Навіны Навіны Руху

Мілінкевіч: Беларусь ператварылася ў асаджаную казарму

Мілінкевіч: Беларусь ператварылася ў асаджаную казарму

3533 праглядаў
«Рэжым крыўдуе і злуецца амаль на ўвесь свет. Апрача такіх самых рэжымаў-парыяў. Беларусь ператварылася ўжо нават не ў асаджаную крэпасць, а ў асаджаную казарму з салдафонскімі манерамі», — такім чынам лідар Руху «За Свабоду» пракаментаваў скандальныя заявы Аляксандра Лукашэнкі зробленыя 26 красавіка.

У прыватнасці, на пытанне, чаму ён не прысутнічаў ва Украіне на мерапрыемствах, прысвечаных 25-годдзю аварыі на ЧАЭС, Аляксандр Лукашэнка параіў звярнуцца па адказ да прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча:

«Вы задайце гэтае пытанне Януковічу — чаму беларускі прэзідэнт не прысутнічае на іх мерапрыемствах. Гэта вы ў іх запытайце. На жаль, вашывасці хапае ў цяперашняга кіраўніцтва Украіны».

«Напрошвацца я ні да каго не збіраюся. І быць нейкім падпявалам я таксама не збіраюся ні ў аднаго прэзідэнта, ні ў другога», — сказаў Лукашэнка.

Пракаментаваў ён і пазіцыю кіраўніка Еўракамісіі Жазэ Барозу, які ў сакавіку заявіў, што не прыедзе на міжнародную канферэнцыю па чарнобыльскіх пытаннях у Кіеў, калі там будзе прысутнічаць беларускі прэзідэнт.

«Што тычыцца такіх казлоў, як Барозу... Ну, быў нейкі Барозу ў Партугаліі, выгналі яго і ўладкавалі ў Еўракамісію. Я менш гляджу, хто там дзе ляпнуў з еўрапейскіх чыноўнікаў», — сказаў Лукашэнка.

«Вось і з Украінай улада пасварылася, прычым у такі жалобны дзень. Што да абразаў у бок Барозу, то гэта проста па-за межамі прыстойнасці», — кажа Аляксандр Мілінкевіч.

«Такімі сваімі паводзінамі кіраўнік краіны ганьбіць цэлую нашу дзяржаву і цэлы народ. Разам з тым хамства падкрэслівае адчай, ілюструе, што гэтая мадэль кіравання ўжо не толькі не мае перспектываў, але і ставіць Беларусь на мяжу выжывання, — лічыць лідар Руху „За Свабоду“. — Небяспека ў тым, ва ўмовах усур’ёз пагражаючага банкруцтва ўлада перабывае ў стане паталагічнай неадэкватнасці і спрабуе тактычна хітраваць. Не адчувае моманту адказнасці і стратэгічнага выбару. Гэта можа прывесці да здачы эканамічнага суверэнітэту і пераўтварэння краіны ў правінцыю ўсходняй неаімперыі».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны