Навіны Навіны Руху

Эксперт: «Народная праграма» патрэбна, таму што патрэбна

Эксперт: «Народная праграма» патрэбна, таму што патрэбна

4140 Праглядаў
Інтэрнэт-праект па выпрацоўцы новага пазітыўнага бачання будучыні Беларусі стартаваў у Bynet па ініцыятыве Руху «За Свабоду», лідэрам якога з’яўляецца Аляксандр Мілінкевіч. Заснавальнікі праекту заяўляюць, што стварэнне сайта Prahrama.by — новы этап пачатай яшчэ ў 2010 годзе кампаніі «Народная праграма». Гэтая ініцыятыва была падтрымана кааліцыяй «Беларускі выбар» і працуе з шэрагам беларускіх экспертаў.

У пошуках агульнага будучага

Намеснік старшыні Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч у інтэрв’ю Deutsche Welle распавёў, што новы сайт — адзін з механізмаў пабудовы зваротнай сувязі палітыкаў, экспертаў і грамадскіх дзеячаў з беларускім грамадствам. Мэтай праекта з’яўляецца калектыўная выпрацоўка новага бачання Беларусі як еўрапейскай дэмакратычнай дзяржавы і пошук рашэнняў, якія неабходна ажыццявіць, каб дасягнуць прагрэсу ў розных сферах грамадскага жыцця, адзначыў Губарэвіч.

Эксперты прапануюць розныя тэмы, выказваюць пэўныя думкі і прагназуюць сцэнары, а карыстальнікі сайта маюць магчымасць зарэгістравацца з выкарыстаннем сваіх акаўнтаў у шэрагу сацыяльных сетак — Facebook, «Вконтакте» і Twitter або непасрэдна на сайце. І потым ўдзельнічаць у абмеркаванні, вылучаць свае прапановы, дыскутаваць з экспертамі.

Юрась Губарэвіч паведаміў, што сярод падтрымаўшых праект экспертаў — Міхаіл Залескі, Дзяніс Мельянцоў, Сяргей Чалы, Пётр Мігурскі, Таццяна Манёнак, Юрый Меляшкевіч і шэраг іншых. «Мы заклікаем далучацца да нас абсалютна розных людзей, — кажа намеснік старшыні Руху» За Свабоду". — Кампанія не робіцца пад нейкую пэўную палітычную сілу ці з нейкімі вузка палітычнымі мэтамі«. На думку Губарэвіча, ідэі могуць выказвацца самыя разнастайныя, каб у працэсе дыскусіі нараджалася сумеснае бачанне таго, як трэба развівацца Беларусі, якія змены неабходныя ў розных сферах.

Спробы кансалідацыі экспертаў

Інтэрнэт-праект Prahrama.by — не першая экспертная платформа ў Bynet. З 2003 года працуе сайт экспертнай супольнасці Беларусі «Наша Меркаванне». Стварыць платформы для атрымання зваротнай сувязі спрабуюць у інтэрнэце таксама практычна ўсе палітычныя партыі, грамадскія арганізацый і СМІ. Якую ролю ў дыскусіі аб будучыні краіны можа згуляць новы сайт «Народная праграма»?

Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч у інтэрв’ю Deutsche Welle адзначыў, што сама па сабе ідэя «Народнай праграмы» нядрэнная. Але, па словах эксперта, у сучасным беларускім грамадстве невысокая цікавасць як да экспертнай думку, так і да рознага роду тэарэтычных распрацовак. Ва ўмовах адсутнасці грамадскага запыту і аўтарытэтных экспертаў ўсе выказваемыя меркаванні і прапановы будуць мець нязначны ўплыв, лічыць Мацкевіч.

У той самы час ён назваў нарошчванне экспертнага патэнцыялу актуальнай задачай. Эксперт звярнуў увагу на тое, што на сённяшні дзень за межамі дзяржаўнай вертыкалі амаль няма прафесіяналаў, якія маглі б узяць на сябе адказнасць за тыя ці іншыя нацыянальныя праграмы.

Разважаючы пра перспектыву новага праекта, Уладзімір Мацкевіч панаракаў на тое, што да гэтага часу ўсе спробы апазіцыі дамагчыся кансалідацыі ўпіраліся ў эгаізм і карпаратыўныя інтарэсы беларускіх палітыкаў, палітычных суб’ектаў і груп. «Тое ж самае, вядома ж, будзе і з» Народнай праграмай", наўрад ці іншыя палітычныя сілы знойдуць у сабе волю падтрымаць гэтую ініцыятыву«, — папярэджвае эксперт.

Аднак ён перакананы, што падобныя меркаванні — зусім не падстава сядзець, склаўшы рукі, і нічога не рабіць. «Народная праграма» адносіцца да тых рэчаў, якія «трэба рабіць проста таму, што іх трэба рабіць», — падсумаваў Уладзімір Мацкевіч.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Народная праграма

Апошнія навіны