Навіны Навіны Руху

Праверка на падбухторванне

Праверка на падбухторванне

4633 праглядаў
Намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч звярнуўся ў Пракуратуру з просьбай даць прававую ацэнку шэрагу каментарыяў у эфіры Першага тэлеканала. Іх аўтары лічаць, што ёсць падставы скласці спіс невыязных апазіцыянераў.

У прыватнасці, галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка» Вадзім Гігін заявіў, што «некаторыя прадстаўнікі так званай апазіцыі да 40 раз, а можа быць і больш, выязджаюць за мяжу, атрымліваюць там камандзіровачныя, атрымліваюць гатоўкай грошы на сваё ўтрыманне і вядуць такое нябеднае існаванне. Яны ў нас ні на што не ўплываюць, і да іх стаўленне адпаведнае, а там іх ўспрымаюць як нейкіх змагароў, прадстаўнікоў незразумела якіх інтарэсаў. Гэта такая дробная палітычная секта».

А Сяргей Мусіенка, дырэктар аналітычнага цэнтра ЕсооМ, выказаў здагадку, што «у той час як многія беларускія міністэрствы, ведамствы, прадпрыемствы накіроўваюць свае намаганні на тое, каб наладзіць адносіны з Еўрапейскім саюзам, зрабіць імідж краіны пазітыўным, у гэтых людзей іншая задача, ім загэта плацяць грошы. Таму чым менш яны будуць бываць на Захадзе, тым, напэўна, будзе лепш для іміджу краіны».

У звароце Губарэвіча ў Пракуратуру гаворыцца, што «у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне (арт. 33). Аднак у любым дэмакратычным грамадстве павінны існаваць механізмы, якія прадухіляюць злоўжыванне правамі ў сітуацыях, калі рэалізацыя аднаго права парушае або ставіць пад пагрозу іншыя канстытуцыйныя правы грамадзян. Лічу, што Генеральнаму Пракурору варта прыняць усе даступныя яму заканадаўчыя меры ўздзеяння ў адносінах да грамадзян Гігіна В. і Мусіенки С. для прадухілення распаўсюджвання ў СМІ і грамадстве выказванняў, якія закликаюць да незаконнага абмежавання канстытуцыйных правоў беларускіх грамадзянаў».

Палітык кажа, што арт. 30 Канстытуцыі гарантуе грамадзянам Беларусі права свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Беларусі, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад. Таксама арт. 3 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь» устанаўлівае, што кожны грамадзянін мае права выязджаць з Рэспублікі Беларусь і не можа быць пазбаўлены права на выезд з Рэспублікі Беларусь.

А арт. 7 згаданага закона, адзначае Юры Губарэвіч, устанаўлівае закрыты пералік падставаў для часавага абмежавання права грамадзян на выезд з краіны.

Гэта тычыцца тых, хто валодае дзяржтаямніцамі, мае статус падазраванага, абвінавачанага ці асуджанага па крымінальнай справе, ухіляецца ад ваеннай службы, не выконвае якіх-небудзь абавязацельстваў перад дзяржавай, а таксама даўжнікоў і тых, каму прад’яўлены грамадзянскі пазоў у судзе.

«Лічу, што грамадзяне Гігін В. і Мусіенка С., выказаўшы прыведзеныя вышэй меркаванні аб магчымасці абмежаванні канстытуцыйнага права грамадзян Рэспублікі Беларусь, у тым ліку выклікалі рэакцыю прэс-сакратара МЗС Рэспублікі Беларусь Андрэя Савіных, які 16 мая 2011 года ў эфіры АНТ заявіў аб «магчымасці прымянення кропкавых мер (па абмежаванні права на выезд) супраць асобных палітыкаў і структур», — гаворыцца ў звароце намесніка старшыні Руху «За Свабоду».

Паводле яго слоў, «такія выказванні публічных персон могуць падштурхнуць іншых дзяржаўных служачых і надзеленых уладай людзей да магчымага парушэння або абмежавання правоў і свабод грамадзян на падставе іх палітычных перакананняў або прыналежнасці да грамадскіх аб’яднанняў».

Юры Губарэвіч просіць Пракуратуру правесці праверку і даць прававую ацэнку законнасці выказванняў Вадзіма Гігіна Сяргея Мусіенкі наконт таго, не ці не парушаюць яны ч. 5 арт. 16 і арт. 190 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Для даведкі

Артыкул 16. Саўдзел у злачынстве

1. Саўдзелам ў злачынстве прызнаецца наўмысны сумесны ўдзел двух або больш асобаў у здзяйсненні наўмыснага злачынства.
2. Саўдзельнікамі злачынства разам з выканаўцамі прызнаюцца арганізатары, падбухторшчыкі і памагатыя.
3. Выканаўцам прызнаецца асоба, што непасрэдна ўчыніла злачынства, альбо непасрэдна ўдзельнічалв ў яго здзяйсненні сумесна з іншымі асобамі, альбо ўчыніла злачынства з дапамогай выкарыстання іншых асоб, якія не падлягаюць па законе крымінальнай адказнасці або якія ўчынілі злачынства па неасцярожнасці.
4. Арганізатарам (кіраўніком) прызнаецца асоба, якая арганізавала здзяйсненне злачынства або кіруе яго здзяйсненнем, альбо асоба, якая стварыла арганізаваную групу або злачынную арганізацыю альбо кіравала імі.
5. Падбухторшчыкам прызнаецца асоба, схіліўшая іншую асобу да здзяйснення злачынства.

Артыкул 190. Парушэнне раўнапраўя грамадзян

Наўмыснае прамое або ўскоснае парушэнне, альбо абмежаванне правоў і свабод, альбо ўсталяванне прамых або ўскосных пераваг грамадзян у залежнасці ад полу, расы, нацыянальнасці, мовы, паходжання, маёмаснага або службовага становішча, месца жыхарства, адносін да рэлігіі, перакананняў, прыналежнасці да грамадскіх аб’яднанняў, што пацягнулі істотную шкоду правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзяніна, — караюцца штрафам, або папраўчымi працамі на тэрмiн да двух гадоў, ці абмежаваннем волі на той самы тэрмін, або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны