Уступ

Сёння Беларусь знаходзіцца ў складаных унутраных і знешніх варунках: у краіне адсутнічае дэмакратыя і свабодныя выбары, ёсць вялікая палітычная і эканамічная залежнасць ад Расіі, якая пагражае суверэнітэту, дыялог з Захадам нетрывалы і не набыў стратэгічнага значэння.

Палітычная праграма Руху «За Свабоду» - гэта бачанне арганізацыяй таго, якія рэформы неабходныя краіне, як дзяржава павінна рэагаваць на выклікі і пагрозы, наша разуменне новай Беларусі.

Восем асноўных тэмаў праграмы

Парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка. Народ выбірае ўладу знізу даверху. Мы выступаем за прыняцце новай Канстытуцыі, якая замацуе парламенцка-прэзідэнцкую форму кіравання ў Беларусі і адновіць рэальны падзел уладаў, самастойнасць і незалежнасць заканадаўчага органа, эфектыўны парламенцкі кантроль за дзейнасцю ўрада, аўтаномнае мясцовае самакіраванне.

Стварэнне мясцовага самакіравання замест «прэзідэнцкай вертыкалі ўлады». Аўтаномнае мясцовае самакіраванне і замена «прэзідэнцкай вертыкалі ўлады» выбарнасцю кіраўнікоў мясцовых органаў улады ў адпаведнасці з прынцыпамі Еўрапейскай хартыі аб мясцовым самакіраванні.

Судовая рэформа: справядлівасць правасуддзя праз незалежнасць судовай сістэмы. У Беларусі павінна быць створаная судовая сістэма, вольная ад палітычнага ціску, корпус суддзяў мусіць быць кампетэнтным, карыстацца поўным даверам грамадзян, прысуды павінны быць матываванымі, абгрунтаванымі, законнымі і справядлівымі.

Новая сістэма нацыянальнай бяспекі: войска пад грамадскім кантролем і з апорай на беларускую гісторыю. Беларусь мусіць зрабіцца сапраўды нейтральнай краінай у ваенным плане, што патрабуе выхаду з вайсковага блоку АДКБ і вываду замежных вайсковых аб’ектаў з тэрыторыі краіны.

Шлях Беларусі да еўраатлантычнай супольнасці. Стратэгічнай мэтай з’яўляецца ператварэнне краіны ў рэальнага суб’екта міжнародных адносін, адносіны з усімі міжнароднымі арганізацыямі і краінамі мусяць будавацца выключна на падставах мэтазгоднасці і адпаведнасці нацыянальным інтарэсам.

Пераход ад перажыткаў каманднай эканомікі да вольнага рынка. У Беларусі павінна прайсці лібералізацыя ўсіх рынкаў, быць створаныя інстытуты адкрытай рынкавай эканомікі, адноўленае права прыватнай уласнасці на зямлю, дзяржава мусіць устанаўліваць і потым падтрымліваць правілы гульні для суб’ектаў гаспадарання, а не канкурыраваць з імі.

Якасная медыцына з чалавечым абліччам. Фінансаванне медыцынскай галіны павінна быць палепшанае праз праз прыцягненне дадатковых сродкаў і аптымізацыі выдаткаў, сістэма аховы здароўя Беларусі мусіць перайсці да страхавой мадэлі, за аснову лячэння павінны быць узятыя еўрапейскія пратаколы і стандарты.

Новая сістэма адукацыі для еўрапейскай будучыні. Сістэма адукацыі павінна рыхтаваць навучэнцаў не да здачы іспытаў, а да жыцця, замест абавязковага размеркавання выпускнікоў павінна быць дапамога з боку ВНУ сваім выпускнікам знайсці першае месца працы, установы адукацыі павінны зрабіцца нацыянальнымі і пры гэтым уключанымі ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі, гэта значыць, удзельнічаць у Балонскім працэсе.

Праграма падрыхтаваная экспертамі і прайшла шматузроўневае абмеркаванне ўнутры арганізацыі.

У падрыхтоўцы дакумента ўдзельнічалі доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў, палітолаг-міжнароднік Андрэй Фёдараў, культуролаг і магістр кіравання Вадзім Мажэйка, медык, кандыдат навук Андрэй Вітушка, магістр Андрэй Клікуноў, аналітык BSB Blog Зміцер Міцкевіч, кандыдат эканамічных навук Людміла Гразнова, а таксама сябры Руху «За Свабоду», якія выказваліся і каментавалі.