• Аўтаномнае мясцовае самакіраванне і замена «прэзідэнцкай вертыкалі ўлады» выбарнасцю кіраўнікоў мясцовых органаў улады ў адпаведнасці з прынцыпамі Еўрапейскай хартыі аб мясцовым самакіраванні.
• Структурныя змены ўключаюць у сябе дакладны падзел паміж мясцовым самакіраваннем і дзяржаўным кіраваннем.
• Стварэнне выканаўчых органаў мясцовых Саветаў усіх населеных пунктаў Беларусі і ўвядзенне пасады старшыні савета (старасты на ўзроўні сёлаў, мэра на ўзроўні гарадоў і мястэчак), якога абіраюць з ліку дэпутатаў адпаведнага савета (Рады).
• Паўнамоцтвы мясцовых Саветаў (Радаў), іх выканаўчых органаў і старшыняў саветаў (старастаў на ўзроўні сёлаў, мэраў на ўзроўні гарадоў і мястэчак) маюць уключаць сярод іншага зацвярджэнне і выкананне праграм эканамічнага і сацыяльнага развіцця на мясцовым узроўні, мясцовага бюджэту, усталяваных у межах закона мясцовых падаткаў і збораў, вызначэнне парадку і ажыццяўлення кіравання і распараджэння аб’ектамі камунальнай уласнасці, а таксама правядзенне мясцовых рэферэндумаў.
Праблемы
У Беларусі дэ-факта адсутнічае мясцовае самакіраванне. У выніку канстытуцыйнага рэферэндуму 1996 года і ў адпаведнасці з Законам аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь, прынятым у 2009 годзе:
мясцовыя грамады фактычна не маюць магчымасці непасрэдна або праз сваіх прадстаўнікоў у выбарных органах самастойна вырашаць сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя пытанні мясцовага значэння;
мясцовыя грамады фактычна не маюць магчымасці планаваць, ўплываць і кантраляваць развіццё сваіх адміністрацыйна-тэрыярыяльных адзінак, а таксама кантраляваць і ўплываць на накіраванне мясцовых фінансаў на патрэбы мясцовай супольнасці;
выканаўчыя органы адсутнічаюць у сістэме мясцовага самакіравання ў Беларусі, акрамя першаснага ўзроўню, на якім з’яўляюцца непадкантрольнымі ані мясцовай грамадзе, ані адпаведнаму прадстаўнічаму органу мясцовага самакіравання;
непадкантрольнае і непадсправаздачнае мясцовай грамадзе іерархічнае мясцовае дзяржаўнае кіраванне («вертыкаль») пранізвае ўсю адміністрацыйна-тэрытарыяльную сістэму Беларусі.
Стратэгічныя кірункі вырашэння
• Вярнуць паўнавартасны інстытут мясцовага самакіравання ў Беларусі праз прывядзенне закона «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з артыкулам 117 Канстытуцыі Беларусі. У артыкуле сцвярджаецца наступнае: «Мясцовае самакіраванне ажыццяўляецца грамадзянамі праз мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэрытарыяльнага грамадскага ўпраўлення, мясцовыя рэферэндумы, сходы і іншыя формы прамога ўдзелу ў дзяржаўных і грамадскіх справах».
• Аднавіць самастойнасць мясцовага самакіравання шляхам правядзення дэмакратычных выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў і падпарадкавання ім выканаўчых органаў, уключна з кіраўнікамі выканкамаў.
• Павінна быць знішчаная іерархія прадстаўнічых органаў улады як рудымент савецкай эпохі падзелу ўлады на месцах.
• Усе структурна-функцыянальныя змены арганізацыйна-прававых асноваў мясцовага самакіравання маюць фінансава забяспечвацца ў заканадаўчым парадку шляхам пакідання прапарцыйна большай долі агульнанацыянальных падаткаў, а таксама поўнага аб’ёму мясцовых падаткаў для патрэбаў мясцовага самакіравання.
Для эфектыўнага функцыянавання структура мясцовага самакіравання мае быць простай і не ўваходзіць у ніякія іерархіі. Органы і адказныя асобы мясцовага самакіравання маюць дакладна разумець сферу сваіх паўнамоцтваў падчас прыняцця кіраўнічых рашэнняў і адчуваць адказнасць за іх прыняцце перад мясцовай грамадой і дзяржавай. Дзеля гэтага мэтазгодна ўкараніць дакладныя механізмы кантролю законнасці і эфектыўнасці прынятых рашэнняў органаў і адказных асобаў мясцовага самакіравання.
З боку мясцовай грамады законнасць прынятых рашэнняў мае правярацца пры пасярэдніцтве добраахвотных згуртаванняў жыхароў сяла / мястэчка / горада (раёна), у якія маюць уваходзіць прадстаўнікі розных палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў, размешчаных на тэрыторыі адпаведнага населенага пункта і раёна. З боку дзяржавы адпаведнасць закону мае правярацца пракуратурай і падаткавай адміністрацыяй.
Наступствам праверак можа быць зварот у суд з наступным скасаваннем рашэння і магчымым прыцягненнем адказныя асобы ці органу мясцовага самакіравання да адказнасці, калі гэтая рашэнне спрычыніла страты. Эфектыўнасць прынятых рашэнняў і нададзеных паслуг мае правярацца незалежнымі аўдытарскімі канторамі.
Першакрокавыя меры
1. Абскардзіць у Канстытуцыйным судзе Беларусі неадпаведнасці палажэнняў Закона аб мясцовым кіраванні і самакіраванні Рэспублікі Беларусь Канстытуцыі Беларусі (арт.117, гл. вышэй).
2. Падрыхтаваць і прыняць Канцэпцыю стварэння мясцовага самакіравання ў Беларусі і ў развіццё закон «Аб мясцовым самакіраванні». Азначаная канцэпцыя абавязкова павінна ўлічваць рэкамендацыі Еўрапейскай Хартыі аб мясцовым самакіраванні 1985 г. i мадэльнага Закона дзяржаў-
удзельніц СНД 1998 г. «Аб агульных прынцыпах арганізацыі мясцовага самакіравання». Канцэпцыя павінна суправаджацца пакетам законапраектаў, якія ствараюць шырокую нарматыўна-прававую базу ў сферы дзейнасці мясцовых органаў улады.
3. Падрыхтаваць і пралабіяваць закон «Аб мясцовым самакіраванні і кіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», распрацаваны ў адпаведнасці з Канцэпцыяй рэфармавання мясцовай улады ў Беларусі.
4. Правесці дэмакратычныя выбары ў мясцовыя прадстаўнічыя органы з шырокім назіраннем з боку мясцовых грамадаў.
5. Сфармаваць новыя выканаўчыя органы мясцовага самакіравання адпаведнымі мясцовымі прадстаўнічымі органамі.
Вынікі
• Мясцовае самакіраванне сфармавана паводле прынцыпаў адпаведнай Еўрапейскай хартыі, з’яўляецца аўтаномным у межах сваёй кампетэнцыі, дзейнічае ў інтарэсах мясцовага насельніцтва. Насельніцтва абірае кіраўнікоў мясцовых органаў улады.
• Мясцовая грамада — суб’ект мясцовага самакіравання, які самастойна або праз прадстаўнікоў у выбарных органах вырашае сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя пытанні мясцовага значэння.
• Адсутнічае падзел населеных пунктаў паводле падпарадкавання ці значэння стасоўна сістэмы мясцовага самакіравання.
• Прадстаўнічыя органы мясцовага самакіравання з’яўляюцца падсправаздачнымі і падкантрольнымі мясцовай грамадзе, не ўваходзяць у ніякія іерархіі.
• Выканаўчыя органы мясцовага самакіравання з’яўляюццца падсправаздачнымі і падкантрольнымі адпаведным прадстаўнічым органам мясцовага самакіравання, якія яны фарміруюць, а таксама мясцовай грамадзе;
• дзяржаўныя органы на ўзроўні субпрэфектураў (раёны і гарады абласнога падпарадкавання) і прэфектураў (г. Мінск і абласны узровень) фарміруюцца абласным і цэнтральным урадам адпаведна і маюць вычарпальны пералік абавязкаў, з’яўляюцца падсправаздачнымі і падкантрольнымі адпаведным рэгіянальным выканаўчым уладам Беларусі і адпаведным міністэрствам і ведамствам.