Навіны Беларусь і Свет

Хто трапіў пад новыя санкцыі ЕЗ?

Хто трапіў пад новыя санкцыі ЕЗ?

2529 Праглядаў
Афіцыйны часопіс Еўрапейскага звязу апублікаваў спісы беларускіх грамадзян і кампаній, у дачыненні да якіх Рада ЕЗ увяла 20 чэрвеня санкцыі.

У спісе асоб, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі, значацца:

Андрэй Кажэўнікаў, пракурор па справе ў дачыненні да экс-кандыдатаў у прэзідэнты Уладзіміра Някляева, Віталя Рымашэўскага, членаў выбарчай каманды Някляева Андрэя Дзмітрыева, Аляксандра Фядуты і Сергея Вазняка, а таксама намесніка старшыні незарэгістраванага «Маладога фронту» Анастасіі Палажанкі. «Відавочна, што выстаўленае ім абвінавачанне было палітычна матываванае і парушала Крымінальна-працэсуальны кодэкс. Яно грунтавалася на няправільнай трактоўцы падзей 19 снежня 2010 года, не падмацаванай сведчаннямі, доказамі і паказаннямі сведак», — гаворыцца ў каментарыі ЕЗ;

Людміла Грачова, суддзя суда Ленінскага раёна Мінска. «Яна разглядала справу экс-кандыдатаў у прэзідэнты Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Уса, а таксама палітычных і грамадскіх актывістаў Андрэя Пазняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова і Дзмітрыя Буланава. Відавочна, што яе манера вядзення працэсу супярэчыла Крымінальна-працэсуальнаму кодэксу. Яна палічыла, што выкарыстанне доказаў і паказанняў не мае дачынення да абвінавачаных асоб», — зазначае ЕЗ;

Кірыл Чубкавец, пракурор па справе экс-кандыдатаў у прэзідэнты Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Уса, а таксама палітычных і грамадскіх актывістаў Андрэя Пазняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова і Дзмітрыя Буланава. «Відавочна, што выстаўленае ім абвінавачанне было палітычна матываванае і парушала Крымінальна-працэсуальны кодэкс. Яно грунтавалася на няправільнай трактоўцы падзей 19 снежня 2010 года, не падмацаванай сведчаннямі, доказамі і паказаннямі сведак», — гаворыцца ў каментарыі;

Уладзімір Пефціеў, бізнесмен. Ён фігуруе ў спісе як «асоба, звязаная з прэзідэнтам Лукашэнкам і яго сям’ёй». «Галоўны эканамічны дарадца прэзідэнта Лукашэнкі і ключавы фінансавы спонсар рэжыму Лукашэнкі. Старшыня савета акцыянераў „Белтэхэкспарта“, найбуйнейшай у Беларусі кампаніі імпарту-экспарту ўзбраенняў», — адзначаюць у ЕС.

У спісе кампаній, на якія распаўсюджваюцца санкцыі ЕЗ, — ЗАТ «Белтэхэкспарт», ЗАТ «Спорт-пары» і ПУП «БТ Тэлекамунікацыі». Усе тры арганізацыі «падкантрольныя Уладзіміру Пефціеву», зазначаецца ў дакуменце.

Прыводзіцца таксама пералік тэхнікі, на пастаўкі якой у Беларусь Еўразвяз уводзіць эмбарга ў сувязі з тым, што яна можа выкарыстоўвацца ўладамі «для рэпрэсій». У гэтым спісе 11 пунктаў.

Рашэнне аб пашырэнні санкцый было прынята 20 чэрвеня на сесіі Савета Еўразвязу ў Люксембургу. У афіцыйным заключэнні савета выказана «глыбокая занепакоенасць у сувязі з пагаршэннем сітуацыі з выкананнем правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закону ў Беларусі». ЕЗ заклікаў Беларусь паважаць узятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы.

Еўразвяз, як паведамляе БелаПАН, «працягвае ўважлівае сачыць за сітуацыяй у Беларусі». Развіццё двухбаковых адносінаў «знаходзіцца ў залежнасці ад прагрэсу Беларусі ў сферы дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закону», падкрэсліваецца ў заключэнні.

Палітычнае рашэнне па Беларусі было прынята Радай ЕЗ 31 студзеня ў Бруселі. Тады міністры замежных спраў краін Еўразвязу зацвердзілі спіс беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі. Гэтым асобам забаронена наведваць тэрыторыю ЕЗ, а іх рахункі і маёмасць у краінах ЕС павінны быць замарожаны. Першапачаткова ў спісе было 158 імёнаў. Пазней Рада ЕЗ неаднаразова пашырала гэты пералік. На сёння ў ім было 179 беларускіх службовых асоб, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны