Навіны Навіны Беларусі

Асуджаныя, але на волі

Асуджаныя, але на волі

2635 Праглядаў
Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Уладзімір Някляеў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай прыгавору на два гады. Яшчэ адзін былы кандыдат у прэзідэнты, Віталь Рымашэўскі, прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна. Такое рашэнне вынес 20 мая суд Фрунзенскага раёна Мінска. Рашэнне абвясціла суддзя Жанна Жукоўская.

Анастасія Палажанка, давераная асоба Рымашэўскага, прыгаворана да аднаго года пазбаўлення волі ўмоўна; кіраўнік штаба Някляева Андрэй Дзмітрыеў, а таксама давераныя асобы Някляева Аляксандр Фядута і Сяргей Вазняк — да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна.

Усе яны прызнаныя вінаватымі на падставе ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба нарушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Адразу пасля абвяшчэння прыгавору Уладзімір Някляеў, які з 29 студзеня знаходзіўся пад хатнім арыштам, быў вызвалены ў зале суда пад падпіску аб нявыездзе.

Нагадаем, дзяржабвінавачанне прасіла суд прыгаварыць Някляева да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады; Рымашэўскага — да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам на два гады; Дзмітрыева, кіраўніка выбарчага штаба Някляева, — да трох гадоў пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам на два гады; Фядуту, давераную асобу Някляева, — да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам на два гады; Вазняка, давераную асобу Някляева, — да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам на два гады; Палажанку, — да паўтара гадоў пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам на год.

Някляеў і Рымашэўскі заявілі, што будуць абскарджваць прыгавор.

У сувязі з хваробай суддзі абвяшчэнне прыгавораў экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Мікалаю Статкевічу, Дзмітрыю Усу (пракурор прасіў для іх 8 і 7 гадоў калоніі) і іншым фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня перанесена на іншы дзень. //БелаПАН

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны