Навіны Навіны Беларусі

Генпракурор адмовіўся абмяркоўваць з апазіцыйнымі палітыкамі пытанні парушэння правоў і свабод

Генпракурор адмовіўся абмяркоўваць з апазіцыйнымі палітыкамі пытанні парушэння правоў і свабод

2672 праглядаў Мінск
Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька атрымаў з Генеральнай пракуратуры Беларусі адказ на зварот апазіцыйных палітыкаў, якія прапаноўвалі генпракурору Рыгору Васілевічу абмеркаваць пытанні парушэння правоў і свабод у краіне.

Змест адказу ніяк не звязаны з тэкстам нашага звароту. Мы не прасілі генпракурора праводзіць расследаванне, а прапаноўвалі сустрэцца з палітычнай апазіцыяй для абмеркавання пакета пытанняў агульнадзяржаўнага гучання, уключаючы прававое бязладдзе, якое сілавікі культывуюць падчас разгону вулічных акцый", — заявіў БелаПАН Лябедзька.

Нагадаем, 15 ліпеня апазіцыйныя палітыкі прапанавалі генпракурору, а таксама старшыням Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў Пятру Міклашэвічу і Валянціну Сукалу абмеркаваць на сумеснай сустрэчы пытанні "татальнага парушэння правоў і свабод у Беларусі". Ліст асабіста перадалі ў ведамствы Анатоль Лябедзька, лідары Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін, кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў, Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні Руху "За Свабоду" Віктар Карнеенка і сустаршыня аргкамітэта партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі.

У лісце да Васілевіча палітыкі зазначаюць, што "тысячы людзей у розных рэгіёнах краіны затрымліваліся невядомымі людзьмі, часта з нематываваным прымяненнем сілы. Людзі пазбаўлены магчымасці абароны сваіх правоў у судовым парадку, таму што суды ператварыліся ў бездапаможны дадатак сілавых структур".

У лісце на імя Міклашэвіча выказана "занепакоенасць татальным парушэннем Канстытуцыі з боку сілавых структур". "Супрацоўнікі праваахоўных органаў кіруюцца загадамі і нормамі падзаконных актаў, якія знаходзяцца ў супярэчнасці з Асноўным законам краіны", — гаворыцца ў пасланні.

У лісце да Сукалы палітыкі выказваюць занепакоенасць наконт таго, што "суды падтрымліваюць рэпрэсіўную палітыку ў дачыненні да іншадумцаў, безагаворачна становячыся на бок прадстаўнікоў праваахоўных органаў пры разглядзе спраў у судовым парадку".

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны