Навіны Навіны Руху

Сход мінскіх актывістаў Руху (фота)

Сход мінскіх актывістаў Руху (фота)

6061 прагляд Мінск
21 ліпеня адбыўся ўстаноўчы сход мінскай структуры Руху «За Свабоду». Дакументы паводле яго вынікаў будуць пададзеныя для рэгістрацыі ва ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама.

У Раду сталічнай арганізацыі абраныя Арына Лісецкая, Ірына Бохан, Антон Астаповіч, Аляксей Кавалец, Алесь Лагвінец, Юрась Меляшкевіч, Андрэй Сушко. Рада абрала старшыню — Юрася Меляшкевіча. Такім чынам, ягоныя паўнамоцтвы кіраўніка мінскай гарадской арганізацыі Руху працягнутыя.

Намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч паведаміў, што такія самыя сходы пройдуць бліжэйшым часам ва ўсіх абласцях Беларусі. Гэтымі выхаднымі — у Магілёве і Віцебску. Па ягоных словах, гэта дасць магчымасці для больш плённай працы, у тым ліку па пошуку новых лакальных лідараў. Адна з галоўных задач — выкладанне грамадству пазітыўнай альтэрнатывы. Дарадца старшыні Руху Алесь Лагвінец адзначыў, што грунт для яе — прабеларуская еўрапейскасць.

На сходзе мінскіх актывістаў выступіў старшыня Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч. Ён сказаў, што апошнім часам людзі часта пытаюцца ў яго пра шанцы на рэвалюцыю і хуткія перамены. На думку Мілінкевіча, рэвалюцыйнай сітуацыі ў краіне пакуль няма, а падзеі могуць развівацца па трох сцэнарах.

Першы: улады прадаюць Расіі тое, што яна хоча, і гэта ненадоўга выратоўвае сітуацыю ў эканоміцы. «Але гэта здача эканамічнага суверэнітэту, а затым — палітычнага», — перакананы кіраўнік Руху.

Другі варыянт развіцця падзеяў: Лукашэнка разумее, што патрэбныя не столькі крэдыты, колькі структурныя рэформы, якія магчыма правесці з дапамогай Еўрасаюза. У такім разе пасля вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў можа пачацца дыялог з далейшай мадэрнізацыяй краіны.

Трэці шлях — самаізаляцыя.

Не выключае Аляксандр Мілінкевіч і сацыяльнага выбуху ў выніку эканамічнага крызісу і падзення ўзроўню жыцця, але прагназуе, што людзі будуць патрабаваць хутчэй не свабоды і еўрапейскага шляху, а парадку і моцнай рукі.

Стан апазіцыі ад 2007 года, калі дэмакратычныя сілы вырашылі дзейнічаць без адзінага лідара, ён назваў крызісным. На думку старшыні Руху «За Свабоду», 9 кандыдатаў на апошніх прэзідэнцкіх выбарах — праява слабасці.

Мілінкевіч заявіў, што з’яўленне адзінага лідара ў апазіцыі цяпер малаверагоднае, але працаваць паводле адзінай стратэгіі яна абавязаная.

Задачу Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч бачыць у тым, каб рост праеўрапейскіх настрояў сярод беларусаў быў устойлівым. На яго думку, гэта будзе вельмі важна на прэзідэнцкіх выбарах пасля сыходу Лукашэнкі.

Здымкі Змітра Русака, www.dmitryrusak.com

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны