенных установах адукацыі).
  • Супрацоўніцтва з НАТА ў галіне вайсковых тэхналогіяў з мэтай развіцця ўласнага ваенна-прамысловага комплексу.

4. Патрыятычнае выхаванне вайскоўцаў з апорай на ўласную гісторыю, а не на расійскія і савецкія ўзоры.

  • Сыход ад савецкай сімволікі ва ўсіх сілавых структурах і вайсковых падраздзяленняў. Распрацоўка новай сімволікі на падставе вайсковай геральдыкі іншых перыядаў гісторыі Беларусі — Полацкага княства, ВКЛ, Рэчы Паспалітай, БНР.
  • Паступовае ўвядзенне беларускай мовы ў войску для агульнага карыстання.

5. Стварэнне нацыянальнага цэнтра інфармацыйнай і кібербяспекі, які будзе займацца ўсімі пытаннямі, звязанымі як з абаронай крытычнай інфраструктуры краіны ад кібератак, гэтак і гарантаваннем бяспекі інфармацыйнай прасторы краіны ад знешніх пагрозаў і магчымага пранікнення туды меседжаў, што ў любой форме нясуць пагрозу нацыянальнай бяспецы Беларусі (ад фэйкавых навінаў да правакацыйных інфармацыйных укідаў і правакавання расколу грамадства).

6. Аптымізацыя асабовага складу сілавых структураў.

  • Разатэстацыя часткі асабовага складу сілавых структураў. Цывільныя спецыяльнасці ў сілавых структурах мусяць займаць цывільныя спецыялісты, а не людзі ў пагонах.
  • Структура асабовага складу сілавых структураў павінна адпавядаць актуальным задачам, а не быць непахісным маналітам.

7. Вайсковая падрыхтоўка па-за межамі Ўзброеных сіл.

  • Стварэнне Ўсебеларускай добраахвотніцкай вайсковай арганізацыі. Гэтакія ўтварэнні дазваляюць людзям, якія цікавяцца вайсковай справай, быць уцягнутымі ў дзейнасць Узброеных Сілаў краіны і падтрымліваць уласную баявую падрыхтоўку на прымальным узроўні ў сучасных умовах.
  • Падтрымка скаўцкага руху, як часткі сістэмы патрыятычнага выхавання і падрыхтоўкі для службы ў войску.

8. Знішчэнне пазастатутных адносін у войску. Пры высокай інтэнсіўнасці баявой падрыхтоўкі пазастатутныя адносіны практычна не ўзнікаюць. А стварэнне добраахвотніцкіх арганізацый і адпаведная падрыхтоўка рэзервістаў значна змяншаюць магчымасць іх узнікнення — у лакальнай супольнасці ў межах раёна практычна немагчымая «дзедаўшчына» з прычыны цесных сацыяльных сувязяў.

9. Развіццё ўласнага ваенна-прамысловага комплексу. Ваенна-прамысловы комплекс Беларусі ў шэрагу сфераў знаходзіцца сярод сусветных лідараў (напрыклад, вытворчасць колавых шасі альбо сродкаў радыёэлектроннай барацьбы). Гэтыя пазіцыі патрэбна захаваць, а таксама развіваць уласны ВПК, што з’яўляецца адным з фактараў захавання суверэнітэту.

  • Захаванне ў дзяржаўнай уласнасці найбольш паспяховых і буйных прадпрыемстваў ВПК з мэтай недапушчэння іх мэтанакіраванага разбурэння і вывазу тэхналогій за мяжу.
  • Праграма ільготаў для прыватных прадпрыемстваў ВПК, асабліва тых, чыя прадукцыя карыстаецца попытам на замежных рынках.
  • Далейшае развіццё ракетнай і касмічнай праграм, стварэнне шэрагу айчынных ракетных узбраенняў для ўсіх патрэбаў.
  • Дзяржаўная падтрымка для навуковых даследаванняў, вынікі якіх у перспектыве могуць быць выкарыстанымі ў ваеннай прамысловасці.

Першакрокавыя меры

  • Дапрацоўка Вайсковай дактрыны Беларусі з улікам сучасных выклікаў бяспекі ў рэгіёне Ўсходняй Еўропы і імкнення краіны зрабіцца сапраўды нейтральнай краінай у ваенным плане.
  • Распрацоўка канцэпцыі патрыятычнага выхавання вайскоўцаў з апорай на ўласную гісторыю, пазбаўленую наслаенняў савецкай прапаганды.
  • Прынцыповае расследаванне з удзелам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці ўсіх сігналаў пра пазастатутныя адносіны і карупцыю ва Ўзброеных сілах Беларусі.

Вынікі

Нейтральная Беларусь атрымае сучасную сістэма нацыянальнай бяспекі, якая будзе эфектыўна супрацьстаяць выклікам. Узброеныя сілы будуць знаходзіцца пад грамадскім кантролем і пазбавяцца ад шырокай практыкі нестатутных адносінаў і карупцыі. Беларускае войска будзе стаяць на абароне сваёй краіны, а не былой метраполіі.