Навіны Навіны Руху

Начальнік Наваполацкай калоніі дае тлумачэнні Мілінкевічу

Начальнік Наваполацкай калоніі дае тлумачэнні Мілінкевічу

4020 Праглядаў Наваполацк
Лідар Руху «За Свабоду» ў сваім лісце да начальніка Наваполацкай калоніі № 10 выказаў занепакоенасць суворым стаўленнем турэмшчыкаў да актывіста Мікіты Ліхавіда, які адбывае там пакаранне за Плошчу (прысуд — 3,5 года). Нагадаем, актывіст Руху лічыць сябе незаконна асуджаным і не выконвае шэраг правілаў калоніі. За гэта ён ужо тройчы трапляў у штрафны ізалятар. Адміністрацыя калоніі ў сваім адказе Аляксандру Мілінкевічу даводзіць, што дзейнічае ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Аляксандр Мілінкевіч у сваім лісце да начальніка калоніі ад 2 чэрвеня выказаў глыбокую занепакоенасць неаднаразовым пакараннем актывіста штрафным ізалятарам, бо «гэта ставіць пад пагрозу жыццё і здароўе маладога чалавека».

Лідар Руху «За Свабоду» нагадаў начальніку калоніі, што беларуская і міжнародная дэмакратычная грамадскасць уважліва сочаць за лёсам палітычных вязняў у Беларусі і заклікаў самога і падначаленых ставіцца да іх гуманна і з павагай, выконваць нормы дзейнага беларускага заканадаўства, а таксама міжнародныя гуманітарныя акты, ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь.

Адміністрацыя калоніі заўпэўніла лідара Руху «За Свабоду», што ў адносінах да Мікіты Ліхавіда дзейнічае ў адпаведнасці з законам і міжнароднымі нормамі. Паводле начальніка Папраўчай калоніі № 10 Упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці спадара Аляксандра Сівохі, асуджаны Мікіта Ліхавід адмаўляецца ад выканання абавязкаў, усталяваных крымінальна-выканаўчым заканадаўствам, і за гэта пакараны пасяленнем у штрафны ізалятар.

Рух «За Свабоду» працягне інфармацыйную кампанію ў падтрымку Мікіты Ліхавіда і будзе дамагацца найхутчэйшага яго вызвалення. Як вядома, праваабарончыя арганізацыі лічаць актывіста вязнем сумлення, а прысуд яму, як і іншым удзельнікам акцыі пратэсту 19 снежня, палітычна матываваным.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны