Парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка, народ выбірае ўладу знізу даверху

  • Прыняцце новай Канстытуцыі, якая замацуе парламенцка-прэзідэнцкую форму кіравання ў Беларусі: прэзідэнт, як намінальны кіраўнік дзяржавы, будзе выконваць пераважна прадстаўнічыя функцыі, а «моцны» прэм’ер-міністр будзе абапірацца на парламенцкую большасць і з’яўляцца рэальным кіраўніком выканаўчай галіны ўлады.
  • Аднаўленне рэальнага падзелу ўладаў; самастойнасці і незалежнасці сістэмы судоў, заканадаўчага органа; эфектыўны парламенцкі кантроль за дзейнасцю ўрада; аўтаномнае мясцовае самакіраванне і замена «прэзідэнцкай вертыкалі» выбарнасцю кіраўнікоў мясцовых органаў улады.

Праблемы

  • пасада прэзідэнта вырадзілася ў аднаасобную ўладу кіраўніка дзяржавы;
  • скасаваны прынцып падзелу ўладаў;
  • усталяваны прынцып вяршэнства прэзідэнцкіх актаў («У выпадку разыходжання дэкрэта або ўказа з законам закон мае вяршэнства толькі тады, калі паўнамоцтвы на выданне дэкрэта або ўказа былі прадастаўлены законам»);
  • адсутнічаюць механізмы кантролю і стрымак ў дачыненні да кіраўніка дзяржавы;
  • цяперашні двухпалатны парламент (Нацыянальны сход) з’яўляецца дэкаратыўным органам, які не выконвае сваіх функцый;
  • дэпутаты Палаты прадстаўнікоў не з’яўляюцца заканадаўцамі, не ўдзельнічаюць у фарміраванні парадку дня сесіі, не маюць ўплыву на іншыя органы ўлады;
  • адсутнасць самастойнага статусу ў дзейнага ўрада і яго поўная залежнасць ад кіраўніка дзяржавы;
  • нізкі прафесійны ўзровень членаў урада і іх безініцыятыўнасць у прыняцці рашэнняў;
  • адсутнасць кантролю за ўрадам з боку дэпутатаў парламента, грамадскасці, грамадзян;
  • грувасткасць сістэмы агульнанацыянальных органаў дзяржаўнага кіравання і іх залежнасць ад прэзідэнта і створаных пры ім структур;
  • поўная залежнасць судоў і суддзяў ад прэзідэнта і яго структур;
  • абвінаваўчая і палітычная накіраванасць у дзейнасці суддзяў;
  • непрафесіяналізм і прадузятасць суддзяў пры разглядзе спраў;
  • немагчымасць абароны у крымінальным і адміністрацыйным судаводстве правоў падазраваных / абвінавачаных, нікчэмная роля адваката-абаронцы ў працэсе;
  • няўдзел у ажыццяўленні правасуддзя прадстаўнікоў ад грамадзянскай супольнасці (у тым ліку ў форме прысяжных засядацеляў);
  • адмовы судоў у разглядзе скаргаў на рашэнні і дзеянні органаў кіравання і службовых асоб, якія парушаюць правы і свабоды грамадзян;
  • у Беларусі дэ-факта адсутнічае мясцовае самакіраванне.

Стратэгічныя кірункі вырашэння

  • Вярнуць легітымнасць пасадзе прэзідэнта і забяспечыць дзеянне сістэмы стрымак і проціваг;
  • Унесці змены ў Канстытуцыю і зрабіць парламент рэальным органам народнага прадстаўніцтва, які з дапамогай дэпутатаў рыхтуе патрэбныя для развіцця краіны законы, кантралюе дзейнасць ўсіх органаў улады, ад імя парламенцкай большасці фарміруе ўрад.
  • Самастойнасць і незалежнасць сістэмы судоў замацоўваецца праз абранне суддзяў на нацыянальным узроўні парламентам, на мясцовым — мясцовымі прадстаўнічымі органамі па рэкамендацыі Усебеларускай рады суддзяў з ліку кандыдатаў, якія здалі кваліфікацыйны экзамен, пад час якога адбываецца праверка дзейнасці кандыдата за мінулы перыяд.
  • Аднавіць самастойнасць мясцовага самакіравання шляхам правядзення дэмакратычных выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў і падпарадкавання ім выканаўчых органаў уключна з кіраўнікамі выканкамаў.
  • Перагледзець асноўныя заканадаўчыя акты на прадмет адпаведнасці абноўленай Канстытуцыі і міжнародным (еўрапейскім) стандартам.
  • Прыняць у якасці асноўнай крыніцы новага заканадаўства Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.
  • Падрыхтаваць і прыняць Праграму асноўных напрамкаў развіцця заканадаўства Рэспублікі Беларусь на бліжэйшую перспектыву.
  • Увесці мараторый на прымяненне смяротнага пакарання з далейшай яго адменай.

Першакрокавыя меры

  • Самаабмежаваць паўнамоцтвы прэзідэнта ў рамках Канстытуцыі узору 1996 г.
  • Унясенне змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю ўзору 1996 г. у мэтах трансфармацыі моцнай прэзідэнцкай улады (прыняцце «малой Канстытуцыі») у кірунку парламенцка-прэзідэнцкай формы кіравання ў Беларусі.
  • Выбары парламента з новымі больш шырокімі паўнамоцтвамі па змешанай мажарытарна-прапарцыйнай сістэме.
  • Парламенцкая большасць утварае партыйную кааліцыю, якая вылучае прэм’ер-міністра і прапануе пасады ў кабінеце міністраў; кандыдатуры атрымліваюць падтрымку парламента і ўхваляюцца або адхіляюцца прэзідэнтам.
  • Утварэнне аўтаномнай і самакіравальнай Усебеларускай рады суддзяў.
  • Замацаванне ў Канстытуцыі прынцыпу выбарнасці суддзяў на нацыянальным узроўні парламентам, на мясцовым — мясцовымі прадстаўнічымі органамі.
  • Падрыхтоўка і прыняцце Канцэпцыі судова-прававой рэформы і ў яе развіццё Закона аб судаўладкаванні Рэспублікі Беларусь.
  • Падрыхтоўка і прыняццё Канцэпцыю стварэння мясцовага самакіравання ў Беларусі і ў развіццё закона аб мясцовым самакіраванні.
  • Правядзенне дэмакратычных выбараў ў мясцовыя прадстаўнічыя органы.
  • Сфармаваць новыя выканаўчыя органы шляхам зацвярджэння іх складу на сесіях адпаведных прадстаўнічых органаў.
  • Унесці змены і дапаўненні ў заканадаўства аб дзяржслужбе, якія прадугледжваюць адкрыты конкурс на займанне пасадаў дзяржслужачых і мінімізуюць кантакты грамадзян з бюракратычнай сістэмай.

Вынікі

  • У Беларусі аднаўляецца канстытуцыйная законнасць і рэальны падзел уладаў. Грамадзяне на сапраўдных канкурэнтных выбарах абіраюць сваіх прадстаўнікоў у заканадаўчы і прадстаўнічыя органы па змешанай мажарытарна-прапарцыйнай сістэме.
  • Прэзідэнт з’яўляецца намінальным кіраўніком дзяржавы, у асноўным выконвае прадстаўнічыя функцыі.
  • Урад знаходзіцца пад эфектыўным парламенцкім кантролем, але з’яўляецца аўтаномным у межах сваёй кампетэнцыі, дзейнічае ў інтарэсах усяго насельніцтва Беларусі.
  • Незалежная судовая сістэма вольная ад палітычнага ціску з боку выканаўчай або заканадаўчай улады. Яна з’яўляецца самастойнай, незалежнай і кампетэнтнай, карыстаецца поўным даверам грамадзян.
  • Мясцовае самакіраванне сфармавана паводле прынцыпаў адпаведнай Еўрапейскай хартыі, з’яўляецца аўтаномным у межах сваёй кампетэнцыі, дзейнічае ў інтарэсах мясцовага насельніцтва. Насельніцтва абірае кіраўнікоў мясцовых органаў улады.
  • У Беларусі прынята новае заканадаўства ў адпаведнасці з міжнароднымі (еўрапейскімі) стандартамі. Краіна ўступіла ў Раду Еўропы, яе грамадзяне атрымалі доступ да Еўрапейскага суда па правах чалавека і забяспечылі высокі ўзровень абароны сваіх правоў.
  • У Беларусі скарочаная колькасць чыноўнікаў і былі мінімізаваныя кантакты грамадзян з бюракратычнай сістэмай.