Справядлівасць правасуддзя праз незалежнасць судовай сістэмы

  • Стварэнне ў Беларусі незалежнай судовай сістэмы, вольнай ад палітычнага ціску з боку выканаўчай або заканадаўчай улады. Судовая улада — асноўны гарант правоў і свабодаў грамадзян і іншых удзельнікаў праваадносінаў, дзейснасці законаў.
  • Увесь корпус суддзяў мусіць быць кампетэнтным, карыстацца поўным даверам грамадзян.
  • Прысуд павінен быць матываваным, абгрунтаваным, законным і справядлівым.
  • Стварэнне прававой сістэмы, здольнай забяспечыць функцыянаванне прававой дзяржавы.

Праблемы

  • поўная залежнасць судоў і суддзяў ад прэзідэнта і яго структур;
  • абвінаваўчая і палітычная накіраванасць у дзейнасці суддзяў;
  • непрафесіяналізм і прадузятасць суддзяў пры разглядзе спраў;
  • немагчымасць абароны правоў падазраваных / абвінавачаных у крымінальным і адміністрацыйным судаводстве;
  • прынцып спаборнасці не стаў рэальнасцю ў судовым разглядзе;
  • няўдзел у ажыццяўленні правасуддзя прадстаўнікоў ад грамадзянскай супольнасці (у тым ліку ў форме прысяжных засядацеляў);
  • адмовы судоў у разглядзе скаргаў на рашэнні і дзеянні органаў кіравання і службовых асоб, якія парушаюць правы і свабоды грамадзян;
  • абмежаваныя магчымасці адпраўлення правасуддзя на беларускай мове, бо не ўсе суддзі валодаюць беларускай мовай, адсутнічае поўны корпус нарматыўна-прававых актаў на беларускай мове.

Стратэгічныя кірункі вырашэння

  • Самастойнасць і незалежнасць сістэмы судоў замацоўваецца праз абранне суддзяў на нацыянальным узроўні парламентам, на мясцовым — мясцовымі прадстаўнічымі органамі па рэкамендацыі Усебеларускай рады суддзяў з ліку кандыдатаў, якія здалі кваліфікацыйны экзамен, пад час якога адбываецца праверка дзейнасці кандыдата за мінулы перыяд.

Судовая рэформа павінна карэнным чынам змяніць прававы статус суддзяў, умацаваць іх незалежнасць, забяспечыць нязменнасць і недатыкальнасць, годнае матэрыяльна-бытавое і сацыяльнае становішча.

  • Правядзенне канстытуцыйнай рэформы, якая забяспечыць выкананне прынцыпу «вяршэнства закона».
  • Судовая сістэма складаецца з незалежных дзяржаўных органаў — судоў, закліканых ад імя дзяржавы ажыццяўляць правасуддзе, вырашаць ў судовых установах прававыя спрэчкі і канфлікты.

У паняцце судовай улады ўваходзіць таксама сукупнасць тых адказных ўладных паўнамоцтваў, якімі надзелены суд у мэтах аднаўлення парушанага права і справядлівасці, прымянення мер дзяржаўнага прымусу да асоб, якія замахваюцца на абароненыя законам інтарэсы, у тым ліку і мер крымінальнага пакарання да злачынцаў.

  • Скасаванне інстытута народных засядацеляў і ўвядзенне суда прысяжных як найбольш дэмакратычнай формы адпраўлення правасуддзя, выпрацаванай цывілізацыяй і якая забяспечвае незалежнасць і самастойнасць суда, вызначаецца неабходнасцю пашырэння рэальнага ўдзелу насельніцтва ў судовай дзейнасці, прыўнясення ў яе жыццёвага здаровага сэнсу і народнага вопыту, міласэрнасці і справядлівасці.

Суд прысяжных мусіць зрабіцца важнай гарантыяй абароны правоў асоб, якіх органы следства і пракуратуры абвінавачвалі ў цяжкіх злачынствах, але якія не лічаць сябе вінаватымі.

  • Судовая ўлада ажыццяўляецца толькі судом.

Першакрокавыя меры

  • Утварэнне аўтаномнай і самакіравальнай Усебеларускай рады суддзяў.
  • Замацаванне ў Канстытуцыі прынцыпу выбарнасці суддзяў на нацыянальным узроўні парламентам, на мясцовым — мясцовымі прадстаўнічымі органамі.
  • Падрыхтоўка і прыняцце Канцэпцыі судова-прававой рэформы і ў яе развіццё Закона аб судаўладкаванні Рэспублікі Беларусь. У гэтым нарматыўна-прававым акце варта было б вызначыць задачы суда і яго месца ў сістэме дзяржавы і грамадзянскай супольнасці, узаемаадносіны органаў судовай улады з органамі заканадаўчай і выканаўчай уладаў, а таксама паказаць, якія суды ўваходзяць у судовую сістэму дзяржавы, размежаваўшы іх кампетэнцыю. Судова-прававую рэформу варта разглядаць як неад’емную складовую частку агульных рэформаў органаў дзяржаўнай улады і кіравання.
  • Для падвышэння якасці адпраўлення правасуддзя, павышэнню яго якасці, даступнасці, забеспячэнню своечасовай і кампетэнтнай абароны канстытуцыйных правоў і свабодаў чалавека прадугледжваецца стварэнне спецыялізаваных судоў на ўзроўні ніжэйшых судоў агульнай юрысдыкцыі і адпаведных судовых калегій на ўзроўні вышэйстаячых судоў, стварэнне апеляцыйных судоў у якасці судоў другой інстанцыі.
  • Увядзенне суда прысяжных.
  • Стварэнне поўнага корпусу нарматыўна-прававых актаў на беларускай мове.
  • Пашырэнне практыкі вынясення прысудаў, не звязаных з пазбаўленнем волі, асабліва па эканамічных злачынствах.

Вынікі

  • Незалежная судовая сістэма, вольная ад палітычнага ціску з боку выканаўчай або заканадаўчай улады. Яна з’яўляецца самастойнай, незалежнай і кампетэнтнай, карыстаецца поўным даверам грамадзян.
  • • Судовая ўлада — гарант правоў і свабодаў грамадзян і іншых удзельнікаў праваадносін, дзейснасці законаў.