Навіны Навіны Руху

Мілінкевіч на юбілейным саміце ЕНП

Мілінкевіч на юбілейным саміце ЕНП

3918 Праглядаў Брусэль
Лідар Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч запрошаны на юбілейны саміт Еўрапейскай народнай партыі.

Міжнародная сустрэча самых уплывовых палітыкаў Еўропы адбудзецца сёння, 23 чэрвеня, ў Бруселі. 19 краін Еўразвязу будуць прадстаўляць прэм’ер-міністры альбо лідары апазіцыйных партыяў ці арганізацыяў, якія з’яўляюца чальцамі ЕНП. Сярод іх — Ангела Меркель, Франсуа Фіён, Фрэдрык Рэйнфельт, Дональд Туск, Андрус Кубілюс, Вальдзіс Дамброўскіс ды іншыя. Удзел у сустрэчы возьмуць старшыні Еўрапейскай Рады, Еўрапейскай камісіі і Еўрапейскага парламенту — Герман Ван Рампой, Жазэ Мануэль Барозу і Ежы Бузэк.

На саміце яго удзельнікі адзначаць 35-годдзе ад стварэння ЕНП і 20 год старшынства у партыі Вільфрэда Мартэнса. Рабочая частка саміту прысвечаная абмеркаванню эканамічнага крызісу ў Грэцыі і пошукам эфектыўных шляхоў яго вырашэння ў межах Еўразвязу, а таксама іншым надзённым пытанням еўрапейскай палітыкі.

На саміце запланаваны выступ лідара Руху «За Свабоду». Аляксандр Мілінкевіч распавядзе пра сітуацыю ў Беларусі, акцэнтуе ўвагу ўплывовых еўрапейскіх палітыкаў на новых фактах ціску з боку ўладаў на грамадзянскую супольнасць, а таксама нагадае пра неабходнасць цвёрдай і паслядоўнай пазіцыі Еўразвязу ў дачыненні да афіцыйнага Мінска.

На думку Аляксандра Мілінкевіча, наша краіна перабывае ў глыбокім сістэмным крызісе: мадэль мінулага стагоддзя не працуе без вонкавых датацыяў. А падтрымкі Лукашэнка не атрымае: з Захаду — пакуль не вызваліць палітвязняў і не пачне лібералізацыю, з Усходу — пакуль не прадасць лепшае, што ёсць у эканоміцы. Разам з тым нядаўна кіраўнік Беларусі адзначыў, што нічога ў краіне змяняць не трэба, што ён будзе спавядаць тую самую мадэль. Значыць, негатыўныя працэсы будуць набываць большую дынаміку.

Мілінкевіч выступае за тое, каб палітыка ЕЗ была двухузроўневай: асобная палітыка датычна ўлады, асобная — для грамадства: «Далейшая супраца аб’яднанай Еўропы з беларускімі ўладамі павінна адбывацца паводле дарожнай мапы: крок за крок. То бок, няма чарговага канкрэтнага кроку па лібералізацыі — няма дапамогі. Разам з тым ЕЗ варта пашырыць падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных медыяў, зрабіць яе больш эфектыўнай і меней фармалізаванай. Вельмі важна вырашыць праблему шэнгенаўскіх візаў для беларусаў».

Палітычныя, персанальныя, дыпламатычныя, эканамічныя санкцыі павінны быць толькі кропкавыя, перакананы лідэр Руху «За Свабоду»: «Добра, што ЕЗ не ўвёў шырокіх эканамічных санкцыяў, бо ўся адказнасць за стан гаспадаркі і фінансаў ляжыць на ўладзе, а не на Захадзе». Гэта важна, у тым ліку для ацэнкі сітуацыі насельніцтвам.

Асобны пункт — салідарнасць ЕЗ з палітвязнямі ў Беларусі, здароў’е шэрагу якіх пад сур’ёзнай пагрозай, у асаблівасці Дзмітрыя Бандарэнкі, якому тэрмінова патрабуецца кваліфікаваная медычная дапамога.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны