Навіны Навіны Руху

25 Сакавіка — дзень яднання беларусаў

25 Сакавіка — дзень яднання беларусаў

3574 праглядаў Мінск
У Мінску адбылася прэсавая канферэнцыя арганізатараў Дня Волі.

Перад журналістамі выступілі прадстаўнікі аргкамітэту святкавання Дня Волі Аляксандр Мілінкевіч, Аляксей Янукевіч, Віктар Івашкевіч, Віталь Рымашэўскі.

Старшыня аргкамітэту па святкаванню Дня Волі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч паведаміў, што заяўка на правядзення акцыі 25 Сакавіка пададзена больш за два тыдні таму. Збор а 18 гадзіне на пляцоўцы каля Акадэміі Навук. Заяўленае шэсце па праспекту Незалежнасці і мітынг у парку Янку Купалы.

Паводле старшыні аргкамітэта, да ініцыятывы арганізатараў далучыліся іншыя суб’екты. На сёння можна казаць, што акцыя будзе праводзіцца супольна ўсімі дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Усе палітычныя структуры заклікаюць сваіх актывістаў да ўдзелу ў акцыі.

— Нам вельмі важна нагадаць людзям, што беларуская незалежнасць не свалілася нам на галаву ў 1991-м годзе, не была прынесеная савецкімі войскамі ў 1944 годзе. Незалежнасць здабытая самімі беларусамі ў 1918 годзе. Гэта нашае свята, якое мы мусім святкаваць. Святы жывуць да той пары, пакуль іх святкуюць, — адзначыў Аляксей Янукевіч.

Лідэр Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч упэўнены, што 25 Сакавіка трэба адзначаць на нацыянальным узроўні:

— Я ведаю, што Дзень Волі ў свабоднай Беларусі будзе дзяржаўным святам. Не было б БНР, сёння не было б Рэспублікі Беларусь. Мы павінны святкаваць гэтае свята не толькі на палітычным узроўні. Гэта дзень усіх тых, хто ўсведамляе сябе беларусам, любіць сваю краіну. Улада не абароніць незалежнасць, бо яна змагаецца толькі за захаванне самой сабе. І калі зараз пагроза страты палітычнага суверэнітэту трохі зменшылася, пагроза страты эканамічнай незалежнасці ўзмацнілася. Не будзе эканамічнага суверэнітэту — не будзе ні свабоды, ні мовы, ні нацыі. Гэты дзень вельмі важны гістарычна і яго адзначэнне сёння важнае як ніколі. Людзі, якія любяць сваю краіну, гісторыю, разумеюць значэнне культуры і мовы, яны павінны прыйсці ў гэты дзень на святкаванне Дня Волі.

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі таксама заклікаў усіх далучыцца да святкавання 25 Сакавіка, каб гэты дзень стаў «сімвалам яднання беларускага народу». Сустаршыня БХД абвесціў пра пачатак збору подпісаў пад адкрытым зваротам да ўладаў з прапановай надаць ключавым у беларускай гісторыі датам 25 Сакавіка і 8 верасня статус дзяржаўнага свята. Паводле Віталя Рымашэўскага, асноўная мэта ініцыятывы — папулярызацыя звестак пра важныя гістарычныя падзеі сярод шырокага кола грамадства.

Віктар Івашкевіч у сваім звароце адзначыў, што за лепшую будучыню трэба змагацца. Без свабоды і дэмакратыі не будзе дабрабыту. Дамагчыся свабоды можна праз салідарнасць. Віктар Івашкевіч заклікаў усіх прыйсці 25 сакавіка на вуліцы Мінска і выказаць салідарнасць з палітычнымі вязнямі, журналістамі, якіх пераследуюць за слова праўды, беларускімі палякамі, чыю арганізацыю знішчаюць, са свабоднымі прафсаюзамі, якіх выганяюць з прадпрыемстваў, з прадпрымальнікамі, усімі хто церпіць уціск з боку ўладаў.

Прадстаўнікі аргкамітэту паведамілі журналістам, што Аляксандр Казулін і Станіслаў Шушкевіч, якія не змаглі прысутнічаць на прэс-канферэнцыі, салідарызуюцца з агучанымі заявамі і таксама заклікаюць далучыцца да святкавання Дня Волі неабыякавых грамадзян краіны

Адказваючы на пытанне наконт праграмы свята, Аляксей Янукевіч паведаміў, што яна ўключае выступы музыкаў, бардаў, паэтаў, прадугледжана яскравая візуалізацыя свята (будзе шмат сцягоў, балонікаў, кветак). Калі ўлады сілавымі метадамі не дазволяць ісці ў цэнтр горада, дзеянні арганізатараў будуць залежыць ад колькасці ўдзельнікаў святкавання і іх настрояў. Разам з тым Аляксей Янукевіч адназначна заявіў, што шэсця на Бангалор не будзе.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Дзень Волі

Апошнія навіны