Навіны Навіны Руху

«Народная праграма»: кампетэнтныя прапановы, а не голая крытыка!

«Народная праграма»: кампетэнтныя прапановы, а не голая крытыка!

4219 Праглядаў Мінск
26 траўня ў Мінску адбылася прэзентацыя «Народнай праграмы», ініцыяванай Рухам «За Свабоду». Эксперты кампаніі і кіраўніцтва Руху распавялі журналістам пра яе мэты, задачы і асаблівасці. Праграму прэзентавалі намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, дарадца старшыні Алесь Лагвінец, а таксама аналітыкі Юры Чавусаў, Андрэй Ягораў, Дзяніс Мельянцоў, Ігар Лялькоў і Сяргей Чалы.

Ідэя выпрацоўкі новага, пазітыўнага, бачання будучыні Беларусі была прапанаваная Рухам «За Свабоду» групе незалежных экспертаў. Кампанія «Народная праграма» заклікана выправіць сітуацыю, калі няма паўнавартаснага экспертнага абмеркавання праблемаў, а таксама шырокіх грамадскіх дыскусій дзеля стварэння як мага больш рэалістычнай і блізкай да людзей канцэпцыі развіцця краіны.

Юрась Губарэвіч адзначыў, што публічнае, шырокае дыскутаванне актуальных для краіны праблемаў — вельмі важнае, бо яно дапаможа стварыць супольнае бачанне будучай Беларусі. Напісанне «Народнай праграмы», актуалізацыя тэмаў адбываецца знізу. Пасля гэтага ідзе аптымізацыя прапаноў на ўзроўні экспертаў. Ужо дзейнічае сайт prahrama.by, які з’яўляецца камунікатыўнай пляцоўкай для экспертаў. Ролю другой пляцоўкі адыгрываюць круглыя сталы, на якіх абмяркоўваецца пэўная праблема, з удзелам экспертаў і прадстаўнікоў груп, якіх закранае праблема. «НП» дазволіць уцягваць у дыскусію людзей, якія не ангажаваныя ў палітыку, але не задаволеныя сітуацыяй у краіне.

Паводле Дзяніса Мельянцова, правядзенне кампаніі «Народная праграма» мае тры асноўныя задачы. Самая галоўная — распачаць дыскусію па найбольш важных пытаннях для грамадства, якія вызначаюцца з улікам меркавання народа. Другая задача — стварэнне сталай пляцоўкі для камунікацый, якая адкрыта для ўсіх палітычных груп і сілаў, што спрыяе больш актыўнаму абмену думкамі і паглыбленай распрацоўцы праблемы. Трэцяя задача — сфармаваць уласна «Народную праграму», сабраць усе тэзісы ў адзін дакумент, які прапануе развіццё краіны. Гэты прадукт будзе адкрыты для выкарыстання ўсімі палітычнымі сіламі.

Эксперт Андрэй Ягораў распавёў, што пры выбары тэмаў для дыскусій улічваюцца два моманты: актуальнасць для Беларусі і цікавасць у людзей. Ужо вызначана 18 тэмаў, якія згрупаваныя па блоках. Найбольш рэйтынгавымі тэмамі паводле фокус-групаў з’яўляюцца тэма будаўніцтва беларускай АЭС, прыватнай уласнасці на зямлю, рэфармаванння чыноўніцкага апарату, інтэграцыі з ЕС і іншыя.

Алесь Лагвінец паведаміў, што на дадзены момант з удзелам экспертаў і прадстаўнікоў грамадскасці праведзена 13 круглых сталоў. «Мы хочам, каб аўтарамі „Народнай праграмы“ была як мага большае кола людзей і экспертаў. Мы ствараем пляцоўку для інфармавання людзей і іх камунікавання. Гэта дазволіць пашырыць аўдыторыю і кола неабыякавых да лёсу краіны грамадзян».

Юрась Чавусаў выказаў здзіўленне, што пляцоўка, якая можа спалучыць зацікаўленых людзей і экспертаў, не была створана раней. На яго думку, паспяхова рэалізаваная кампанія можа стаць добрай дапамогай грамадскім арганізацыям, які арыентуюцца на вырашэнне тых ці іншых пытанняў.

Сяргею Чаламу ідэя «Народнай праграмы» спадабалася тым, што яна можа стаць не атрыбутам палітыкі, а яе інструментам. Паводле эксперта, лозунгавая палітыка ўжо не спрацоўвае. Грамадскасць патрабуе нечага большага. Відавочна, што з боку ўлады ніякай праграмы, нават тактыкі, няма. Сяргей Чалы лічыць вельмі важным, што створаныя ўмовы для ацэнкі і дапрацоўкі ідэй аднаго эксперта іншымі.

Ігар Лялькоў распавёў пра існуючы патэнцыял камунікацыі «НП» са сродкамі масавай інфармацыі. Эксперт запрасіў да ўдзелу ў круглых сталах журналістаў. Бліжэйшы круглы стол з удзелам экспертаў (у тым ліку міжнародных) і прадстаўнікоў мэтавых груп, дзе будзе абмяркоўвацца пытанне рэфармавання сістэмы МУС, адбудзецца 28 траўня, а 10.00, у сядзібе Партыі БНФ.

Папулярызацыя «Народнай праграмы» будзе адбывацца галоўным чынам праз сайт prahrama.by, спецыялізаваныя форумы ды інтэрнет-суполкі, праз запрашэнні на круглыя сталы, якія будуць праводзіцца цягам чэрвеня і ліпеня, прадстаўнікоў грамадскасці. Напрыканцы верасня будзе зладжаны вялікі дыскусійны форум.

Паводле Сяргея Чалага, вельмі важна, каб усё напрацаванае падчас кампаніі «Народная праграма» не сышло, каб на актуальныя пытанні можна было адразу прапанаваць слушныя адказы. Выніковы дакумент мусіць пастаянна актуалізавацца і абнаўляцца. Пазітыўнасць «НП», паводле Дзяніса Мельянцова, у тым, што яна будзе прэзентаваць кампетэнтныя прапановы па вырашэнні праблемы і план па іх рэалізацыі, а не лозунгі ці голую крытыку.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Народная праграма

Апошнія навіны