Навіны Беларусь і Свет

Еўрадэпутаты заклікалі Еўракамісію і Савет ЕС увесці эканамічныя санкцыі

Еўрадэпутаты заклікалі Еўракамісію і Савет ЕС увесці эканамічныя санкцыі

2836 Праглядаў
Ужо трэцяя рэзалюцыя Еўрапарламента за гэты год жорстка асудзіла сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

12 траўня абсалютная большасць прысутных на пленарнай сесіі ў Страсбуры еўрадэпутатаў прынялі чарговую рэзалюцыю па Беларусі. Еўрапарламент зноў заклікаў Еўракамісію, Савет ЕС і Высокага прадстаўніка па замежнай палітыцы «пашырыць абмежавальныя захады супраць беларускага рэжыму, уключна з увядзеннем кропкавых эканамічных санкцый».

Еўрапарламент лічыць усе абвінавачанні на падставе крымінальнай справы па масавых беспарадках адвольнымі і палітычна матываванымі. Рэзалюцыя падкрэслівае, што судовыя працэсы не мелі справядлівага характару: напрыклад, адвакатам перашкаджалі працаваць, ды віна абвінавачаных не была даказана як след.

Еўрапарламент лічыць абвінавачанні супраць Някляева, Рымашэўскага, Статкевіча, Уса і Саннікава незаконнымі і недапушчальнымі ды заклікае апраўдаць былых кандыдатаў. На гэтай падставе еўрадэпутаты заклікаюць да вызвалення ўсіх зняволеных мітынгоўцаў і зняцця з іх абвінавачанняў.

Дакумент таксама асуджае беларускія ўлады за неправядзенне незалежнага расследавання празмернай сілы міліцыянтаў і спецслужбаў супраць мітынгоўцаў, асабліва за адмову забяспечыць працу спецыяльнай місіі пад эгідай АБСЕ.

Асобную ўвагу еўрадэпутаты надзяляюць сітуацыі са СМІ. Яны адзначаюць ўсё большы ціск на незалежныя медыі і журналістаў, заклікаюць улады вызваліць журналіста Андрэя Пачобута, замарозіць працэдуры закрыцця «Народнай Волі» і «Нашай Нівы», ды не абмяжоўваць доступ па інтэрнэт-сайтаў «Хартыя’97» і «Беларускі партызан».

Апрача таго, рэзалюцыя заклікае не чыніць перашкодаў дзейнасці расійскіх і ўкраінскіх праваабаронцаў, а таксама не дыскрэдытаваць беларускіх, прыгадваючы нядаўнія словы Аляксандра Лукашэнкі і дзяржаўных СМІ пра «пятую калону ў краіне», перадае Еўрарадыё.

Еўрадэпутаты звяртаюць увагу іншых органаў Еўрасаюза, што «ва ўмовах беспрэцэдэнтных рэпрэсій супраць апазіцыі ЕС мусіць знайсці шляхі дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці, апярэдзіць раскол палітычнай апазіцыі і падтрымаць палітычную альтэрнатыву Лукашэнку».

Нагадаем, сёлета Еўрапарламент у двух ранейшых рэзалюцыях (20 студзеня і 10 сакавіка) ужо заклікаў Еўракамісію і Савет ЕС да ўвядзення кропкавых эканамічных санкцый. Пакуль еўрапейскія замежныя міністры абмежаваліся візавымі абмежаваннямі на ўезд на тэрыторыю Еўрасаюза.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны