Навіны Навіны Беларусі

Апазіцыя падпісала пагадненне

Апазіцыя падпісала пагадненне

3792 праглядаў
Беларусі неабходна поўнамаштабная палітычная рэформа. Пра гэта было заяўлена 29 чэрвеня ў Мінску на прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў Партыі БНФ, кампаніі «Гавары праўду!», руху «За Свабоду», Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» і аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

У падпісаным гэтымі арганізацыямі пагадненні адзначаецца, што эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага крызісу, які быў абцяжараны крызісам палітычным. «Сістэматычныя парушэнні вышэйшым кіраўніцтвам краіны заканадаўства, скіраваныя на ўзмацненне рэжыму асабістай улады, прывялі да празмернай канцэнтрацыі паўнамоцтваў у руках аднаго чалавека, разбурэння балансу галін улады», — гаворыцца ў дакуменце.

Яго аўтары лічаць, што ў Беларусі неабходна правесці поўнамаштабную палітычную рэформу. «Адзіным сведчаннем правядзення такой рэформы могуць стаць празрыстыя выбары, дэмакратычны характар якіх быў бы прызнаны як усімі палітычнымі сіламі і ўдзельнікамі электаральнага працэсу ўнутры Беларусі, так і міжнароднымі арганізацыямі. Такія выбары дазволілі б сфарміраваць паўнамоцны парламент і адказны перад народам урад, які б змог правесці неабходныя эканамічныя рэформы», — гаворыцца ў пагадненні.

Апазіцыйныя партыі і арганізацыі патрабуюць:

— неадкладна спыніць усе крымінальныя справы ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года, а таксама іншых палітычных зняволеных, вярнуць ім паўнату грамадзянскіх правоў і свабод;

— зарэгістраваць усе грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі, якім паводле надуманых падстаў адмаўлялася ў рэгістрацыі;

— стварыць роўныя ўмовы дзейнасці дзяржаўных і недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі;

— унесці змены ў Выбарчы кодэкс.

У выбарчым заканадаўстве, у прыватнасці, прапануецца:

— замацаваць «абавязковае права палітычным партыям дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў»;

— замацаваць права назіральнікаў «аглядаць падлік галасоў такім чынам, каб бачыць волевыяўленне грамадзян у кожным бюлетэні»;

— вызначыць падставы, якія даюць выключнае права на датэрміновае галасаванне і галасаванне па месцы жыхарства;

— замацаваць на практыцы асобны празрысты падлік па кожным відзе галасавання;

— замацаваць права судовага абскарджання любых рашэнняў выбарчых камісій усіх узроўняў.

У выпадку невыканання выкладзеных патрабаванняў дэмакратычныя сілы, якія падпісалі пагадненне, пакідаюць за сабой права на правядзенне байкоту выбарчых кампаній, а таксама арганізацыю акцый палітычнага пратэсту.

На прэс-канферэнцыі апазіцыйныя лідары заявілі пра стварэнне платформы, на базе якой маюць намер ажыццяўляць сумесную дзейнасць. «Створана платформа, якая вызначыла, з чаго нам трэба пачаць сумесныя дзеянні. Мы хочам, каб аб’яднанне дэмакратычных сіл праходзіла менавіта праз пэўную сумесную працу, а не звычайныя сустрэчы», — паведаміў лідар АГП Анатоль Лябедзька.

Паводле яго слоў, шэсць арганізацый здолелі дасягнуць кансенсусу па двух пытаннях: патрабаванні вызвалення палітычных зняволеных і ўмовы правядзення свабодных дэмакратычных выбараў. Акрамя АГП дакументы падпісалі партыя «Справядлівы свет», рух «За Свабоду», БХД, Партыя БНФ і грамадзянская кампанія «Гавары праўду!».

Паводле слоў Лябедзькі, дакументы адкрыты для падпісання іншымі партыямі і арганізацыямі.

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні БХД Віталь Рымашэўскі зазначыў, што падпісанне дакументаў — гэта першы крок да сумесных дзеянняў. «Сённяшняя сітуацыя ў краіне вымагае аб’яднання ўсіх дэмакратычных сіл», — падкрэсліў ён.

На думку лідара Руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча, у крызісе сёння знаходзіцца не толькі краіна і ўлада, але ў пэўнай ступені і апазіцыя. «Гэта адбылося таму, што мы слаба аб’яднаныя. Нам неабходна накіраваць сумесныя дзеянні на дэмантаж сённяшняй сістэмы ўлады, першы крок да чаго — правядзенне свабодных выбараў», — сказаў ён.

Мілінкевіч падкрэсліў, што час патрабуе вялікай адказнасці ад палітыкаў. «Беларусь можа стаць як еўрапейскай дзяржавай, гэтак і перыферыяй іншай краіны. Калі мы выйдзем на сумесную працу, значыць, будзе вынік», — мяркуе палітык. //Naviny.by

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны