Навіны Навіны Руху

Мілінкевіч зладзіць пікет у падтрымку Ліхавіда

Мілінкевіч зладзіць пікет у падтрымку Ліхавіда

4034 праглядаў Мінск Наваполацк
Рух «За Свабоду» працягвае кампанію ў падтрымку свайго паплечніка Мікіты Ліхавіда. Актывіст асуджаны за падзеі 19 снежня 2010 года на 3,5 года калоніі, а ў зняволенні на яго аказваецца дадатковы ціск.

Палітвязень цяпер знаходзіцца ў штрафным ізалятары – ужо пяты раз (!) ад моманту этапавання ў калонію 7 траўня. Агулам больш за палову часу ў калоніі 21-гадовы Мікіта Ліхавід правёў у карцары. Дасведчаныя ж людзі кажуць пра тое, што па шкодзе для здароўя знаходжанне ў карцары раўназначнае галадоўцы.

Пры канцы чэрвеня больш як у 30 раёнах Беларусі быў зладжаны распаўсюд улётак пра лёс актывіста Руху “За Свабоду”. Другім этапам кампаніі ў падтрымку Мікіты Ліхавіда стануць пікеты ў 25 гарадах. Іх мэта - праінфармаваць грамадзян аб прычынах і абставінах турэмнага зняволення актывіста Руху.

Мяркуецца, што пікеты пройдуць у тым ліку у Наваполацку, дзе знаходзіцца калонія №10, у якой зняволілі Мікіту, і па месцы ягонага жыхарства ў Мінску.

Адна з заявак на правядзенне пікета на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску пададзеная ад імя старшыні Руху “За Свабоду” Аляксандра Мілінкевіча. Таксама пікеты маюць прайсці яшчэ ў пяці месцах сталіцы.

Мэта кампаніі салідарнасці з Мікітам Ліхавідам - дамагчыся не проста людскага стаўлення да яго ў калоніі, а поўнага вызвалення.

У выпадку, калі адміністрацыя Наваполацкай калоніі не адрэагуе і не спыніць дадатковы паслясудовы пераслед рухаўца, будзе зроблены зварот да Еўразвяза ўключыць яе ў спіс неўязных на сваю тэрыторыю. Разам з тым пра лёс Мікіты Ліхавіда і іншых палітвязняў будуць інфармавацца асобныя палітыкі і арганізацыі за мяжой, ад якіх залежыць вырашэнне пытання наконт выдзялення крэдытаў для Беларусі.

***

Спампаваць улёткі ў падтрымку Мікіты Ліхавіда можна тут и тут.

***

Падтрымаць палітвязня можна дасыланнем лістоў на адрас:

211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8
Выпраўленчая Калонія № 10
Мікіту Ліхавіду

Можна напісаць і тамтэйшай адміністрацыі – нагадаць, што за ўсё давядзецца сплочваць:

211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8
Начальніку Выпраўленчай Калоніі № 10
Сівоху Аляксандру Мікалаевічу

Ці затэлефанаваць туды:

прыёмная начальніка: тел./факс (8-02145) 557127
кадравы апарат: тел. (8-02145) 77143, 77130

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны