Навіны Беларусь і Свет

Дзверы ў Еўранэст для Беларусі адчыняцца пасля наступных выбараў

Дзверы ў Еўранэст для Беларусі адчыняцца пасля наступных выбараў

2948 Праглядаў
Праўда, яны мусяць быць свабоднымі і дэмакратычнымі.

3 траўня нарэшце стартаваў доўгачаканы парламенцкі орган Усходняга Партнёрства — адбыўся ўстаноўчы сход Парламенцкай Асамблеі Еўранэст, але без Беларусі. Нагадаем, Еўрапарламент не прызнае беларускі парламент дэмакратычна абраным.

Доўгі час прапаноўваўся альтэрнатыўны варыянт, каб у Еўранэст увайшлі не 10, а 5 беларускіх дэпутатаў, а астатнія пяць месцаў занялі прадстаўнікі апазіцыі. Але афіцыйны Мінск катэгарычна настойваў на 10 месцах, як і ва Ўкраіны, Малдовы, Азербайджана, Грузіі і Арменіі.

Вось што ў інтэрв’ю тэлеканалу «РТР-Беларусь» казаў прэс-сакратар беларускага Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных менш чым два месяцы таму:

«Сапраўды, гучалі прапановы пачаць працу Еўранэста без Беларусі. Але гэта не больш як прапановы асобных дэлегацый, а нават асобных палітыкаў. Ніякага рашэння аб запуску Еўранэста ў такім фармаце прынята не было».

Аднак Еўрапарламент прыняў рашэнне аб запуску Еўранэста без Беларусі яшчэ ў лютым.

Па словах старшыні Дэлегацыі Еўрапарламента ў Еўранэсце Крысціяна Вігеніна, стандарты правядзення апошніх прэзідэнцкіх выбараў, жорсткі разгон акцыі пратэсту і наступныя рэпрэсіі сталі апошняй кропляй. Але назаўжды дзверы ў Еўранэст для нашай краіны не зачыняюцца — да наступных свабодных парламенцкіх выбараў:

«Еўрапарламент і парламенты краін гатовыя і далей супраўнічаць з Беларуссю, каб і яна як мага хутчэй далучылася да Асамблеі. Пасля наступных свабодных выбараў мы запросім беларускіх парламентарыяў заняць месцы ў Еўранэсце».

Паводле Крысціяна Вігеніна, абранага састаршынём Еўранэста разам з украінскім дэпутатам Барысам Тарасюком, спецыяльная працоўная група, створаная пры Еўранэсце, будзе дапамагаць беларускім уладам правесці наступныя парламенцкія выбары ў адпаведнасці з дэмакратычнымі стандартамі.

Ежы Бузэк на адкрыцці Еўранэста таксама падкрэсліў, што дэпутаты з Беларусі ў парламенцкім органе вітаюцца, але толькі калі яны будуць абраныя на свабодных і сумленных выбарах. Па словах старшыні Еўрапарламента, трэба, каб Еўранэст быў рэальнай, а не віртуальнай арганізацыяй:

«Еўранэст — гэта не пустыя словы, за ім мусяць стаяць канкрэтныя справы. Як мага хутчэй павінны быць эканамічныя вынікі, бо грамадзяне нашых краін чакаюць дабрабыта!»

Спрыяць гэтаму будуць створаныя пры Еўранэсце камітэты: па палітычных пытаннях, эканамічных, па энэргетычнай бяспецы, а таксама па культуры ды адукацыі, перадае Еўрарадыё.

Нагадаем, Еўранэст — гэта парламенцкі орган ініцыятывы Ўсходняе Партнёрства. Яна створаная Еўрасаюзам у 2009 годзе для збліжэння з усходнееўрапейскімі краінамі.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны