Навіны Навіны Руху

Рада БНБ вызначылася з працэдурай абрання адзінага кандыдата

Рада БНБ вызначылася з працэдурай абрання адзінага кандыдата

3107 Праглядаў
Падчас паседжання Рады абмеркавана пытанне далучэння да БНБ «Еўрапейскай кааліцыі» і разгледжаны шляхі вызначэння кандыдата ў прэзідэнты ад Блоку.

На паседжанні заслухана пазіцыя госця Рады БНБ Міколы Статкевіча, які выступіў з ініцыятывай аб далучэнні суб’ектаў «Еўрапейскай кааліцыі» да Беларускага Незалежніцкага Блоку. Аднак, высветлілася, што не ўсе ўдзельтнікі ЕК (у прыватнасці кіраўніцтва Партыі Свабоды і Прагрэсу) ведаюць пра гэтую ініцыятыву.

Паколькі ініцыятыва Міколы Статкевіча на дадзены момант не ўзгоднена з усімі суб’ектамі «Еўрапейскай кааліцыі», Рада БНБ не змагла прыйсці да адзінага рашэння адносна гэтай прапановы.

Другім пунктам паседжання Рады было абмеркаванне праектаў працэдуры абрання адзінага кандыдата ад БНБ. (Раней меркавалася, што працэдура будзе зацверджана да 1 чэрвеня.) На разгляд былі вынесены праекты, якія падрыхтавалі Рух «За Свабоду», БХД, Партыя БНФ і «Малады Фронт». Неабходнай колькасцю галасоў (шэсць з васьмі сябраў Рады) была падтрымана працэдура, прапанаваная ПБНФ.

Гэтая працэдура ўтрымлівае ключавыя моманты з праектаў іншых удзельнікаў Блока. Адзіны кандыдат будзе вызначацца паводле распрацаваных крытэраў. Ацэнку кандыдата будуць рабіць калегіі выбарцаў, якія мяркуецца стварыць ва ўсіх абласцях Беларусі і горадзе Мінску з ліку рэгіянальных актывістаў арганізацый, якія вылучаюць свайго кандыдата. Вынікі падвядзе падліковая камісія, у якую ўвойдуць па аднаму прадстаўніку ад суб’ектаў БНБ.

БХД і Малады Фронт пакуль не гатовыя прыняць праект ПБНФ, як канчатковы варыянт і прапануюць узяць яго за аснову з магчымасцю далейшых зменаў і дапаўненняў. Нягледзячы гэта, паводле намесніка старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча, структуры, якія не маюць пярэчанняў супраць працэдуры прынятай Радай БНБ, могуць пачынаць працу па вылучэнню адзінага кандыдата.

— Вельмі добра, што БНБ фактычна вызначыўся з працэдурай вылучэння адзінага кандыдата. Рух «За Свабоду» меў трохі іншае бачанне, але ў выніку мы пагаджаемся з працэдурай, прапанаванай Партыяй БНФ. Паводле яе, разгляд кандыдатур і галасаванне па іх павінна адбыцца цягам месяца. Працэдура дае магчымасць найлепшым чынам улічыць меркаванне рэгіянальных актывістаў, на якіх і прыпадзе асноўны цяжар кампаніі, — лічыць намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны