Навіны Навіны Руху

Мілінкевіч сустрэўся з начальнікам калоніі, у якой зняволены Ліхавід (фота)

Мілінкевіч сустрэўся з начальнікам калоніі, у якой зняволены Ліхавід (фота)

5219 Праглядаў Наваполацк
19 ліпеня кіраўніцтва Руху «За Свабоду» мела сустрэчу з адміністрацыяй Наваполацкай калоніі № 10, куды змешчаны для адбыцця пакарання на 3,5 года за Плошчу актывіст Руху Мікіта Ліхавід. Нагадаем, што 21-гадовы палітвязень называе сябе там незаконна асуджаным і адмаўляецца выконваць шэраг правілаў калоніі. За гэта ён ужо шмат разоў быў пакараны штрафным ізалятарам — агулам на 55 сутак.

Цяпер Мікіта Ліхавід якраз знаходзіцца ў карцары. Да яго паводле ўмоваў утрымання там не даходзяць ані перадачы, а ні лісты. Пазбаўлены ён і некалькіх спатканняў. Застаецца магчымасць аднаго — з маці: адміністрацыя калоніі спадзяецца, што яна паўплывае на пазіцыю сына.

Старшыня Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, намеснік старшыні Юрась Губарэвіч і дарадца Алесь Лагвінец спачатку мелі гутарку з намеснікам начальніка калоніі па выхаваўчай працы Андрэем Янчыленкам. Ён распавёў, што галоўная прэтэнзія да Мікіты Ліхавіда — не тое, што ён называецца незаконна асуджаным, а тое, што не робіць зарадку і прыборку.

Таксама размова вялася пра лёс і ўмовы ўтрымання яшчэ двух асуджаных, якія змешчаныя ў Наваполацкую калонію, — намесніка старшыні «Маладога фронта» Алеся Кіркевіча (4 гады зняволення за падзеі 19 снежня 2010 года) і анархіста Ігара Аліневіча (8 гадоў па справе аб кіданні «кактэйля Молатава» ў амбасаду Расіі ў Мінску). Сярод іншага, кіраўніцтва калоніі заявіла, што пазітыўна ўспрымае беларускамоўнасць Кіркевіча.

Затым адбылася сустрэча Аляксандрам Мілінкевіча з начальнікам калоніі Аляксандрам Сівохам, а таксама з начальнікам медсанчасткі, бо ёсць вялікая трывога за стан здароўя Мікіты Ліхавіда. Старшыні Руху «За Свабоду» паведамілі, што Мікіту рэгулярна аглядаюць дактары, ён не хварэе і скаргаў на здароўе не мае.

«Начальнік калоніі сказаў, што да Мікіты Ліхавіда не ставяцца перадузята, але ёсць ўнутраны распарадак і меры пакарання за яго невыкананне. І адміністрацыя калоніі павінна і будзе трымацца сваіх інструкцый. Я гаварыў пра магчымасць сустрэчы з Мікітам. Але для гэтага патрэбная яго просьба да кіраўніцтва калоніі. Але нават калі такі зварот будзе, гэта не гарантуе, што нашае спатканне адбудзецца», — паведаміў Pyx.by Аляксандр Мілінкевіч.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны