Навіны Навіны Беларусі

Будуць караць за масавае бязьдзеяньне?

Будуць караць за масавае бязьдзеяньне?

3065 Праглядаў Мінск
Унесены законапраект, паводле якога масавая прысутнасьць грамадзянаў у адным месцы для «загадзя вызначанага дзеяньня ці бязьдзеяньня» прыраўноўваецца да пікетаваньня.

Савет Міністраў Беларусі (суб’ект заканадаўчай ініцыятывы) унёс у Палату прадстаўнікоў законапраект «Аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у Закон РБ «Аб масавых мерапрыемствах у РБ».

Зьвяртае на сябе ўвагу наступнае. Артыкул 2 абзац восьмы хочуць дапоўніць сказам такога зьместу: «Да пікетаваньня прыраўноўваецца сумеснае масавае прысутнасьць грамадзян у загадзя вызначаным грамадзкім месцы (у тым ліку пад адкрытым небам) і усталяваны час для зьдзяйсьненьня загадзя вызначанага дзеяньня ці бязьдзеяньня, арганізаванае (у тым ліку праз глябальную кампутарную сетку Інтэрнэт або іншыя інфармацыйныя сеткі) для публічнага выказваньня сваіх грамадзка-палітычных настрояў або пратэсту».

Сярод іншага законапраектам прадугледжваецца пашырэньне паўнамоцтваў супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Паводле законапраекту, яны маюць права агароджваць тэрыторыі месцаў правядзеньня масавых мерапрыемстваў, рабіць фота- і відэаздымкі, патрабаваць ад грамадзянаў пакінуць месца правядзеньня масавага мерапрыемства, калі яны парушаюць грамадзкі парадак, спыняць допуск грамадзянаў у месца правядзеньня масавага мерапрыемства з улікам умяшчальнасьці ўказанага месца.

Намесьнік кіраўніка руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч камэнтуе для радыё «Свабода» законапраект аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у Закон РБ «Аб масавых мерапрыемствах у РБ» так:

«Гэты дакумант — спроба рэглямэнтаваць любыя праявы грамадзкай актыўнасьці. І такім чынам усё кантраляваць і абмяжоўваць. Практыка апошніх гадоў паказвае, што нават без канкрэтных вызначэньняў, якія прапісаныя ў заканадаўстве, міліцыя нічым не абмежаваная. Яна можа хапаць любых грамадзян, якія маюць дачыненьне да нейкіх пратэстных акцыяў альбо ня маюць. А суды выносяць несправядлівыя рашэньні аб пакараньні невінаватых людзей.

Таму, я думаю, што наяўнасьць дадзенай ініцыятывы і магчымае зьмяненьне заканадаўства нічога ня зьменяць у практыцы прымяненьня сілы і практыцы асуджэньня людзей за выказваньне свайго пратэсту.

Аднак у такіх спробах усё рэглямэнтаваць можна дайсьці да маразму. Таму што грамадзяне, асабліва моладзь, маюць сваю пэўную фантазію, што да формаў пратэсту. Гэтыя формы могуць быць розныя. І дзяржава проста ня будзе пасьпяваць за усім, каб усё гэта нейкім чынам стрымліваць і абмяжоўваць».

Палітоляг Юры Чавусаў:

«Гэта даволі няўклюдная спроба ўключыць у тэкст закону, урэгуляваць тое, што раней заканадаўцамі не было ўрэгулявана. Відавочна, што папраўкі накіраваныя на тое, каб прыдаць арэол законнасьці тым дзеяньням праваахоўных структураў падчас „маўклівых акцыяў“, якія былі відавочна неправавымі. Некаторыя зьмены, якія тычацца выкарыстаньня транспартных сродкаў, накіраваныя супраць такіх акцыяў як „Стоп-бэнзін“. З юрыдычнага пункту гледжаньня, напрыклад, вельмі сумнеўным выглядае забарона быць арганізатарам масавых мерапрыемстваў тым людзям, якія ўжо прыцягваліся да адміністратыўнай адказнасьці.

Як і ўсе законы, які прымаюцца пад нейкія канкрэтныя падзеі, ён юрыдычна вельмі неабгрунтаваны. Можна сказаць, што гэта законапраект супярэчыць асноўным прынцыпам правоў чалавека, у прыватнасьці свабодзе сходаў і безумоўна, зьяўляецца неправавым актам».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны