Навіны Беларусь і Свет

У Беларусі засудзілі «карту паляка»

У Беларусі засудзілі «карту паляка»

2987 Праглядаў
Канстытуцыйны суд Беларусі разгледзеў па прапанове Палаты прадстаўнікоў закон Польшчы «Аб карце паляка» і прыйшоў да высновы, што асобныя яго нормы не адпавядаюць некаторым нормам міжнароднага права.

Прыняты польскім парламентам закон аб «карце паляка» дзейнічае з 2008 года. Карта пацвярджае прыналежнасць этнічных палякаў, якія жывуць у СНД і Прыбалтыцы, да польскай нацыі і дае ім ільготы ў афармленні візаў пры наведванні Польшчы, а таксама гарантуе падтрымку пры вядзенні бізнэсу, працаўладкаванні і паступленні на вучобу ў Польшчы. Як сцвярджае старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка, у гэтым законе закладзены палажэнні, якія супярэчаць міжнародным нормам і не адпавядаюць прынцыпам добрасуседства. Таму беларускі бок і накіраваў яго ў Канстытуцыйны суд, які ўпершыню мае выкласці пазіцыю наконт дакумента замежнай дзяржавы.

У амбасадзе Польшчы ў Беларусі не каментуюць пачатак працэсу ў Канстытуцыйным судзе. Там кажуць, што «карту паляка» ніхто не збіраецца адмяняць.

Першы сакратар амбасады Польшчы Павал Марчук кажа:

«Польшча — гэта суверэнная дзяржава, і для нас меркаванне Канстытуцыйнага суду Беларусі не мае ніякай моцы. То бок можна, вядома, адзначыць пэўную думку беларускага боку, але гэта не абавязковае для нас рашэнне».

Палітолаг, дарадца старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец у інтэрв’ю радыё «Свабода» назваў працэс над «картай паляка» паказальным:

«Улады пайшлі на такі паказальны працэс, каб паказаць сённяшнюю сваю антыпольскасць і проста параздражняць афіцыйную Варшаву. Заўсёды, калі ўнутры краіны справы ідуць кепска, то недэмакратычная ўлада шукае знешняга ворага, а не прызнаецца, што яна вінаватая ў тым, што адбываецца ў краіне. На фоне эканамічнага крызісу лепш знайсці знешняга ворага і казаць, што яны ва ўсім вінаватыя. Гэта працяг антызаходняй кампаніі беларускіх уладаў. А заходні вораг нумар адзін для беларускіх уладаў — гэта Польшча».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны