Навіны Навіны Руху

Меркаванне меркаванню розніца

Меркаванне меркаванню розніца

4317 Праглядаў
Генпракуратура адказала на зварот намесніка старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча з просьбай даць прававую ацэнку шэрагу каментарыяў у эфіры Першага тэлеканала. Іх аўтары лічаць, што ёсць падставы скласці спіс невыязных апазіцыянераў. Аднак у Генпракуратуры гэтыя цытаты назвалі толькі «меркаваннямі аб неабходнасці ўдасканалення заканадаўства».

Губарэвіч у сваім звароце ў Генпракуратуру дапускаў, што «такія выказванні публічных персон могуць падштурхнуць іншых дзяржаўных служачых і надзеленых уладай людзей да магчымага парушэння або абмежавання правоў і свабод грамадзян на падставе іх палітычных перакананняў або прыналежнасці да грамадскіх аб’яднанняў».

У прыватнасці, галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка» Вадзім Гігін заявіў, што «некаторыя прадстаўнікі так званай апазіцыі да 40 раз, а можа быць і больш, выязджаюць за мяжу, атрымліваюць там камандзіровачныя, атрымліваюць гатоўкай грошы на сваё ўтрыманне і вядуць такое нябеднае існаванне. Яны ў нас ні на што не ўплываюць, і да іх стаўленне адпаведнае, а там іх ўспрымаюць як нейкіх змагароў, прадстаўнікоў незразумела якіх інтарэсаў. Гэта такая дробная палітычная секта».

А Сяргей Мусіенка, дырэктар аналітычнага цэнтра ЕсооМ, выказаў здагадку, што «у той час як многія беларускія міністэрствы, ведамствы, прадпрыемствы накіроўваюць свае намаганні на тое, каб наладзіць адносіны з Еўрапейскім саюзам, зрабіць імідж краіны пазітыўным, у гэтых людзей іншая задача, ім загэта плацяць грошы. Таму чым менш яны будуць бываць на Захадзе, тым, напэўна, будзе лепш для іміджу краіны».

У звароце Губарэвіча ў Пракуратуру гаворылася, што «у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне (арт. 33). Аднак у любым дэмакратычным грамадстве павінны існаваць механізмы, якія прадухіляюць злоўжыванне правамі ў сітуацыях, калі рэалізацыя аднаго права парушае або ставіць пад пагрозу іншыя канстытуцыйныя правы грамадзян. Лічу, што Генеральнаму Пракурору варта прыняць усе даступныя яму заканадаўчыя меры ўздзеяння ў адносінах да грамадзян Гігіна В. і Мусіенки С. для прадухілення распаўсюджвання ў СМІ і грамадстве выказванняў, якія закликаюць да незаконнага абмежавання канстытуцыйных правоў беларускіх грамадзянаў».

А арт. 30 Канстытуцыі гарантуе грамадзянам Беларусі права свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Беларусі, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад.

Адказ з Генпракуратуры падпісаны начальнікам упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Паўлам Радзівонавым.

У ім гаворыцца, што «меркаванні грамадзян, грамадскіх дзеячаў і іншых асоб аб неабходнасці ўдасканалення заканадаўства ў той альбо іншай сферы праваадносін не з’яўляюцца інфармацыяй, забароненай да распаўсюджвання».

Разам з тым, паведамляецца, што «дзеючае заканадаўства дазваляе замацоўваць падставы абмежавання права грамадзян на выезд за мяжу толькі ў адмысловым законе, парадак і ўмовы такога абмежавання — толькі ў заканадаўчых актах. Рэгламентацыя падобных пытанняў у падзаконных актах недапушчальная».

Гэта значыць, пэўныя службовыя асобы не могуць прымаць «аднаасобныя рашэнні па абмежаванні правоў і свабод грамадзян, звязаных з выездам за межы Рэспублікі Беларусь».

Юрась Губарэвіч так пракаментаваў адказ з Генпракуратуры:

«Пракуратура ў чарговы раз прадэманстравала, што існуе розны падыход да прадстаўнікоў улады і апазіцыі. Уявім, што падобныя заявы Гігіна і Мусіенкі прагучалі з вуснаў апазіцыянераў. І яны, і СМІ, у якіх гэта было б апублікавана, атрымалі б як мінімум папярэджаннт. А вось у цытатах праўладных каментатараў Генпракуратура ўбачыла толькі „меркаванні аб неабходнасці ўдасканалення заканадаўства“. Ва ўпор не заўважаючы, што такое „удасканаленне“ пагражае правам грамадзян».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны