Навіны Навіны Руху

Мілінкевіч: Мытны саюз — на шкоду нацыі і дзяржаве

Мілінкевіч: Мытны саюз — на шкоду нацыі і дзяржаве

3343 праглядаў
Старшыня Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч заяўляе, што Мытны саюз не адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі. На яго думку, адна з яго мэтаў — не пусціць нашу краіну ў Еўропу.

«Заявы Пуціна пра планы аб пераўтварэнні Мытнага саюза ў Еўразійскі эканамічны саюз і процівагу яго Еўрасаюзу не сталіся сенсацыяй. Ад пачатку было зразумела, што гэта неаімперскі праект Масквы, у які ёй удалося ўцягнуць нашую краіну праз сістэмны крызіс, да якога прывяла шматгадовая палітыка Лукашэнкі і ягонага ўрада. Масква скарыстала гэты заняпад, энергетычную залежнасць нашай краіны і ненасытную прагу Лукашэнкі да ўлады, якую ён імкнецца захаваць любой цаной. У выніку цяперашняе кіраўніцтва краіны прадае тое, што яму не належыць. Гаворка ідзе пра нацыянальнае багацце. Прыватызацыя павінна адбывацца па празрыстых правілах — паводле конкурсаў і з улікам інтарэсаў працоўных. Нашыя працавітыя людзі не павінны быць даважкам да прадпрыемстваў, якія будуць прададзеныя Маскве.

Дзеянні ўладаў — на мяжы здачы суверэнітэту, на мяжы нацыянальнай здрады. Мытны саюз — гэта шкода нацыі і дзяржаве, гэта форма каланіялізму. Мытны саюз — праект выразна палітычны, геапалітычны, што пацвярджаюць і заявы расійскага прэм’ер-міністра. Адна з мэтаў — не пусціць Беларусь у Еўропу. І Беларусь уцягнулі ў гэты геапалітычны праект, а продаж буйных прадпрыемстваў Расіі можа абцяжарыць залежнасць. Прычым гэта адбываецца насуперак тэндэнцыі росту ў Беларусі праеўрапейскіх настрояў. Усё больш беларусаў хочуць жыць па-еўрапейску, хочуць у Еўропу, але на шляху туды ўзводзіцца сцяна.

А менавіта пашырэнне адносінаў з Еўропай, вяртанне да дэмакратыі, забеспячэнне правоў і свабодаў для грамадзян могуць гарантаваць далейшае паўнавартаснае развіццё беларускай нацыі і дзяржавы. І цяпер лёсавызначальны час», -заявіў Аляксандр Мілінкевіч.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны