Навіны Навіны Руху

Прыхільніка Руху катавалі ў брэсцкім ізалятары голадам

Прыхільніка Руху катавалі ў брэсцкім ізалятары голадам

2878 Праглядаў Брэст
Пракуратура Ленінскага раёна Брэста ўстанавіла факт неналежнай арганізацыі харчавання ў ізалятары часовага ўтрымання актывіста дэмсіл Івана Стасюка. Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, гэта вынікае з адказу, які ён атрымаў з пракуратуры раёна.

Паводле слоў праваабаронцы, 17 чэрвеня ён звярнуўся ў Генеральную пракуратуру з нагоды ўтрымання Стасюка амаль двое сутак пад вартай без прадастаўлення харчавання.

У сваёй заяве Кісляк указваў, што Стасюк быў затрыманы 14 чэрвеня ў 22.50 у Брэсце супрацоўнікамі міліцыі і абвінавачаны ва ўчыненні адміністрацыйных правапарушэнняў. Актывіста даставілі ў Маскоўскі РАУС Брэста, дзе ў дачыненні да яго быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні (артыкулы 17.1 і 23.4 КоАП). Ноч з 14 на 15 чэрвеня Стасюк правёў у камеры папярэдняга зняволення Маскоўскага РАУС.

15 чэрвеня ў 16.00 у судзе Маскоўскага раёна Стасюк быў вызвалены па рашэнні суддзі ў сувязі з пераносам пасяджэння на 20 чэрвеня. Аднак, як заяўляў у сваім звароце Кісляк, фактычна Стасюк вызвалены не быў. Актывіста зноў адвезлі ў РАУС, дзе ў дачыненні да яго быў складзены новы пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні (артыкул 17.1 КоАП).

Ноч з 15 на 16 чэрвеня Стасюк правёў у ІЧУ Ленінскага РАУС Брэста. Раніцай 16 чэрвеня актывіст зноў быў дастаўлены ў суд, дзе было аб’яўлена, што пасяджэнне па яго адміністрацыйных справах адбудзецца ў 16.00. Да гэтага часу Стасюка адканваіравалі ў Маскоўскі райаддзел міліцыі.

У зале судовага пасяджэння Стасюк паведаміў праваабаронцу, што з моманту затрымання 14 чэрвеня з 22.50 да 19.00 16 чэрвеня ў міліцыі яму не прадастаўлялі харчаванне.

«Фактычна Стасюк мог паесці толькі тады, калі яго прывозілі ў суд і калі там былі яго знаёмыя і сваякі, якія перадавалі яму ежу. Дарэчы, ужо пасля накіравання майго звароту высветлілася, што Стасюка не кармілі да 9.30 17 чэрвеня», — падкрэсліў Кісляк.

Заява праваабаронцы ў Генпракуратуру была перанакіравана ў пракуратуру Ленінскага раёна Брэста, якая правяла праверку па паведамленых у ёй фактах.

«Па яе выніках раённай пракуратурай начальніку Ленінскага РАУС Брэста ўнесена прадстаўленне аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў заканадаўства аб матэрыяльна-бытавым забеспячэнні асоб, якія ўтрымліваюцца ў ІЧУ, начальніку ізалятара аб’яўлена афіцыйнае папярэджанне, — дапоўніў праваабаронца. — Гэтая праблема тычыцца не толькі Стасюка, але і іншых затрыманых у адміністрацыйным парадку. І наколькі яна вырашана, пакажа далейшы маніторынг, які маюць намер праводзіць праваабаронцы».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны