Навіны Навіны Руху

«На тыдні» з Аляксандрам Мілінкевічам: Лукашэнка дачакаецца прымусу да дыялогу на маршы пустых каструль!

«На тыдні» з Аляксандрам Мілінкевічам: Лукашэнка дачакаецца прымусу да дыялогу на маршы пустых каструль!

3343 праглядаў
Лідар Руху «За Свабоду» вызначае на Pyx.by, на ягоны погляд, самыя значныя падзеі прамінулага тыдня, якія тычацца Беларусі. Па адной са знакамі «плюс» і «мінус».

Негатыў

Нацбанк пайшоў нарэшце на дэвальвацыю, хаця гэта трэба было зрабіць некалькі месяцаў таму. Негатыўных наступстваў і для эканомікі краіны, і для дабрабыту насельніцтва было б меней. Які быў сэнс трымаць неадэкватны нацбанкаўскі курс рубля да долара і еўра – незразумела! Нават палітычнага плёну, што ўсё, маўляў, стабільна, апошнімі тыднямі не было ад гэтага. Значыць, камусьці гэта было выгадна.

Кошты на некаторыя прадукты выраслі так, што шакуюць. Грэчка па 20 тысяч рублёў – проста ганьба! Заробкі, напампаваныя перад выбарамі, здзьмуліся. Эканоміка не слухаецца дэкрэтаў і не церпіць бясконцага папулізму.

У краіне выключная сітуацыя – абвяшчаецца дэвальвацыя, але замест звароту да насельніцтва, замест тлумачэнняў і прабачэнняў кіраўнік краіны з’язджае з Беларусі. Улады дасюль не гавораць услых пра маштабны і сістэмны крызіс, не робяць аналізу сітуацыі і не прапануюць выйсця. Замест гэтага – андропаўшчына. Каб зацугляць сацыяльную напружанасць. Хлусня перамешваецца з цынізмам: у крызісе вінавацяць народ - за пакупніцкі і валютны ажыятаж.

Як тут даверу народа да ўладаў не ўпасці ніжэй за плінтус!?

Пазітыў

Добра, што кандыдаты ў прэзідэнты Уладзімір Някляеў і Віталь Рымашэўскі, а таксама некаторыя сябры іхніх камандаў апынуліся на волі. Застаецца спадзявацца, што перанос агалошвання прысудаў Мікалаю Статкевічу і Дзмітрыю Усу – добры знак, які сведчыць, што вонкавы ціск наконт праблемы палітзняволеных дае плён.

Цяпер час не помслівых прысудаў, а сядання за стол перамоваў з апазіцыяй. Калі Лукашэнка дбае не толькі пра ўласную ўладу, але і пра краіну, ён мусіць ісці на дыялог. А то дачакаецца, як з дэвальвацыяй, што яго прымусіць да гэтага на маршы пустых каструль народ. Ці Масква скарыстае крызіс і танна купіць стратэгічныя прадпрыемствы.

Мы не маем права дапусціць, каб наша Бацькаўшчына стала расійскай правінцыяй. Змусіць улады да дыялогу – гэта тая мэта, якая можа тут і цяпер кансалідаваць апазіцыію. Прыкладам, з Уладзімірам Някляевым мы кажам пра гэта ў адзін голас, хаця маем розныя погляды на многія рэчы.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны