Навіны Навіны Руху

Талер, еўра ці расійскі рубель?

Талер, еўра ці расійскі рубель?

3719 Праглядаў
Рух «За Свабоду» працягвае кампанію «Народная праграма» па выпрацоўцы пазітыўнага бачання будучыні Беларусі. Ужо былі абмеркаваныя праблемы будаўніцтва АЭС, прыватнай уласнасці на зямлю, а таксама магчымасці адначасовай інтэграцыі ў заходнім і ўсходнім кірунку. Новая тэма — валютны крызіс і грашовая сістэма Беларусі.

Ці з’яўляецца сённяшні валютны крызіс пачаткам краху грашовай сістэмы? Што можа быць гарантыяй стабільнага валютнага курсу? Якія рызыкі і перавагі мае адмова ад нацыянальнай валюты? Якая валюта найлепш пасавала б новай Беларусі?

Вядучым экспертам гэтай тэмы стаў Аляксандр Аляхновіч.

Крыху тэорыі. Галоўнай мэтай грашовай палітыкі з’яўляецца забеспячэнне стабільнасці нацыянальнай валюты. За гэта адказны цэнтральны банк, які рэгулюе грашовую масу ў эканоміцы і валютныя курсы. Сусветны досвед паказвае, што ў доўгатэрміновай перспектыве эканоміка найхутчэй развіваецца пры нізкай інфляцыі — у межах 0-3% у гадавым вымярэнні. Высокая і нестабільная інфляцыя замінае прадпрымальніцтву. Няўпэўненасць ў памерах росту цэн павялічвае рызыкі вядзення бізнесу, а гэта адбіваецца на коштах тавараў і паслуг. Чым вышэйшы ўзровень інфляцыі, тым вышэйшыя рызыкі.

Аляхновіч лічыць, што на дадзеным этапе эканамічнага развіцця Беларусь не павінна адмаўляцца ад уласнай валюты: «Высокую інфляцыю і пастаяннае абясцэньванне беларускага рубля можна і трэба перамагчы пры дадзенай грашовай сістэме. Ёсць яшчэ шмат нявыкарыстаных рэсурсаў, якія дае нацыянальная манетарная палітыка. Трэба перад усім увесці незалежнасць Нацыянальнага банку ад органаў палітычнай ўлады, гарантаваную Канстытуцыяй. Інакш мы надалей будзем сведкамі папулістычных перадвыбарчых заяваў прэзідэнта (500$ заробку ў 2010 г.), якія мусіць выконваць Нацбанк. Неадэкватная палітыка Нацбанку прыводзіць потым да такіх вось крызісаў, якія мы сёння назіраем — рэзкі рост цэнаў і валютная паніка».

Толькі пасля стабілізацыі інфляцыі і курсу беларускага рубля на працягу некалькіх гадоў можна будзе разважаць пра ўступленне ў зону еўра ці расійскага рубля, адзначае эксперт: «Прыняцце рэгіянальнай (рубель) альбо міжнароднай (еўра) валюты ўплывае вельмі станоўча на эканоміку, між іншым праз павялічэнне экспарту і замежных інвестыцыяў. Таму карысць для Беларусі ад прыняцця адзінай валюты будзе залежыць ад структуры беларускага экспарту».

Эксперт Сяргей Чалы кажа, што пра сур’ёзную грашовую рэформу можна казаць толькі пасля стабілізацыі сітуацыі (у прыватнасці, з інфляцыяй). На яго думку, «гэта можа быць і ўвядзенне новых грошай — скажам, тых самых талераў з манетамі. Манеты, якіх у нашым рэгіёне няма толькі ў Беларусі, важныя ў тым ліку і ў псіхалагічным плане: такім чынам дзяржава сігналізуе, што грошы не абясцэняцца праз нейкі адносна непрацяглы час».

Калі эканамічная мадэль адміністрацыйнай кіраванай эканомікі захаваецца, то праз некалькі (5-10) гадоў сітуацыя з цяперашнім крызісам паўторыцца, перакананы Чалы:

«Неабходныя рэформы і скарачэнне дзяржпраграм, а таксама прыватызацыя. Але прыватызацыя павінна быць праведзена не столькі дзеля прыцягнення грошай, колькі дзеля новых тэхналогій — як у вытворчасці, так і ў кіраванні прадпрыемствамі».

А вось меркаванне з народу — стваральніка сайта prokopovi.ch, першага ў свеце інтэрнет-абменніка, які стаў надта папулярным сярод насельніцтва ва ўмовах дэфіцыту валюты ў банках і пра які напісала нават ўплывовая The Wall Street Journal:

«Я не адношу сябе ні да фінансавых аналітыкаў, ні да экспертаў у галіне макраэканамічных узаемаадносін, але падзяліцца сваім поглядам простага абывацеля, вядома, магу.

Я думаю, вывад краіны з таго сістэмнага эканамічнага крызісу, у якім мы цяпер апынуліся, магчымы толькі пры ўмове прымянення жорсткіх і рашучых захадаў па мадэрнізацыі эканомікі — з першапачатковым рэзкім пагаршэннем ўзроўню жыцця насельніцтва, масавымі скарачэннямі работнікаў і продажам часткі прыбытковых дзяржпрадпрыемстваў для атрымання неабходных на мадэрнізацыю сродкаў з адначасовым прадстаўлененм свабоды бізнэсу і агульнай лібералізацыяй ў краіне».


Каментатар кажа, што і МВФ, і Еўрапейскі саюз, і Расія гатовыя прапанаваць нам праграмы мадэрнізацыі эканомікі і падтрымкі краіны з пералікам канкрэтных мер, механізмамі і сродкамі для іх дасягнення, але для гэтага яны павінны быць упэўненыя ў дамоваздольнасці кіраўніцтва Беларусі:

«Нам трэба перастаць бачыць у кожным з суседзяў патэнцыйнага ворага і вызначыцца, з кім мы. Тыя людзі, якія стаяць на чале краіны цяпер, не здольныя прымаць рашучыя дзеянні і прадастаўляць гарантыі патэнцыйным замежным інвестарам, і таму я лічу, што ў бліжэйшы час крызіс будзе толькі ўзмацняцца, а сродкі ад новых крэдытаў і продажу актываў — праядацца і раскрадацца».

Выказаць сваё меркаванне на гэтую ды іншыя тэмы вы можаце на сайце «Народнай праграмы» — Prahrama.by.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Народная праграма

Апошнія навіны