Навіны Навіны Руху

«Лукашэнку ўжо не вераць, а апазіцыі не вераць яшчэ»

«Лукашэнку ўжо не вераць, а апазіцыі не вераць яшчэ»

3159 Праглядаў
Аляксандр Мілінкевіч, лідар Руху «За Свабоду», распавёў расійскаму часопісу «Огонек», як можа развівацца сітуацыя ў Беларусі.

— У якой ступені беларуская эканоміка завязаная на суседзяў?

— Беларуская эканоміка завязаная ў першую чаргу на вялізныя датацыі. Яна цэнтралізаваная, у асноўным дзяржаўная. Па сутнасці, гэта эканоміка, якая так і засталася сацыялістычнай з невялікімі капіталістычнымі элементамі, яна не рэфармавалася ніколі. Вакол нас, у суседзяў, ідуць рэформы — лепш ці горш, але ідуць, а наша эканоміка становіцца ўсё менш канкурэнтаздольнай...

Лукашэнка прызвычаіўся жыць на датацыі. Да гэтага часу дзякуючы асабліваму таленту выпрошваць яму гэта ўдавалася. Расія падтрымлівала Беларусь як саюзная дзяржава, але, падобна да таго, яе цярпенне вычарпалася. Ды і расійскі рынак напаўняецца ўсё больш якаснымі таварамі, а гэта значыць, што і там выцясняюцца тавары з Беларусі. Інакш і быць не можа: дырэктывы больш не дзейнічаюць, а льготныя ўмовы Лукашэнка cтраціў. Эксперты лічаць, напрыклад, што трэба каля мільярда долараў у месяц, каб беларуская эканоміка ажыла і пачала развівацца. А такіх грошай няма і ўжо не будзе.

— Што могуць даць сувязі з Польшчай?

— Яны сапсаваліся. Польшча, як і ўсе краіны Еўразвяза, ставіць зараз і палітычныя ўмовы. Перш за ўсё — вызваленне палітвязняў. Прыпыненыя маса праектаў, якія развіваліся нядрэнна. Чакаць, што польскі бізнес у цяперашняй сітуацыі пойдзе ў Беларусь, — гэта ўсё роўна што чакаць у мора надвор’я. Палякі і раней ішлі да нас з аглядкай: гарантыі уласнасці няма, прыватызацыі зямлі — таксама.

— Вы знаёмыя з многімі эмігрантамі і ўцекачамі. Наколькі востра стаіць перад Беларуссю праблема міграцыі?

— Ёсць розныя хвалі. Хвалі палітычныя звычайна звязаныя з выбарамі і рэпрэсіямі з боку ўлады. У 2006-м, напрыклад, праз турмы прайшлі больш за тысячу чалавек — яны адседзелі кароткія тэрміны. Пасля выбараў 2010-га, наколькі я ведаю, у зняволенні апынуліся каля 700 чалавек, але больш за 40 з іх ужо прайшлі па крымінальных справах. Да таго ж многія, не чакаючы прыезду аўтазакаў, хаваюцца. Вільня, Прага, Кіеў, Варшава — вось напрамкі нашай палітэміграцыі.

Іншая справа, што эканамічная эміграцыя цяпер значна маштабней. Прадпрымальнікі сярэдняй рукі, нават паспяховыя, згортваюць справы ў Беларусі. Нельга нармальна купіць валюту, на біржы курс вар’яцкі. Дадайце да гэтага рэпрэсіі падатковых органаў. З бізнесменаў дзяруць тры скуры: патрабуюць план, а калі яго няма — бязлітасныя штрафы. У людзей рукі апускаюцца. Вось і з’язджаюць.

— На Глабальным форуме ў Вроцлаве вы абмовіліся, што беларуская апазіцыя таксама ў немалой ступені вінаватая ў тым становішчы, у якім знаходзіцца цяпер ваша краіна.

— Вядома, мы вінаватыя. Перш за ўсё ў тым, што не прапанавалі грамадству сур’ёзную пазітыўную альтэрнатыву. Маральную альтэрнатыву прадставілі: не хочам жыць у несвабоднай краіне, дзе не выконваюцца правы чалавека і няма сумленных выбараў. Але добрай эканамічнай і сацыяльнай альтэрнатывы не было. Так, праграмы нібыта ва ўсіх ёсць. Але яны не папулярызаваліся, не дайшлі да людзей. Вось на нас і глядзяць, як на дысідэнтаў. Маўляў, добрыя хлопцы, сумленныя, смелыя, змагаюцца. Але не сапраўдныя палітыкі, на якіх можна паставіць, каб вывесці краіну на дарогу рэформаў. І цяпер такая сітуацыя: Лукашэнку ўжо не вераць, а апазіцыі не вераць яшчэ.

— Якімі вы бачыце будучыя адносіны Расіі і Беларусі?

— Як я разумею, у Маскве ўжо не бачаць ў Лукашэнку стратэгічнага партнёра. Ён не стаў чалавекам слова. Да таго ж дазваляў сабе вельмі не дыпламатычныя выразы і выпады ў адрас расійскага кіраўніцтва. Думаю, Расія будзе шукаць іншага чалавека, які б адпавядаў яе інтарэсам. Не сумняваюся, што для Расіі важна, каб Беларусь засталася ў сферы яе максімальнага ўплыву. Але дамагчыся гэтага цяпер складана: выбары ж прайшлі, а на парашуце новага прэзідэнта не спусціць. Для Расіі важныя прарасійскія партыі, а іх ролю заўсёды выконваў Лукашэнка. Па сутнасці, у нас няма прарасійскіх партый, як няма і антырасійскіх. Мы хочам будаваць асновы грамадзянскай супольнасці, партыі і рухі ў нас — прадэмакратычныя. У пэўным сэнсе — празаходнія. Хоць, паўтаруся, зусім не антырасійскія.

— Калі паўтара года таму вы арганізавалі новую кааліцыю, так званую новую апазіцыю, то ў сумеснай дэкларацыі не было прызыву барацьбы за ўладу, а толькі патрабаванні выступаць супраць камунізму, фашызму, за лібералізацыю...

— Вядома, наша мэта — прыйсці да ўлады. Але калі няма выбараў, калі няма рэальнага падліку галасоў, калі нас няма ў выбарчых камісіях, то сама выбарчая сістэма становіцца фарсам. Таму калі я іду на выбары, то кажу людзям: працэнты спусцяць зверху, але я іду прадставіць альтэрнатыву. Тое, што адбываецца цяпер, нават выбарамі не назавеш. Мы таму выкарыстоўваем тэрмін «палітычная кампанія».

— Скажыце, а чаму вы ўзначалілі рух, а не партыю?

— Партыя — электаральны інструмент, які дапамагае праводзіць піяр-кампанію і выйграваць выбары. Але ў нас няма рэальных выбараў, значыць, і партыі не могуць развівацца. Яны іржавеюць — як шабля без бою. Партыя павінна лабіраваць інтарэсы пэўнай сацыяльнай групы. А чые інтарэсы могуць лабіраваць беларускія партыі, калі іх наогул няма ва ўладзе ні на парламенцкім, ні нават на мясцовым узроўні?

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны