Навіны Навіны Беларусі

Новыя прысуды: Халіп, Марцалеў, Севярынец

Новыя прысуды: Халіп, Марцалеў, Севярынец

2801 прагляд
Журналістка Ірына Халіп, жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, прыгаворана да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады; сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, кіраўнік штаба Віталя Рымашэўскага, — да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу; Сяргей Марцалеў, кіраўнік штаба Мікалая Статкевіча,— да двух гадоў пазбаўлення волі з выпрабавальным тэрмінам на два гады.

Такое рашэнне прыняў 16 мая суд Заводскага раёна Мінска. Вердыкт абвясціла суддзя Жанна Брысіна.

Пасля вынясення прыгавораў асуджаныя былі вызвалены пад падпіску аб нявыездзе.

Халіп, Севярынец і Марцалеў асуджаны ў межах справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў.

Першапачаткова яны абвінавачваліся ў арганізацыі масавых беспарадкаў, ім пагражала да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Халіп, Севярынец і Марцалеў не лічаць законнымі вынесеныя ім прыгаворы. Пра гэта яны заявілі журналістам пасля выхаду з залы суда.

«Да чаго мы дайшлі, калі радуемся, што нас не пасадзілі, а адпусцілі «ўмоўна», — заявіла Халіп. Яна падкрэсліла, што ёй далі два гады з адтэрміноўкай прыгавору, а гэта азначае, што пасля заканчэння гэтага тэрміну яе зноў будуць судзіць. «Суд будзе вызначаць, ці стала я на шлях выпраўлення, ці стала я законапаслухмяным чалавекам. А хто ў нашай краіне назаве незалежнага журналіста законапаслухмяным чалавекам?» — рытарычна запыталася Халіп.

Паводле слоў Ірыны, яе больш непакоіць прыгавор, вынесены Андрэю Саннікаву. «Хаця я цудоўна разумею, што ён не будзе сядзець усе пяць гадоў, што яго „абмяняюць“ на жратву і крэдыты», — заўважыла Халіп.

У найбліжэйшых планах Халіп — напісаць ліст мужу, з якім не мела магчымасці зносіцца на працягу пяці месяцаў. «Потым — змяніць замкі ў кватэры, таму што ключы ад іх пераходзілі з рук у рукі, як станіца падчас грамадзянскай вайны. Выклікаю прафесійную брыгаду па прыбіранні, каб духу кагэбэшнага ў маім доме не засталося. Пагуляю з Данікам, а потым буду абскарджваць прыгавор», — сказала Ірына.

Пра свой намер абскардзіць прыгавор заявіў і Павел Севярынец. Ён лічыць вынесенае судом рашэнне незаконным. «Але ёсць людзі, якім цяжэй, — гэта Саннікаў і іншыя, каго пасадзілі. Трэба арганізаваць іх падтрымку», — сказаў палітык.

Яшчэ адзін асуджаны, Сяргей Марцалеў, таксама не лічыць вынесены прыгавор законным. «Я не лічу, што за падзеі 19 снежня кагосьці трэба было судзіць», — падкрэсліў ён. Паводле слоў Марцалева, канчатковае рашэнне аб абскарджанні прыгавору ён прыме пасля кансультацыі са сваім адвакатам, а таксама з Ірынай Халіп і Паўлам Севярынцам. //БелаПАН

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны